Навошта вагнэраўцы прыехалі ў Беларусь? Асноўныя версіі гучнай справы


Дзяржаўныя СМІ 29 ліпеня паведамілі пра затрыманне ў Беларусі 33 грамадзянаў РФ – прадстаўнікоў прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра (ПВК Вагнэра). Іх падазраюць у рыхтаванні тэрактаў. Але шмат хто ў Беларусі ставіць пад сумнеў тлумачэнне ўладаў. Belsat.eu сабраў і прааналізаваў асноўныя версіі падзеі.

Што вядома па стане на дзень 30 ліпеня?

Раніцай 29 ліпеня група «А» КДБ пры падтрымцы АМАП затрымала 32 баевіка «ПВК Вагнэра» ў санаторыі пад Менскам. Яшчэ адзін чалавек – Андрэй Бакуновіч – быў затрыманы ў Калінкавічах. Зброі пры іх не знайшлі.

Андрэей Бакуновіч (трэці злева) з сямʼёй у Калінкавічах.
Фота: «Аднакласнікі»

Як высветлілася, спачатку 32 вагнэраўца засяліліся ў менскі гатэль IBB, потым пераехалі ў санаторый «Беларусачка». ДзяржСМІ адзначаюць, што баевікі выклікалі падазрэнне адміністрацыі санаторыі незвычайнымі для расейскіх турыстаў паводзінам – яны не ўжывалі спіртнога, трымаліся асобна, усе хадзілі ў адзенні ў стылі мілітары.

33-й затрыманы – Андрэй Бакуновіч быў затрыманы асобна ў Калінкавічах. У 2018 годзе «Белсат» паведамляў пра тое, што Бакуновіч мае два пашпарты (РФ і РБ), ён ваяваў на Данбасе і, паводле дадзеных СБУ, уваходзіў у склад ПВК Вагнэра. Як распавяла belsat.eu сястра Бакуновіча, апошнія 3-4 гады ён жыў у Беларусі.

Hавiны
Сястра затрыманага баевіка ПВК «Вагнэра»: «Ён гады тры-чатыры жыве ў Беларусі»
2020.07.29 17:31

Аляксандр Лукашэнка назваў затрыманне баевікоў «надзвычайным здарэннем».

«Калі гэта расейскія грамадзяне (а я так разумею, іх дапыталі), значыць, трэба звярнуцца неадкладна ў адпаведныя структуры Расейскай Федэрацыі, каб яны патлумачылі, што адбываецца», – сказаў Лукашэнка.

Тэрміновая нарада ў Лукашэнкі пасля затрымання вагнэраўцаў.
Фота: president.gov.by

Дзяржсакратар Савету Бяспекі Андрэй Раўкоў заявіў, што агулам, паводле аператыўнай інфармацыі, на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца каля 200 баевікоў, але астатніх 167 яшчэ не знайшлі. Ён паведаміў журналістам, што распачатая крымінальная справа аб падрыхтоўцы тэрактаў.

Са словаў палітыка Андрэя Дзмітрыева, Раўкоў на сустрэчы з кандыдатамі ў прэзідэнты ў ЦВК таксама заявіў, што пад Псковым і Невелем фармуюцца яшчэ нейкія групоўкі баевікоў. Агулам Раўкоў распавёў кандыдатам пра небяспеку масавых мерапрыемстваў у цяперашніх умовах і высокую імавернасць правакацыяў.

ВІДЭА
Кандыдатаў на прэзідэнцтва папярэдзілі пра правакацыі. ВІДЭА
2020.07.30 09:55

Што такое ПВК Вагнэра?

ПВК Вагнэра – гэта дэ-факта засакрэчанае падраздзяленне расейскай арміі, якое выконвае адмысловыя баявыя задачы. І за паспяховае выкананне гэтых задачаў вагнэраўцы атрымліваюць дзяржаўныя ўзнагароды (у тым ліку Герой Расеі). Імаверна, ПВК Вагнэра непасрэдна падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню Генштаба Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі.

Прэзідэнт Расеі на сустрэчы з кіраўніцтвам прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Фота з групы ВК «Солдаты Удачи»

Паводле СМІ, фінансаванне ПВК ажыццяўляецца праз набліжанага да Пуціна расейскага алігарха Яўгена Прыгожына. База ПВК Вагнэра знаходзіцца ў Молькіна (Краснадарскі край РФ).

