Назарбаеў прапанаваў кіруючай партыі вылучыць Такаева на прэзідэнцтва


Экс-прэзідэнт Казахстану і лідар кіруючай партыі «Нур Атан» Нурсултан Назарбаеў падчас з’езду прапанаваў вылучыць Касым-Жамарта Такаева кандыдатам на прэзідэнта краіны на пазачарговых выбарах. Пра гэта паведамляе Tengrinews.

«Новаму кіраўніцтву будзе аказаны высокі давер народу. Як старшыня партыі, я выношу на разгляд кандыдатуру Касым-Жамарта Такаева. У якасці старшыні Сенату ён унёс вялікі ўклад у развіццё парламентарызму. Усе гэтыя гады ён быў верным маім паплечнікам», – заявіў Назарабаеў аднапартыйцам.

Касым-Жамарт Такаеў узначальвае Казахстан пасля сыходу Назарбаева ў адстаўку ў канцы сакавіка, нагадвае РБК. 9 красавіка Такаеў абвясціў пра намер правесці пазачарговыя прэзідэнцкія выбары праз два месяцы – 9 чэрвеня 2019 года.

Назарбаеў назваў Такаевым «годным на сённяшні дзень кандыдатам на гэтую вышэйшую пасаду ў краіне», прыводзіць словы палітыка Nur.kz. Экс-прэзідэнт нагадаў і пра заслугі Такаева ў дыпламатычнай сферы.

«Ён адзін з тых, хто пачаў разам са мной будаваць вонкавую палітыку краіны, многія гады ўзначальваў МЗС Рэспублікі Казахстан», – сказаў ён.

У кіруючай партыі 84 з 107 месцаў у Мажлісе краіны. У 2016 годзе на парламенцкіх выбарах «Нур Атан» атрымала 82,15 % галасоў.

Hавiны
Касым-Жамарт Такаеў уступіў на пасаду прэзідэнта Казахстана
2019.03.20 08:46

СК belsat.eu

Стужка навінаў