Назад у 1944. У гадавіну сталінскага генацыду крымскія татары ізноў зазнаюць рэпрэсіі


18 траўня мінае 75 гадоў з часоў дэпартацыі Крымскіх татараў – этнічнай чысткі, зладжанай і праведзенай за тры дні на загад Іосіфа Сталіна. У 1944 годзе ўвесь крымскататарскі народ гвалтоўна перасялілі з гістарычнай радзімы. У таварных вагонах жыхароў Крыму дэпартавалі ў аддаленыя рэгіёны Савецкага саюзу. Пад час высялення і ў першыя гады пасля выгнання крымскіх татараў загінуў кожны другі. У 2015 годзе Украіна афіцыйна прызнала дэпартацыю 1944-га генацыдам. Сёння Крым знаходзіцца пад расейскай акупацыяй, а крымскія татары ізноў зазнаюць рэпрэсіі з боку Расеі.

Напярэдадні жалобнай даты грамадскія арганізацыі «КрымSOS», «Truth Hounds» і Міжнароднае партнёрства па правах чалавека прэзентавалі вынікі праведзенага ў Крыме маніторынгу. Ён датычыўся рэйду ператрусаў і затрыманняў сёлета 27 сакавіка. У гэты дзень дзясяткі расейскіх сілавікоў у масках выбівалі дзверы, пранікалі ў памяшканні, акружалі цэлыя паселішчы. У выніку 23 крымскататарскія актывісты былі затрыманыя, а сама акцыя стала найбольш маштабнай з пачатку акупацыі.

Удзельнік фестывалю крымскататарскага фальклору ў Бахчысараі. 4 траўня 2019 году. Фота Sergei Malgavko/TASS

Таміла ТашаваPR менеджарка, праваабаронца, крымская татарка. Яна жыве ў Кіеве і адсюль намагаецца дапамагаць усім, хто зазнае рэпрэсіі. «КрымSOS», арганізацыя, якой кіруе Таміла, была ўтвораная ў першы дзень акупацыі ў 2014 годзе і ўвесь час аказвае прававую і гуманітарную дапамогу асобам з анексаванага Крыму ды акупаванага Данбасу.

Таміла Ташава

Спадарыня Таміла, раней вы казалі, што часова кінулі справы дзеля «Крым SOS». Сітуацыя ў Крыме не абяцае вырашыцца хутка. Ці можна сказаць, што цяпер «Крым SOS» і стаў справай вашага жыцця?

Ведаеце, у маёй дзейнасці эгаістычная мэта. На вялікі жаль, з 2014 году я не была ў Крыме, я не магу туды ездзіць. Але там засталіся мая сястра, пляменнікі, бабуля, бацькі, людзі, між якіх я расла і выхоўвалася. І я вельмі хачу патрапіць у Крым! Разам з тым, я добра ўсведамляю, што, пакуль там Расея, я гэтага зрабіць не магу.

Я разумею, што гэты перыяд можа трываць нашмат даўжэй, чым нам хацелася б. Але я ўпэўненая, што ў сваім жыцці – няхай праз 5, 10 ці праз 20 гадоў (спадзяюся, усё ж менш) – я яшчэ ў Крым патраплю, убачу родныя мясціны і далейшае жыццё буду будаваць ужо ва ўмовах вольнага Крыму.

Вашыя спадзевы на ўкраінскі Крым падзяляюць крымскія татары, якія зараз жывуць на паўвостраве і адчуваюць ціск?

Крымскія татары, вядома ж, спадзяваліся на хутчэйшае вяртанне паўвострава Украіне і спачатку яны не адчувалі ў сабе сілаў жыць ва ўмовах расейскай акупацыі. Але тут нават не ў тым справа, што да ўсяго прывыкаеш. Проста ты прыстасоўваешся жыць у тых умовах, якія ёсць. Мы свой народ параўноўваем з ластаўкамі – мы заўжды вяртаемся дадому. У нашай гісторыі было нямала старонак пра вымушаны выезд з Крыму, пазбаўленне Радзімы. Гэта і 1783 год, калі Крым упершыню анексавала Кацярына ІІ. Тады фактычна адбылося знішчэнне Крымскага ханства – вялікай дзяржавы, з якой мелі адносіны еўрапейскія краіны.

Напачатку ХХ стагоддзя мы здабылі сваю фактычную аўтаномію, Крымскую народную рэспубліку. Пасля гэтага надышла новая хваля рэпрэсіяў супраць крымскіх татараў, а ўся інтэлігенцыя была знішчаная. У 1944 годзе 150 тысячаў (паводле іншых дадзеных, ад 180 да 423 тысячаў, – заўвага «Белсат») татараў былі гвалтоўна вывезеныя з тэрыторыі паўвострава.

Зараз ізноў такая сітуацыя, мы ўвесь час у працэсе. Часта гучыць пытанне: чаму крымскія татары папросту не пакінуць паўвостраў? Маўляў, вас жа проста знішчаць урэшце. Гэта і складанае пытанне, і простае. Іншай Радзімы няма. Украіна наша вялікая Бацькаўшчына, а малая – Крым. Там жа нашыя карані. Таму намаганне жыць на сваёй зямлі, хоць і пад акупацыяй, гэта не прыстасаванства.

Расея сёння не дэпартуе, але маргіналізуе крымскіх татараў, стварае імідж нейкіх тэрарыстаў, ворагаў. Ці іншыя жыхары Крыму паддаюцца гэтай прапагандзе?

Так. Рэшта насельніцтва часта не ведае пра тое, якія рэчы адбываюцца. Па расейскіх тэлеканалах кажуць, што ў Крыме ўсё добра, усё будуецца, турызм ідзе. Людзі, зразумела ж, адчуваюць, што і з турызмам праблема, што яны не зарабляюць, а ў крамах усё даражэе, медыцына кепская і г.д. Разам з тым па тэлебачанні паказваюць: «вось, нейкіх тэрарыстаў затрымалі». Толькі ім не паказваюць рэальную карцінку, што людзі стаяць пад судамі, па якіх прычынах. Рэальную карціну бачаць тыя, хто глядзіць украінскае тэлебачанне, але іх вобмаль. У асноўным жыхары Крыму перакананыя, што ў іх усё добра, а поўнаму паразуменню перашкаджаюць дрэнныя ўкраінцы, што прыязджаюць з дыверсіямі ды шпіёнскімі мэтамі, ды крымскія татары, якія хочуць іх падарваць ды расстраляць.

Святкаванне дня Перамогі ў Севастопалі. 9 траўня 2019 г. Фота Sergei Malgavko/TASS

Для крымскіх татараў Расея заўжды застаецца варожай краінай, якая цягам некалькіх стагоддзяў ажыццяўляла супраць нас акты рэпрэсіяў. Таму крымскія татары не ўспрынялі Расейскую Федэрацыю. Ніякага пакаяння з нагоды акту дэпартацыі, падзеяў XVIII стагоддзя ніколі не было.

Зараз можна пачуць думку, што Украіна з анексіяй змірылася. Вас гэта раздражняе?

Ну як сказаць, змірылася. Увосень мінулага года праводзілася даследаванне грамадскай думкі на тэму Крыму. Як грамадзяне Украіны ставяцца да Крыму, ці гатовыя, умоўна кажучы, аддаць гэтыя тэрыторыі за мір на Данбасе і г.д. І больш за 50 % рэспандэнтаў сказалі, што яны не гатовыя. На вялікі жаль, пытанне Крыму не стаіць у шэрагу галоўных у інфармацыйнай прасторы. Паводле дадзеных Нацыянальнай рады з тэлебачання і радыё, толькі каля 0,2 % навінаў на тыдзень – пра Крым. Гэта надзвычай мала.

Аднак у рыторыцы кандыдатаў на прэзідэнта Крым гучаў.

Насамрэч вельмі мала ў каго. Зяленскі пару разоў казаў, але вельмі ўскосна. У ягонай праграме амаль нічога не было, там казалася пра вяртанне Крыму палітыка-дыпламатычным шляхам. Парашэнка як гарант Канстытуцыі ды асоба, адказная за вонкавую палітыку, пра гэта гаварыў шмат, у тым ліку на міжнародных пляцоўках. Спадзяюся, Зяленскі пяройме гэтую практыку, будзе сустракацца і з крымскімі татарамі. Гэта неабходна, бо, як бачым, рэпрэсіі супраць нас будуць працягвацца.

Яўгенія Андрэюк, беларуска, праваабаронца ды колішняя супрацоўніца «КрымSOS», распавядае:

У «КрымSOS» я прыйшла ў 2014 годзе, калі працавала над даследаваннем для сваёй магістарскай працы пра валанцёрскія ініцыятывы ва Украіне падчас рэвалюцыі ды ўзброенага канфлікту.

Офіс «КрымSOS» тады знаходзіўся ў невялікім памяшканні на Бесарабскай плошчы, і адзіны пакой быў поўнасцю завалены гуманітарнай дапамогай перасяленцам з Усходу ды Крыму. Пакуль я праводзіла інтэрвю з Тамілай, прыходзілі людзі, якія прыносілі дапамогу, і прыходзілі людзі, якім выдавалі гэтую дапамогу.

Пры гэтым каманда была маленькая, складалася амаль уся з маладых дзяўчат, якія рабілі неверагодныя рэчы: знаходзілі жытло сотням сем’яў-перасяленцаў, выдавалі гуманітарную дапамогу дзясяткам людзей, 24/7 давалі кансультацыі па гарачай лініі. Той перыяд, 2014 год, быў «перыядам цудаў», як я яго называю. Аднаго допісу ў Фэйсбуку было дастаткова, каб знайсці дапамогу людзям, якія гэтага патрабавалі. Людзі вельмі хутка рэагавалі і дапамагалі, але ўжо напачатку 2015 гэтая хваля пачала спадаць.

Яўгенія Андрэюк

Я добра памятаю 18 траўня 2015 году. Я стаяла на Майдане падчас жалобнага мітынгу, глядзела на блакітныя крымскататарскія сцягі і асэнсавала, што крымскататарская гісторыя і наша, беларуская, вельмі падобныя.

Толькі калі ў нас Савецкі саюз сціраў ідэнтычнасць праз рэпрэсіі, знішчэнне культуры, мовы, нацыянальных элітаў, то крымскіх татараў дэпартавалі. Гэткія лёсы ўсіх «малых» народаў у Савецкім саюзе. Але барацьба крымскіх татараў паспяхова скончылася – яны дамагліся таго, каб вярнуцца ў Крым. І вяртанне гэтае было вельмі цяжкім, як я ўжо даведалася пасля ад сваіх сяброў.

Крымскім татарам не давалі зямлю, не бралі на працу, не было дзе жыць, як зарабіць. І вось напачатку 2000-х больш-менш усё стала ўладкоўвацца. Але 2014 адкінуў іх назад да 1944. Гэтым разам яны аказаліся на сваёй зямлі, але зноўку пад уладай Расеі. І менавіта гэты, часткова беларускі роздум пра барацьбу з імперыяй і акупацыяй матываваў мяне і матывуе дапамагаць крымскім татарам.

Hавiны
«Коммерсантъ FM»: беларускі «Крымнаш» усё бліжэй
2019.04.15 20:19

Адэля Дубавец belsat.eu

Стужка навінаў