Няглядзячы на шматлікую інфармацыю пра сувязі ПВК Вагнэра з Крамлём, афіцыйны Менск пакуль не выступіў з адкрытымі абвінавачваннямі ў бок Масквы. Лукашэнка на нарадзе падкрэсліў, што не мае намеру «агаварыць блізкую нам краіну». Хаця ўсе затрыманыя з’яўляюцца грамадзянамі РФ у МЗС Беларусі былі выкліканыя і амбасадар Расеі, і амбасадар Украіны. Раўкоў заявіў, што кантроль будзе ўзмоцнены па ўсёй мяжы і толькі «у тым ліку на мяжы з Расеяй». Нарэшце, БТ, распавядаючы пра ПВК Вагнэра, наагул не ўзгадаў, на чыім баку найміты ваявалі ў Сірыі і на Данбасе, пра сувязі з расейскім Генштабам не было сказана ніводнага слова.

У Крамлі пакуль не пракаментавалі сітуацыю з затрыманнем вагнэраўцаў. У расейскім парламенце версію беларускага боку паставілі пад сумнеў.

Недавер да афіцыйнай версіі

Шмат хто з карыстальнікаў сацсетак не паверыў у афіцыйную версію затрымання вагнэраўцаў. Яны ўпэўненыя, што гэта толькі пастаноўка, мэтай якой – запалохванне грамадства напярэдадні выбараў. Блогер NEXTA звярнуў увагу на тое, што кіруе санаторыем «Беларусачка» сябар Віктара Шэймана, а сам санаторый належыць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Кіраўнік ФПБ Міхаіл Орда – узначальвае перадвыбарчы штаб Лукашэнкі.

Hавiны
«Гэта не адпавядае рэчаіснасці». Расея адрэагавала на затрыманне расейскіх баевікоў
2020.07.29 17:42

З іншага боку няма сумневаў, што затрыманыя маюць рэальны баявы досвед. Паводле дадзеных СБУ і базы «Міратворац», яны прымалі ўдзел у вайне на Данбасе на баку Расеі. Таму застаецца пытанне, што яны рабілі ў Беларусі. На дадзены момант у публічнай прасторы агучаныя тры асноўныя версіі.

Афіцыйная версія: дапамога беларускаму Майдану

ДзяржСМІ першапачаткова паведамілі, што баевікі прыбылі ў Беларусі «для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі». Адзначым, што на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 5-ю асобную брыгаду спецназу ў Мар’інай Горкі заявіў:

«Усялякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацыяў, потым майданы. На майдан, калі сваіх няма (у нас малавата «майданутых»), іх падцягнуць з боку. Гэта прафесійныя вайскоўцы, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у рамках ПВК па ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах».

Падчас наведвання 5-й брыгады спецназу ў Мар’інай Горкі. Фота – president.gov.by

У гэтай версіі ёсць два слабых месца. Па-першае выклікае недавер дзіўнае прароцтва Лукашэнкі. Заява была зроблена 24 ліпеня, а, паводле дзяржСМІ, у ноч з 24 на 25 ліпеня 32 вагнэраўца засяліліся ў менскі гатэль. То бок прароцтва рэалізавалася імгненна.

Па-другое, ПВК Вагнэра для правакацыяў у іншых дзяржавах як раз не выкарыстоўваецца. Вагнэраўцы – гэта элітнае падраздзяленне, якое выконвае канкрэтныя ваенныя задачы. На Данбасе яны ўдзельнічалі ў наступе на Дэбальцава і ліквідацыі непакорлівых палявых камандзіраў, у Сірыі бралі штурмам Пальміру. Правакацыямі гэтае падраздзяленне як раз ніколі не займалася.

Версія аб дапамозе беларускаму Майдану пасля затрымання 33 вагнэраўцаў пакуль не атрымала свайго развіцця. 30 ліпеня падчас нарады з сябрамі Савету Бяспекі Лукашэнка толькі даволі туманна выказаўся пра «брудныя намеры» расейцаў, але не ўдакладніў, якія канкрэтна ў іх былі мэты.

Транзіт

Гэтую версію першым агучыў расейскі пісьменнік і ўдзельнік вайны на Данбасе Захар Прылепін.

https://www.facebook.com/zaharprilepin/posts/3427092944001669

«Тут, наколькі я магу судзіць з боку, звычайная гісторыя – добра навучаныя людзі рухаюцца ў пэўных напрамках па сваіх маршрутах, у іх свае справы, і ніякая Беларусь ім не патрэбная. Тое, што тры дзясяткі мужыкоў у камуфляжы збіраліся ў нейкі іншы бок, і беларускім спецслужбамі гэта выдатна, упэўнены, вядома. Ужо не ведаю навошта яны ўсё гэта задумалі», – напісаў ён у Фэйсбуку.

Аналагічную версію агучыў телеграм-канале WarGonzo, які вядзе вайсковы карэспандэнт Сямён Пегаў. Паводле яго звесткамі, байцы ПВК выкарыстоўвалі Беларусь у якасці перавалачнага пункта перад адпраўкай у краіны Афрыкі, а спецслужбы Беларусі нібыта пра гэта ведалі.

Асабістыя рэчы затрыманых расейцаў. Фрагмент эфіру беларускага дзяржаўнага тэлебачання

Ускосна гэтую версію 29 ліпеня пракаментаваў Андрэй Раўкоў.

«Калі б ажыццяўлялася перакідка кудысьці прыватнай ваеннай кампаніі, тым больш праз тэрыторыю Беларусі, напэўна, па лініі нейкіх спецыяльных службаў былі б пэўныя тлумачэнні. Таму што гэта вельмі сур’ёзнае пытанне. Але атрымалася так, што ні па лініі ФСБ, ні па лініі ГРУ, ні па якой іншай структуры такой інфармацыі не атрымлівалі», – сказаў ён.

Мяркуючы па словах Раўкова, перакідванне наймітаў праз тэрыторыю Беларусі – гэта зусім не фантастычны сцэнар, проста пра гэта расейскія спецслужбы мусяць папярэджваць. Але цяпер беларускі бок ніхто не папярэджваў, сцвярджае Раўкоў.

Ускосна версію па перавалачным пункце пацвярджае той факт, што найміты ігнаравалі банальныя правілы бяспекі: у гатэль, а потым у санаторый засялялася адразу група з 32 чалавек грамадзянаў РФ, што не магло не выклікаць падазрэння. Да таго ж, як паведаміляе «Радыё Свабода», працаўнікі санаторыя чулі, што расейцы нібыта мелі квіткі на самалёт у Турэччыну, адкуль планавалі далей ляцець у Сірыю. Але ў гэтай версіі ёсць і свае мінусы.

Назапашванне наймітаў для крымскага сцэнара

Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў падчас анексіі Крыму. Фота wikipedia.org

Журналіст, аглядальнік «МБХ-Медиа» Раман Папкоў не верыць, што байцы крамлёўскай ПВК проста выкарыстоўвалі Беларусь як транзітную зону. Ён звяртае ўвагу на тое, што існуюць больш зручныя і наладжаныя маршруты перакідвання вагнэраўцаў у Сірыю або Афрыку – Растоў або іншыя гарады на поўдні Расеі.

«У мяне ёсць версія (абсалютна ненавуковая, зразумела). ПВКшнікі рэальна назапашваліся там, у Беларусі. Можа яны вешалі локшыну на вушы КДБшнікам, што будуць лятаць у гарачыя краіны, можа і не. Яны назапашваліся, таму што ў Крамлі сумняюцца, што Лукашэнка здольны захаваць уладу. І хочуць быць гатовыя да сітуацыі, падобнай канцу лютага 2014 года ў Украіне. Маскве патрэбная сілавая сетка ў краіне «калі сітуацыя выйдзе з-пад кантролю». У Крыму такой сеткай былі расейскія войскі», – піша Папкоў.

Аднак гэтая версія выклікае сумнеў з пункту гледжання вайсковай мэтазгоднасці.

Кадры рэпартажу беларускага дзяржаўнага тэлебачання аб затрыманні расейскіх грамадзянаў у санаторыі Менскам

Паводле СМІ, агулам у ПВК Вагнэра уваходзіць некалькі тысяч байцоў, якія маюць на ўзбраенні артылерыю і танкі. Такое падраздзяленне мае сэнс выкарыстоўваюць як адзіную ўдарную сілу і адразу з тэхнікай, а не назапашваць у Беларусі байцоў маленькімі групамі без зброі. Калі верыць Папкову, атрымліваецца, што Крэмль мэтанакіравана распыляе сілы свайго элітнага падраздзялення, рызыкуючы ў час X проста не паспець іх сабраць і ўзброіць.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў