«Навошта пытаюць пра пчол і гасцей?» Сацыёлаг і Белстат адказваюць на пытанні аб перапісе


Ці можна адмовіцца ад перапісу? Ці можна адказаць не на ўсе пытанні? А што будзе, калі я схлушу? Мы сабралі самыя папулярныя пытанні наконт перапісу насельніцтва і знайшлі на іх адказы.

Ад дня, калі пачаўся перапіс (4 кастрычніка) у сацсетках, у размовах з сябрамі, калегамі пастаянна паўстаюць розныя пытанні. Карэспандэнты Belsat.eu вырашылі сабраць вострыя пытанні разам і знайсці на іх адказы ў Белстату. Таксама дапамагаў нам разабрацца ва ўсіх тонкасцях сацыёлаг, аналітык Сяргей Нікалюк.

Навошта нам патрэбен перапіс?

Вынікі перапісу стануць асновай для фармавання дзяржаўнай палітыкі і размеркавання бюджэту. Пасля перапісу 2009 году з’явіліся дзяржаўныя праграмы па дэмаграфічнай бяспецы – тады вынікі паказалі, што 60 % беларусаў нараджаюць толькі адно дзіця.

Сяргей Нікалюк у цяперашнім перапісу не бачыць ніякай асаблівай падзеі.

«Гэта планавае мерапрыемства, якое не выклікае здзіўлення. Вось калі б правілы перапісу тэрмінова змянілі і правялі яго праз тры гады, гэта выклікала б пытанні».

Hавiны
У перапісе насельніцтва прыняў удзел кожны чацвёрты
2019.10.12 13:31

Не давяраю дзяржаве, мае дадзеныя выкарыстаюць супраць мяне. Гэта так?

«Нічога нечаканага, – кажа сацыёлаг. – Па дадзеных Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), 66 % беларусаў не давяраюць адзін аднаму. Для параўнання, у Скандынаўскіх краінах доля тых, хто давярае іншым людзям, дасягае 80 %. Таму большасць беларусаў разглядаюць перапіс як кампанію па маніпуляванню грамадскай думкай. А гэта звычайнае тэхнічнае мерапрыемства, патрэбнае кожнай дзяржаве, пачынаючы з Старажытнага Егіпта».

Для чаго запісваць імя і ідэнтыфікацыйны нумар?

Каб не адбылося дублявання інфармацыі, калі аднаго чалавека перапісалі некалькі разоў. Пры спраўджанні інфармацыі, дадзеныя, якія паўтараюцца, выдаляць. Свой ідэнтыфікацыйны нумар увогуле можна не называць, ён патрэбен, каб перапісчык справіўся хутчэй: пры ўводзе нумара падгружаецца каля 25 % адказаў.

«Пытанні такога кшталту – прыватная праява агульных страхаў, – кажа Нікалюк. – А ці не здарыцца чаго жудаснага, калі я распавяду дзяржаве нейкую інфармацыю пра сябе? Гэта паказнік недаверу грамадства да ўлады».

Hавiны
Галоўныя прычыны узяць удзел у перапісе насельніцтва
2019.09.27 13:47

Не хачу перапісвацца. Што мне за гэта будзе?

Закон аб перапісе кажа, што грамадзянін абавязаны «не перашкаджаць правядзенню перапісу насельніцтва і прадстаўляць дакладныя персанальныя дадзеныя». Але адказнасці за адмову ўдзельнічаць у законе няма.

Як зрабіць, каб да мяне ніхто не прыходзіў?

Палітыка дзяржавы скіравана на тое, каб перапісаўся кожны. Калі вы не пройдзеце перапіс онлайн ці на стацыянарным участку, да вас некалькі разоў прыйдуць дамоў, пакінуць паведамленне. І толькі ў выпадку, калі дзверы ніхто не адчыніць, памяшканне будзе прызнана пустым. Таму адзіны варыянт не сустракацца з перапісчыкамі – перапісацца самастойна.

Hавiны
Траціна тых, хто прыняў удзел у перапісе насельніцтва, зрабіла гэта праз інтэрнэт
2019.10.11 14:53

Ці магу я не адказваць праўдзіва на некаторыя пытанні?

Гэта пытанне асабістых прынцыпаў. Белстат сцвярджае, што інфармацыя запісваецца са слоў чалавека і не правяраецца па дакументах. Але несці лухту не атрымаецца, сістэма папросіць вас выправіцца, калі вы, напрыклад, паставіце ўзрост 10 год, але пры гэтым пазначыце, што ў вас трое дзяцей.

Як зрабіць, каб мае дадзеныя ніадкуль не ўзялі?

Беларусы ў інтэрнэце абмяркоўваюць, што інфармацыю аб неперапісаўшыхся возьмуць праз запыт у адпаведныя інстанцыі. Белстат жа запэўнівае, што гэта незаконна і інфармацыю ніхто здабываць не будзе. Не перапісаўся – пра цябе нічога не будуць ведаць.

Сяргей Нікалюк пагаджаецца з Белстатам:

«Ня рэдкія выпадкі, калі беларус шмат гадоў не жыве ў краіне, а яму прыходзяць запрашэнні на выбары. Гэта адзін з паказальнікаў, што дзяржаўныя службы паміж сабой не звязаны настолькі, каб дзяліцца інфармацыяй».

Hавiны
У Беларусі пачаўся перапіс насельніцтва
2019.10.04 08:41

Ці можна адказаць у анкеце не на ўсе пытанні?

Закон аб перапісе кажа, што ўсе дадзеныя павінны быць прадстаўлены «згодна з формай перапіснога ліста», а ў Белстаце просяць адказваць поўна і праўдзіва, каб хібы ў перапісу былі мінімальныя.

Навошта запытваюць пра колькасць дрэваў, ягадных кустоў і пчол?

І гэта Белстат тлумачыў. ААН рэкамендуе краінам праводзіць сельскагаспадарчы перапіс, а ў Беларусі яго вырашылі сумясціць са звычайнай перапісам. Усе пытанні аб вашым агародзе і гаспадарцы патрэбныя для распрацоўкі дзяржаўных праграм. Але ёсць меркаванне, што пасля перапісу з’явяцца новыя падаткі на «агарод». Сацыёлаг заспакойвае: каб дзяржава хацела ўвесці такі падатак, ёй было бы дастаткова дадзеных, якія ўжо мае Белстат.

«Не трэба праводзіць перапіс каб даведацца пра вашую гаспадарку, хопіць па законах сацыялогіі зрабіць выбарку, скажам, сто чалавек», – кажа Нікалюк.

Hавiны
«Ці хочаце вы з’ехаць з Беларусі? А чаму?» Як я праходзіла перапіс з-за мяжы
2019.10.05 17:50

Навошта ў жанчын пытаюцца пра планы на нараджэнне дзяцей?

«Нармальнае пытанне! – упэўнены Нікалюк. – Дзяржава разумее, што існуе дэмаграфічная праблема. Але ў такіх пытаннях цікавы не столькі абсалютны адказ, колькі дынаміка.

Навошта пытаюць, ці начаваў у мяне хто-небудзь з 3 на 4 кастрычніка?

У Белстаце кажуць, што гэта патрэбна для таго, каб не згубіць чалавека, які ў вас гасціў. Калі вы паказваеце, што ў вас у гэты час былі госці, вам прапануюць перапісаць і іх. У гэтым выпадку можа адбыцца дубляванне інфармацыі, але лепш так, чым не перапісаць наагул.

За якія дасягненні Белстат дорыць мабільныя тэлефоны?

Каб зацікавіць удзельнічаць у перапісе онлайн. Мабыць, гэта звязана ў тым ліку і з скарачэннем колькасці перапісчыкаў у параўнанні з мінулым перапісам. Калі вы перапісваецеся праз інтэрнэт, можаце згуляць у рэкламную гульню і выйграць смартфон. Кожны дзень разыгрываецца па адным мабільніку.

Hавiны
Белстат разыграў ужо два смартфоны сярод удзельнікаў перапісу
2019.10.07 07:51

Ці атрымліваюць перапісчыкі грошы за сваю працу?

Не, перапісчыкі працуюць бясплатна. Але падчас перапісу яны не губляюць месца вучобы або працы, захоўваецца і іхны заробак. Таксама перапісчыкі карыстаюцца бясплатна грамадскім транспартам і маюць магчымасць застрахавацца ад няшчасных выпадкаў.

Калі будуць апублікаваныя вынікі перапісу?

Першыя звесткі перапісу будуць апублікаваныя ў лютым 2020 года, а асноўныя характарыстыкі – у ліпені.

Ці можна будзе верыць вынікам перапісу?

«Усе эканамісты, залежныя і незалежныя, карыстаюцца афіцыйнай статыстыкай. Падрабіць статыстычныя дадзеныя не так проста. Грамадства і эканоміка – гэта як вялікі арганізм, і калі падрабіць адну лічбу, то прыйдзецца падрабляць яшчэ сотні, каб усё сышлося», – кажа Сяргей Нікалюк, які папросту не бачыць прычын не давяраць вынікам перапісу.

Алена Дубовік Belsat.eu

Hавiны
Маленькі ўчынак – глабальнае значэнне. Абіраем беларускую мову падчас перапісу
2019.10.10 20:39
Стужка навінаў