Навошта Беларусі вайсковыя парады?


Ужо 5 чэрвеня ў Менску пачнуцца рэпетыцыі параду на Дзень Незалежнасці, які адбудзецца праз месяц. Лукашэнка загадаў «сродкаў на парады не шкадаваць, тым больш яны не такія і вялікія». Belsat.eu разам з экспертамі разбіраецца: а навошта крызіснай Беларусі парады? Ці не пір у часе чумы дэманструе беларуская ўлада?

Парады ў Беларусі: за і супраць

Кіраўнік праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў параіў наўпрост звярнуцца за па лічбы ў Міністэрства абароны, аднак там не любяць раскрываць падобную статыстыку. Не бярэцца назваць нават прыкладную суму выдаткаў на ваенны парад і аналітык праекту Леанід Спаткай. Аднак ён упэўнены, што «парады не акупаюцца ў матэрыяльным плане».

Навошта тады бразгаць зброяй на ўвесь свет?

Мерапрыемства патрабуе істотных выдаткаў з боку гарадской гаспадаркі: гэта і сапсаванае дарожнае пакрыццё, якое трэба латаць пасля праходу танкаў, сурёзныя нязручнасці для менчукоў, выкліканыя перакрыццём дарожнага руху. Сёлета, напрыклад, праз рэпетыцыі перакрыюць праспект Машэрава з 22.00 да 24.00 5, 8, 12, 15, 19 і 22 чэрвеня. Такі ж лёс чакае і дарожны рух ад вуліцы Даўмана да праспекта Пераможцаў.



Выдаткі панясе і камунальная гаспадарка, міністэрства па надзвычайных сітуацыях, МУС, «хуткая дапамога», якія на час рэпетыцыяў адрываюцца ад выканання наўпроставых абавязкаў. Жыхары бліжэйшых раёнаў забяспечаныя галаўным болем.

Гэта відавочныя аргументы супраць парадаў. Аднак з часоў Рымскай імперыі, як адзначае Леанід Спаткай, парады дэманстравалі гатовасць дзяржавы абараняцца ад агрэсіі. Апроч таго, народу патрэбны не толькі хлеб, але і відовішчы: не было б попыту, адсутнічала б і прапанова.

Больш за тое, парад з’яўляецца дэманстрацыяй дасягненняў беларускага ваенна-прамысловага комплексу, якія прыносяць істотны прыбытак у дзяржаўную скарбніцу. Калі пакласці на адну шалю вагаў непасрэдныя матэрыяльныя выдаткі на парады, а на другую – матэрыяльныя выгоды дзяржавы і маральнае задавальненне насельніцтва, то правядзенне парадаў усё ж апраўданае.

Што пакажа беларускі ВПК?

Т-72БМЭ на выставе MILEX-2017. Фота – Лявон Каржакевіч.
Т-72БМЭ на выставе MILEX-2017. Фота – Лявон Каржакевіч.
Т-72БМЭ на выставе MILEX-2017. Фота – Лявон Каржакевіч.

Эксперты адзінадушна заяўляюць, што на парадзе будзе што паглядзець, бо Мінабароны абяцае вывесці на парад больш за 200 адзінак тэхнікі, у тым ліку навінкі ваенпраму.

Андрэй Паротнікаў лічыць, што ўвагу гледачоў і спецыялістаў прыцягнуць беспілотныя лятальныя апараты (БПЛА), РСЗА «Паланез» з ракетай М20, ЗРК Бук-БМ, бронемашыны Кайман і V-1, мадэрнізаваны танк Т-72БМ. Па сутнасці, гэтыя ўзоры беларускай ваеннай тэхнікі дэманстраваліся на выставе MILEX-2017 у Менску, аднак на парадзе ўсе ахвотныя змогуць не толькі паглядзець на тэхніку, але і палазіць на ёй, што называецца – памацаць.

Каму і што прадае Беларусь?

Беларускі беспілотнік на выставе MILEX

Летась Беларусь выручыла ад продажу зброі 1 мільярд долараў, павялічыўшы за 5 гадоў экспарт прадукцыі ваеннага прызначэння ўдвая. Такія лічбы назваў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Сяргей Гурулёў.

«Паводле афіцыйных звестак Беларусь зрабіла своеасаблівы рывок на рынку ўзбраенняў, зарабіўшы летась мільярд долараў», – кажа Леанід Спаткай. Аднак цалкам верагодна, што атрыманыя значна большыя даходы, бо невядома па якой методыцы праводзіліся гэтыя падлікі: гэта аб’емы рэалізаванай прадукцыі толькі прадпрыемствамі, якія непасрэдна ўваходзяць у структуру ДВПК, або і тых прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у структуру Мінпрамысловасці, як, напрыклад МАЗ, БелОМА ці МТЗ, але выпускаюць прадукцыю ваеннага прызначэння. Дарэчы нават абсалютна мірныя БелАЗы баевікі ІГІЛ выкарыстоўваюць у ваенных мэтах.

Існуе шырокі спектр прадукцыі падвойнага прызначэння, сродкі ад рэалізацыі якой улічваюцца па іншых раздзелах афіцыйнай статыстыкі. Напрыклад, Беларусь вырабляе адмысловую тканіну добрай якасці, якая выкарыстоўваецца краінамі-пакупнікамі. У той жа Украіне, для вырабу вайсковай вопраткі, або тую ж тушонку, якая з часоў Савецкага Саюзу з’яўляецца неадемным складнікам вайсковага «сухпаю». І такіх тавараў двайнога прызначэння, якія экспартуюцца ў многія краіны, даволі шмат».

Эксперт кажа, што афіцыйная статыстыка найперш адлюстроўвае ваеннае супрацу Беларусі з Расеяй. Аднак пры параўнанні беларускіх статыстычных дадзеных і ўкраінскіх, бачна, што не блага развіваюцца стасункі і з украінскім ВПК. Бо, напрыклад, менавіта ва Украіне знаходзяцца амаль усе вытворцы авіяцыйных і ракетных рухавікоў, а ў Беларусі – вытворцы оптыка-электронных сістэмаў, таму не выключна, што той жа «Паланэз» мае ўкраінскі рухавік, а ўкраінская «Стугна» – беларускія «мазгі» і «вочы».

Сродкаў на войска катастрафічна бракуе

Беларускія ўлады праводзяць ваенныя парады рэгулярна. Але ці гатовая Беларусь да адбіцця вонкавай агрэсіі? Ці хопіць сродкаў і рэсурсаў?

– Зважаючы на маштаб агрэсіі. Ад Расеі ці Украіны адабемся, ад НАТА – не. Апошнія 25 гадоў сродкаў не хапае катастрафічна, асабліва на абнаўленне тэхнікі. Тое, што паступае, ідзе або малымі партыямі або наагул адзінкавымі экзэмплярамі. Пытанне стаіць пра тое, што ў сённяшніх умовах мы не зможа ўтрымліваць нават існуючы ўзровень ваеннага патэнцыялу. У нас сурʼёзны правал па авіяцыі, артылерыі і бранятэхніцы, – рэзюмуе Андрэй Паротнікаў.

Юрась Дубіна, belsat.eu

Стужка навінаў