«Naviband» прэзентаваў новую песню на «Басовішчы-2017»


Песню на верш Сяргея Грахоўскага «Прызнанне» гурт выканаў падчас свайго выступу ў польскім Гарадку на фестывалі беларускай музыкі.

«Прызнанне»

Як я жыў без цябе?

I не ведаў, што недзе на свеце,

За глухімі лясамі,

За сотнямі ўзгоркаў і меж,

Не на дальнім сузор’і,

А ў нас на планеце

Ты ў зялёным і ціхім

Завулку жывеш.

Як я жыў без цябе?

А маглі ж не сустрэцца ніколі,

За паўкроку адно

Аднаго абмінуць,

Разысціся,

Як сцежкі расходзяцца ў полі,

I не знаў бы,

За страту каго папракнуць.

Мабыць, трэба было

Праваліцца ў пекла,

Траціць блізкіх,

Пакутаваць, мерзнуць, гарэць,

Ратавацца,

Каб лютая сцюжа не ссекла,

Каб цябе

Пад Палярнаю зоркай

Сустрэць,

I пазнаць,

I адразу забыцца аб крыўдзе,

Каб убачыць праменьчыкі

У зрэнках тваіх,

Нарадзіцца ізноў

I паверыць, што прыйдзе

I збавенне, і шчасце

Адно на дваіх;

Падабрэць, памякчэць,

Назаўсёды скарыцца

Непадкупнай

Суровай тваёй чысціні,

Каб істоты тваёй адкрываць

Таямніцы,

Каб душу гартаваць

На высокім агні.

Час ляціць і ляціць,

Завіруха завеяла скроні,

Пакідаюць насечкі

Гады на ілбе.

Я гляжу на цябе,

Я дзіўлюся і сёння,

Чым я жыў без цябе,

Як я жыў без цябе?

У траўні «Naviband» прадстаўляў Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне».

belsat.eu

Стужка навінаў