Навучанне пасля канікулаў: ідзем у школу ці сядзім дома?

Ці завершацца 20 красавіка працяглыя вакацыі для школьнікаў – пакуль не вядома. Мінадукацыі Беларусі не агучвае падрабязнасцяў. У сваю чаргу ў сацыяльных сетках бацькоўскія камітэты задаюць пытанні, ці пойдуць у школу дзеці, і ці ёсць тэхнічныя магчымасці для дыстанцыйнага навучання.

Вясеннія канікулы сёлета зацягнуліся. Дзеці павінныя былі пайсці ў школу яшчэ 6 красавіка. Але адпачынак працягнулі да 18 чысла. У Мінадукацыі адзначаюць, што пасля канікулаў рыхтуюцца да розных варыянтаў, у залежнасці, як будзе развівацца сітуацыя, таму рашэнне па далейшую арганізацыю адукацыйнага працэсу абяцаюць прыняць у бліжэйшы час з улікам усіх рэкамендацыяў Міністэрства аховы здароўя.

Мінздароўя: У Беларусі 4 204 выпадкі інфікавання каронавірусам, 40 чалавек памерлі

Падчас онлайн-канферэнцыі, прысвечанай арганізацыі навучальнага працэсу, прагучала, што Мінадукацыі падрыхтаванае да розных варыянтаў.

«Мы цяпер кажам, што ў прынцыпе ўсё магчыма. Нават абмяркоўвалі фізкультуру, што ёсць магчымасць навучацца аддалена. Зноў жа звяртаем увагу: гэта пачалося не сёння і не ўчора. Настаўнікі і ўстановы адукацыі да гэтага гатовыя і ўжо працавалі ў гэтым накірунку на працягу пэўнага прамежку часу. Таму пытанняў быць не павінна з улікам спецыфікі канкрэтнай установы адукацыі, канкрэтнага дзіцяці, канкрэтнага настаўніка», – сказала Ірына Каржова, кіраўніца ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі.

У Берасці каронавірус выявілі ў дзіцяці

Бацькоўскія камітэты цяпер абмяркоўваюць, ці пойдуць дзеці ў школу 20 красавіка, ці ёсць тэхнічныя магчымасці для дыстанцыйнага навучання. У некаторых рэгіёнах нават задалі бацькам пытанне, ці не лічаць яны неабходным арганізацыю аздараўлення дзяцей у перыяд з 20.04 па 25.04 у прышкольным летніку.

Ліст з вайбер-каналаў бацькоўскага камітэту. Фота: Белсат

У летніку ў першай палове дня будзе ладзіцца навучанне, а пасля абеду – спартовыя мерапрыемствы.

«Гэта проста нейкая недарэчнасць. Канікулы наадварот працягнулі, каб ізаляваць дзяцей, а тут аздараўленчыя летнік прапаноўваюць. Дзіўная прапанова», – выказваюць сваё меркаванне бацькі школьнікаў.

У школьных чатах бацькі пішуць: не хапае інструментаў для дыстанцыйнага навучання, але ў школу пускаць дзяцей не гатовыя. Некаторыя наадварот настойваюць на наведванні навучальнай установы. У Менску некаторыя школы прапаноўваюць бацькам рэгістравацца ў сістэме на платформе schools.by.

Камунікаванне ў вайбер-чаце бацькоў школьнікаў. Фота: Белсат
Камунікаванне ў вайбер-чаце бацькоў школьнікаў. Фота: Белсат

Пры гэтым у кампаніі ТАА «Адукацыйныя сістэмы» нас запэўнілі ў тым, што сэрвіс Schools.by дазволіць школам якасна арганізаваць працэс аддаленага навучання.

«Schools.by гэта сучасны сэрвіс электронных журналаў і дзённікаў, які дазваляе арганізаваць у онлайн увесь адміністрацыйны працэс. Тут цэнтралізавана можна паглядзець расклад урокаў, выставіць ацэнкі, атрымаць хатняе заданне з прымацаваны матэрыяламі для самастойнага вывучэння, таксама наладжана форма зваротнай сувязі з настаўнікам для вучняў і іх бацькоў. Усе намаганні нашай каманды разам з партнёрамі зараз накіраваныя на тое, каб даць настаўнікам стабільны і камфортны сэрвіс для арганізацыі аддаленага навучання. Таксама хацелася б нагадаць усім пра тое, што ў Беларусі даўно ўжо распрацаваныя і з поспехам выкарыстоўваюцца спецыялізаваныя сэрвісы для дыстанцыйнага навучання, да прыкладу, такія як ЭФФОР і ЯКласс», – распавёў «Белсату» Сяргей Сукала, кіраўнік праекту schools.by.

У любым выпадку чыноўнікі падкрэсліваюць, што вучні, якія па заяве бацькоў не прыйдуць у школы, будуць навучацца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогіяў.

Школьныя канікулы ў Беларусі працягнулі яшчэ на тыдзень

СК belsat.eu

Hавiны