Назіральнікі: Гэтыя выбары – беспрэцэдэнтныя паводле маштабу парушэнняў


Кампанія «Права выбару», якая аб’ядноўвае восем палітычных партый і грамадзянскіх структур, фіксуе беспрэцэдэнтную колькасць парушэнняў падчас датэрміновага галасавання. Толькі ў першы дзень назіральнікамі было зафіксавана 472 выпадкі парушэнняў.

Hавiны
Яўку завысілі ў 6 разоў: першы дзень датэрміновага галасавання на адным з участкаў Менску
2020.08.05 13:50
Абвестка на адным з участкаў у Менску.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Амаль палова парушэнняў (49,3 %) – нядопуск акрэдытаваных назіральнікаў у памяшканні для галасавання. Маюцца таксама несупадзенні колькасці зафіксаваных выбарнікаў у пратаколах камісій з колькасцю людзей, якія ўвайшлі на выбарчы ўчастак. Незалежныя назіральнікі зафіксавалі таксама неналежнае захаванне скрыняў для галасавання, ёсць факты змушэння выбарнікаў галасаваць датэрмінова, прыклады перашкодаў праводзіць назіранне, выдаленне назіральнікаў з выбарчых участкаў, адмовы ў акрэдытацыі.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

«Гэтыя выбары – беспрэцэдэнтныя паводле маштабу парушэнняў, пра гэта можна казаць ужо зараз, – кажа Ігар Барысаў, кіраўнік партыі БСДП, якая ўваходзіць у склад кампаніі «Права выбару». – Калі мінулым разам за ўвесь перыяд галасавання было зафіксавана 700 выпадкаў парушэнняў, то зараз толькі ў першы дзень – 472. Прычым, гэтыя парушэнні набываюць усё больш грубыя і адкрытыя формы».

Hавiны
У Магілёве з участкаў масава выдаляюць незалежных назіральнікаў
2020.08.05 12:19

«На наступныя выбары будуць стаяць людзі са зброяй»

Ігар Барысаў прыводзіць прыклады: на шэрагу выбарчых участкаў кабінкі для галасавання адкрытыя, без якіх-небудзь занавесак ці шторак. А гэта парушэнне таямніцы галасавання.

«Такога абсурду не было ніколі. Уражанне, што, калі пры гэтай уладзе будуць праходзіць яшчэ адны выбары, то на выбарчых участках ужо будуць стаяць людзі са зброяй і паказваць у бюлетэні за каго галасаваць. Калі я гэта кажу, то зусім не жартую – гэта прыклад адной з афрыканскіх краінаў, дзе ў кабінках стаяць вайскоўцы са зброяй і сочаць за галасаваннем», – распавядае спадар Барысаў.

Hавiны
Берасцейскіх назіральнікаў у першы дзень датэрміновага галасавання адправілі на вуліцу
2020.08.05 13:22

Паводле назіральніка, сённяшні рэжым як ніколі разумее, што не мае падтрымкі, што маральна прайграў грамадству. А вакол альтэрнатыўнага кандыдата назіраецца моцная салідарнасць у грамадстве.

«Візуальна складаецца ўражанне, што сёлета выбарчая кампанія пераўзыходзіць нават першыя прэзідэнцкія выбары 1994 года паводле такой масавай падтрымкі апанента Лукашэнкі. Калі 10-20 тысячныя мітынгі адбываюцца ў рэгіёнах, то гэта ўжо пэўны зрэз грамадства. І мітынгі – толькі верхавіна гэтага айсберга», – упэўнены Ігар Барысаў.

У якасці прыклада суразмоўца прыводзіць выступ Аляксандра Лукашэнкі 4 жніўня.

«Гэта ўжо не той дыктатар. І ён разумее, што яму трэба любым коштам утрымаць уладу і датрымаць да таго часу, каб паспрабаваць перадаць яе сваім сынам ці камусьці са свайго блізкага атачэння, каб забяспечыць будучыню сабе і сваёй сям’і. Але гэтая дынаміка, якая распачалася, яна ня скончыцца для ўладаў выбарамі 9 жніўня і падлікам галасоў. Грамадства ўзрушылася, яно будзе дамагацца канчатковай адстаўкі гэтай улады», – кажа Ігар Барысаў.

Hавiны
Лукашэнка звярнуўся да беларусаў: Беларусь – наша, любімая. А любімую не аддаюць!
2020.08.04 13:00

Чальцы кампаніі «Права выбару» склалі каля 300 скаргаў ва ўчастковыя і раённыя выбарчыя камісіі па выніках першага дня датэрміновага галасавання.

«Абсалютна непразрысты працэс»

Назіранне за хадою галасавання таксама праводзіць кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Чальцы кампаніі адзначаюць шматлікія факты прымусовага датэрміновага галасавання, пазбаўлення акрэдытацыяў і масавага затрымання незалежных назіральнікаў на выбарчых участках.

Hавiны
Затрыманы адзін з кіраўнікоў «Сумленных людзей» Шапаткоўскі
2020.08.05 14:52

«Заўсёды было шмат нараканняў на датэрміновае галасаванне, але гэтым разам гэта абсалютна непразрысты працэс: назіральнікі фактычна пазбаўленыя магчымасці сачыць за хадою выбарчага працэсу. І гэтым разам датэрміновае галасаванне парушае нават усе тыя нормы, якія ўтрымлівае цяперашняе недэмакратычнае і недасканалае выбарчае заканадаўства. Хада цяперашняй кампаніі не адпавядае нацыянальнаму заканадаўству і ўсім міжнародным нормам», – канстатуе прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.

Hавiны
Парушаюць грамадскі парадак. Лідзія Ярмошына пракаментавала затрыманні назіральнікаў
2020.08.05 18:58

Галіна Абакунчык Belsat.eu

Стужка навінаў