У судзе дапытваюць чыноўніка Менгарвыканкаму – уладальніка браніраванага Mercedes-Benz 600


2 жніўня ў Менскім абласным судзе пачаўся допыт 13 абвінавачаных (11 жанчын) па справе экс-кіраўніка Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргея Барысевіча.

Сяргею Барысевічу прад’яўленыя абвінавачанні па чч. 1, 2 і 3 арт. 430 (атрыманне хабару), арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) і арт. 16 (саўдзел у злачынстве) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Абвінавачанне Барысевічу зачытвалі больш за дзве з паловай гадзіны, паведамляе tut.by. У ім дзясяткі эпізодаў хабару ад дырэктараў камбінатаў школьнага харчавання з розных раёнаў Менску.

Агульная сума хабару каля Br 170 000, прынамсі, гэтак цвердзіць следства па выніках правярання Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку па Менску.

На допытах і ў судзе Барысевіч заявіў, што не атрымліваў хабар. А на пытанні аб кадравых зменах і перастаноўках у ягоным ведамстве адказваў, што нічога не памятае. Не ўспомніў Барысевіч і пра абставіны набыцця браніраванага Mercedes-Benz 600, які ён набыў супольна з грамадзянінам Аляксандрам Касоўскім.

На пытанне, якім чынам чыноўнік набыў два аўтамабілі (Pajero і Mercedes-Benz ML 350), кватэру на праспекце Пераможцаў ды матацыкл Harley Davidson, Барысевіч растлумачыў, што кватэру набыў у крэдыт, адну машыну набыў цесць, а на другую ён назбіраў сам, а матацыкл належыць жонцы ягонага сябра.

Разгляд справы ў судзе пачаўся 30 чэрвеня.

ЮВ, belsat.eu

Фота – Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары