Навошта Польшчы Ціханоўская?

У Варшаве шмат прыхільнікаў фінляндызацыі Беларусі і тут няма ілюзіяў адносна таго, што заўтра дэмакратычны Менск «павернецца на Захад».

Уявіце сабе, што раніцаю ў вас сустрэча з мэрам Варшавы, пасля вы едзеце ў прэзідэнцкі палац на сустрэчу з кіраўніком прэзідэнцкай адміністрацыі, а адтуль – да кіраўніка польскага ўраду. А яшчэ ў вас дзве прамовы ў розных месцах польскай сталіцы і перад рознымі аўдыторыямі, і некалькі сустрэчаў з прадстаўнікамі дыяспары па дарозе. Усё гэта ў адзін дзень, а вы не прафесійны палітык і далёка не дыпламат…

Калаж з фота: Dudek Jerzy / Andrzej Hulimka / FABRIZIO BENSCH / Reuters / Forum

Такім было 20 кастрычніка Святланы Ціханоўскай. Другі яе афіцыйны візіт у Польшчу. Афіцыйны, бо прымаюць яе згодна з пратаколам – як кіраўніка краіны. Наўпрост ніхто не кажа «спадарыня прэзідэнт», але сустракаюць менавіта так. Дагэтуль нікога з прадстаўнікоў дэмакратычнага руху Беларусі не прымалі так у Варшаве. У свой час з вызваленым з турмы Міколам Статкевічам я рабіў інтэрв’ю на калідоры аднаго з варшаўскіх гатэляў, бо на гэта не знайшлося свабоднага памяшкання. Тады не было картэжаў і сустрэчаў з прэмʼерам. Перыядычна каля нас праходзіла прыбіральшчыца, падазрона паглядала, прыслухоўвалася і намагалася зразумець, на якой мове мы размаўляем. Хутчэй за ўсе падумала, што ўкраінцы.

Бо тады беларусаў у Польшчы, а тым больш у Еўропе, ніхто сурʼёзна не ўспрымаў, на працягу многіх гадоў лічылі «памяркоўнымі», маўляў, самі пагаджаюцца на дыктатуру Лукашэнкі. Пра Беларусь у медыях можна было пачуць ад выбараў да выбараў. Сёння ж сітуацыя дыяметральна іншая.

– Я ніколі б не падумаў, што беларусы такія смелыя, мужныя і спрытныя. Ведаеш, я так моцна шаную і падтрымліваю гэты народ, які столькі часу змагаецца і не здаецца, – сказаў мне на днях адзін мой знаёмы, вядомы польскі журналіст.

Святлана Ціханоўская з візітам ў Польшчы 20 кастрычніка

Амаль на кожнай сустрэчы Ціханоўская паўтарае, што беларусы змагаюцца за свабоду, а не за Еўропу ці супраць Расеі. Калі на пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі я мог пачуць ад польскіх калегаў, знаёмых журналістаў ці палітыкаў, што, маўляў, сярод праціўнікаў Лукашэнкі няма нікога «празаходняга», то сёння гэта для Польшчы не мае значэння. Для Варшавы значэнне мае выключна тое, што праціўнікі Лукашэнкі не кажуць пра патрэбу «глыбокай інтэграцыі» з усходняй суседкай і што дэмакратычная Беларусь (нават з вялікім расейскім уплывам) будзе больш прадказальная, больш самастойная і больш незалежная.

Шмат пазітыўных водгукаў я пачуў пасля майго нядаўняга інтэрвʼю з Алесем Аляхновічам (эканамічным дарадцам Ціханоўскай), які на старонках выдання «Rzeczpospolita» выказаў ідэю, што дэмакратычная Беларусь павінная ісці дарогай Фінляндыі – імкнуцца да нейтралітэту. Магчыма, гэта добра, што беларусы не маюць ілюзіяў адносна ўступлення ў Еўразвяз ці НАТА. Масква ніколі не дазволіць Беларусі цалкам адплыць. Ва Украіне ўжо шосты год вайна. Але Фінляндыя ў Беларусі? Чаму не?

Марш мудрасці, 19 кастрычніка.
Фота: ТК / «Белсат»

У Польшчы, якая на працягу апошніх гадоў аддае прыярытэт рэгіянальнай супрацы, выдатна разумеюць, што «нейтральная Беларусь» магла б смела супрацоўнічаць з такімі ініцыятывамі як Трымор’е (Trójmorze), што аб’ядноўвае 12 краінаў размешчаных паміж марамі: Балтыйскім, Чорным і Адрыятычным. Выдатна разумеюць таксама і тое, што Еўразвяз не прызначыць, напрыклад, € 100 млрд на «план Маршала для Беларусі», але хутчэй за ўсе адменіць візы для беларусаў і адчыніць свой рынак. У дэмакратычную Беларусь паплывуць інвестыцыі, як у свой час яны паплылі ў Польшчу.

Але галоўнае для Варшавы – бяспека, каб мець прадказальнага суседа. Беларусь пад Лукашэнкаю разглядаюць як частку расейскай пагрозы, пра што адкрыта пісалася ў розных вайсковых стратэгіях, апублікаваных у адкрытым доступе. Для прыбалтыйскіх краінаў гэта не проста пагроза, гэта смяротная пагроза ў выпадку канфлікту. Пра гэта Ціханоўскую ніхто не пытае, але цвярозы чалавек не можа ўявіць дэмакратычную і тым больш «нейтральную» Беларусь, якая б штомесяц праводзіла супольныя вайсковыя манеўры з Расеяй.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў