Нават выканаўцаў не ведаем: генпракурор Украіны прызнаў, што «справа Шарамета» – «вісяк»


Генпракурор Украіны Юрый Луцэнка ў эфіры тэлеканалу «Прямой» выказаў спадзяванні на хуткі вынік у расследаванні забойства херсонскай актывісткі Кацярыны Гандзюк.

Луцэнка адзначыў, што ёсць істотныя адрозненні ў расследаванні забойства вядомага журналіста Паўла Шарамета і справе Кацярыны Гандзюк.

«Так ужо не атрымаецца, бо ў справе Шарамета няма нават выканаўцаў. Па справе Каці Гандзюк ёсць 4 выканаўцы і арганізатар. Спадзяюся, што мы выйдзем і на таго, хто замовіў», – сказаў кіраўнік Генпракуратуры.

«Па справе Шарамета – сапраўды, я прызнаю – уся праваахоўная сістэма не дала пакуль выніку. З іншага боку, не трэба чакаць цудаў у асобна ўзятай краіне», – заявіў Луцэнка.

Некалькі месяцаў таму дарадцу мэра Херсона Кацярыну Гандзюк аблілі кіслатою. 4 лістапада яна памерла ў шпіталі ад абрыву тромба.

Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева – у яго аўтамабілі спрацавала бомба. Паліцыя распачала крымінальную справу паводле артыкулу «наўмыснае забойства, здзейсненае спосабам, небяспечным для жыцця многіх асобаў». Не зважаючы на тое, што расследаванне справы пад асабісты кантроль узяў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, ні выканаўцаў, ні замоўцаў злачынства да сёння гэтак і не знайшлі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў