Навошта беларусам Нацыянальны сход? 6 пытанняў і адказаў пра парламенцкія выбары


У лістападзе ў Беларусі адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пачнецца ўжо з наступнага тыдня. Хто звычайна трапляе ў беларускі парламент, якія прывелеі маюць дэпутаты і як могуць паўплываць на жыццё ў краіне тлумачыць belsat.eu.

Справка
У Палаце прадстаўнікоў засядае 110 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў аднамандатных выбарчых акругах на 4 гады. У Савеце Рэспублікі 64 сенатары: 56 чальцоў абіраюць абласныя Саветы дэпутатаў, яшчэ восем сенатараў прызначае наўпрост Лукашэнка. Абірацца ў Палату прадстаўнікоў можна з 21 года, у Савет Рэспублікі – з 30.

Якія паўнамоцтвы мае парламент?

Паводле Канстытуцыі, Нацыянальны сход не толькі прымае законы ва ўсіх сферах жыцця краіны, але яшчэ дае згоду на прызначэнне прэм’ер-міністра, прызначае дату прэзідэнцкіх выбараў, можа вынесці вотум недаверу ўраду, прыняць адстаўку прэзідэнта і змяніць Канстытуцыю.

Аляксандр Лукашэнка. Фота – president.gov.by

Але нават на паперы гэтыя вялікія паўнамоцтва маюць сур’ёзныя абмежаванні з боку выканаўчай улады. Напрыклад, дэпутаты могуць унесці змены ў Канстытуцыю, але самастойна не могуць іх ініцыяваць. Нацыянальны сход фармальна можа адхіліць кандыдатуру новага прэм’ера, не ўхваліць праграму ўраду або высунуць яму вотум недаверу. Але гэта проста дасць юрыдычную падставу распусціць Палату прадстаўнікоў (арт.94 Канстытуцыі).

То бок пры канфлікце з выканаўчай уладай у парламенту проста няма шанцаў на перамогу.

Нарэшце, у Беларусі існуе такая выключная прававая норма, як дэкрэты прэзідэнта, якія набываюць сілу закону адразу пасля падпісання. Гэта адбываецца без удзелу Нацыянальнага сходу: парламент іх проста «прымае да ведама». Дэ-юрэ прэзідэнцкі дэкрэт скасаваць магчыма, але для гэтага патрэбныя ⅔ галасоў як Палаты прадстаўнікоў, гэтак і Савету Рэспублікі.

Hавiны
Апазіцыя пойдзе на парламенцкія выбары. Але адзінага спісу кандыдатаў не будзе
2019.08.05 19:54

Ці можа парламент абвесціць імпічмент прэзідэнту?

Тэарэтычна – так. Падставаю для адстаўкі прэзідэнта можа быць немагчымасць выконваць свае абавязкі па стане здароўя, а таксама здзяйсненне дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства. Адна з палатаў парламенту можа ініцыяваць расследаванне, а ягоную арганізацыю мусіць узяць на сябе Савет Рэспублікі. Імпічмент можа быць абвешчаны, калі гэта рашэнне падтрымаюць ⅔ дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і ⅔ чальцоў Савету Рэспублікі.

Выбарчы ўчастак у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Ці прадстаўлены ў беларускім парламенце партыі? І чаму няма фракцыяў?

Звычайна фракцыі ў парламентах фармуюцца дзеля аб’яднання дэпутатаў паводле палітычных поглядаў, часцей за ўсё на падставе партыйнай прыналежнасці. Аднак у XXI стагоддзі у беларускім парламенце ніводнага разу не фармаваліся фракцыі. Нічога дзіўнага ў гэтым няма: паколькі апазіцыю ў Палату прадстаўнікоў амаль не прапускаюць (з 2004 па 2016 год у парламенце наогул не было людзей, здольных не пагаджацца з Лукашэнкам), усе дэпутаты апрыёры прытрымліваюцца аднолькавых поглядаў і галасуюць адзінагалосна.

Ігар Карпенка(злева), Міхаіл Арда (зправа)

Колькі зарабляе дэпутат і якія мае прывілеі?

Сярэдняя зарплата дэпутата Палаты прадстаўнікоў у 2019 годзе – 3687 рублёў. Акрамя таго, дэпутат мае шэраг іншых бонусаў: напрыклад, таннае арэнднае жыллё, магчымасць лячыцца ў Рэспубліканскім клінічным медычным цэнтры ўпраўлення справамі прэзідэнта.

Адна з самых важных прывілеяў – недатыкальнасць асобы дэпутата, ягонага жылля, тэлефону і транспарту. Арыштаваць дэпутата можна толькі са згоды парламенту (за выключэннем справаў аб дзяржаўнай здрадзе або калі заканадаўца затрымалі на месцы злачынства).

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – хто яны?

Большасць дэпутатаў – гэта былыя чыноўнікі, дырэктара дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў. Каля траціны дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў – жанчыны. Частка чальцоў парламенту – дэпутаты са стажам. У розныя гады ад 19 да 46 дэпутатаў папярэдняга склікання пераходзілі ў новы склад парламенту.

На ўзроўні краіны дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – людзі мала каму вядомыя, якія раней у палітычным жыцці не прымалі ўдзелу. Дэпутацтва для іх гэта магчымасць атрымліваць пасля вялікую пенсію, а не трамплін для далейшага развіцця дзяржаўнай кар’еры.

Выпадкі, калі дэпутатаў Лукашэнка потым прызначаў на высокія пасады, хутчэй выключэнне з правілаў.

Напрыклад, сярод чальцоў цяперашняга ўраду Беларусі ёсць толькі адзін экс-дэпутат: міністр адукацыі Ігар Карпенка быў чальцом Палаты прадстаўнікоў III і IV скліканняў.

Ці магчыма адклікаць свайго дэпутата, калі ён нічога не робіць?

Толькі тэарэтычна. Паводле арт. 129 Выбарчага заканадаўства, дэпутат можа быць адкліканы, калі ён не апраўдаў давер выбарнікаў. Група памерам не менш за 150 чалавек мусіць звярнуцца да старшыні мясцовага савету з просьбай дазволіць сход выбарнікаў па гэтым пытанні. Калі старшыня савету гэта дазволіць, то на сходзе мусіць быць сфармаваная ініцыятыўная група, якая мусіць прайсці рэгістрацыю ў ЦВК. Калі ЦВК ініцыятыўную групу зарэгіструе, то трэба будзе цягам 45 дзён сабраць подпісы не менш за 20% выбарнікаў вашай акругі. Калі ў выбаркаму не ўзнікне пытанняў да вашых подпісаў, то камісія мусіць прызначыць галасавання па пытанню адклікання дэпутата.

На практыцы адклікаць дэпутата без адміністратыўнага рэсурсу немагчыма. Напрыклад, у 2007 годзе ў Беларусі было зафіксавана каля 30 спробаў адклікаць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, аднак актывісты нават дазволу правесці сход выбарнікаў ніводнага разу не атрымалі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў