Навукоўцы высветлілі, што рэанімаваць чалавека лепш за ўсё пад песню «Макарэна»


Песні ў літаральным сэнсе могуць уратаваць жыццё. Іспанскія навукоўцы правялі даследаванне і высветлілі, што для ненаўпроставага масажу сэрца найлепш пасуе гіт «Макарэна».

У эксперыменце ўзялі ўдзел 164 студэнты-медыкі. Цягам дзвюх хвілінаў яны рабілі масаж сэрца на трэнажоры. Адна група студэнтаў ужывала смартфон з метраномам, каб не збівацца з рытму. Іншая ж група пела «Макарэну», трэцяя проста падлічвала націскі.

Правільны рытм змаглі захаваць 91 % студэнтаў, якія карысталіся смартфонам, сярод тых, хто спяваў «Макарэну» і не збіўся – 74 %. І толькі 21 % студэнтаў, якія падлічвалі націскі, змаглі захаваць рытм пры ненаўпроставым масажы сэрца.

Навукоўцы кажуць, што такі вынік дасягнуты дзякуючы там, што песня мае рытм, які неабходны для рэанімацыі.

«Гэта самая вядомая песня ў Іспаніі, і, верагодна, адна з самых вядомых у свеце. Рытм яе прыпеву роўны 103 ударам у хвіліну, гэта правільны рытм для выканання націскаў», – кажа прафесар Універсітэту Барсэлоны Энрыке Карэра.

Некалькі гадоў таму працаўнікі British Heart Foundation зрабілі відэа, у якім актор Віні Джоўнз вучыць рабіць ненаўпроставы масаж сэрца. Каб дакладна падлічць рытм, ён таксама выкарыстоўвае песню, але не «Макарэну», а «Staying Alive» брытанскага гурта Bee Gees.

Калі ж вам не падабаецца ані «Макарэна», ані «Staying alive», то навукоўцы раяць абраць любую песню, але з такім жа рытмам.

ГА, belsat.eu паводле The Guardian

Стужка навінаў