«Нават у хакей гулялі». Ці беларускае свята Масленіца і да чаго тут Паласказуб?


Бліны на Масленіцу.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

У панядзелак, 24 лютага, пачалі святкаваць Масленіцу. Свята ідзе ўвесь тыдзень. Але разам з тым у сацыяльных сетках можна пабачыць заявы, што гэтае свята не ўласцівае Беларусі і было прынесенае да нас з Расеі. Ці сапраўды гэта так? Пра гэта мы паразмаўлялі з беларускімі фалькларыстамі.

Вельмі ўнікальная і самабытная

Кандыдат філалагічных навук, фалькларыст Алесь Лозка кажа, што Масленіца сапраўды больш шырока адзначалася ў Расеі, чым у Беларусі. Не такім багатым у беларусаў быў і масленічны час: калі расейцы святкавалі ўвесь тыдзень, дык у нас асноўныя святкаванні пачыналіся толькі ў чацвер.

Фалькларыстка, этналінгвістка, доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна кажа, што Масленіца мае вельмі шмат асаблівасцяў у розных рэгіёнах Беларусі.

Паводле суразмоўцы, на ўсходзе Беларусі Масленіца «мае агульныя перасячэнні з расейскай», але ў іншых рэгіёнах яна ўключае «элементы абсалютна ўнікальныя і самабытныя, якіх няма ў суседзяў».

«Агульная карціна беларускай Масленіцы надзвычай багатая. Казаць, што яе няма, мы нешта запазычалі – гэта проста нічога не ведаць», – адзначыла фалькларыстка і дадала, што па-беларуску Масленіца месцамі мае і асаблівую назву – Масленка.

Даследчыкі лічаць, што Гуканне вясны было найбольш уласцівае ўсходу Беларусі. У заходніх рэгіёнах яно не было выразна акрэслена і злівалася з Масленіцай

Як змянялі беларускія традыцыі

Паводле Таццяны Валодзінай, на стэрэатып пра неўласцівасць Масленіцы беларусам паўплывалі савецкія часы, калі праз цэнтралізаваную сістэму клубных установаў «Масленіца ператварылая ў провады расейскай зімы».

«І нашыя бяздумныя работнікі культуры перанялі гэтае абсалютнае дзікунства і фактычна накінулі яго ў многіх месцах на мясцовы варыянт. Або проста запазычылі яго, як Дзень Перамогі ці Кастрычніцкай рэвалюцыі. Прыйшоў зацверджаны сцэнар – і пайшлі яго абкатваць», – адзначыла суразмоўца.

Як на Масленіцу гукалі вясну і хавалі Дзеда

Сярод асаблівасцяў беларускіх святкаванняў Алесь Лозка называе тое, што, напрыклад, на Палессі апошнія дні Масленіцы супадалі з Гуканнем вясны, хоць у іншых частках Беларусі яна адзначалася пазней. Таццяна Валодзіна залічвае да беларускіх унікальных масленічных абрадаў гарадоцкае пахаванне Дзеда. Гэтая традыцыя мае вельмі вузкі распаўсюд і бліжэй да Украіны ці Заходняй Еўропы.

Удзельніцы абраду гукання вясны «запускаюць» новае вясенняе «жыццёвае кола» з вала старажытнага замчышча Гарадок на Маладзечаншчыне.
Фота: Belsat.eu

Адным з галоўных адрозненняў беларускай Масленіцы ад іншых фалькларыстка лічыць яе большую паглыбленасць у аграрную магію і накіраванасць на стымуляцыю чалавечай плоднасці. Паводле яе, «масленічныя абрады кіруюцца на тое, каб моладзь жанілася, каб былі дзеці, каб працягваўся род».

Адну з прычынаў гэтага Алесь Лазко бачыць у царкоўнай забароне на шлюб у Вялікі пост, які пачынаецца менавіта пасля Масленіцы. У якасці прыклада такіх звычаяў ён называе масленічныя калодкі.

«Калі хлопцы да гэтага часу не знайшлі сабе пару, то яны, лічылася, у нечым правініліся. І таму дзяўчаты маглі ім прычапіць калодку – кавалак дрэва прывязаць. І яны павінны былі адкупацца. Скажам, зайсці ў карчму, пачаставаць іх нечым і гэтак далей. Лічылася добра, калі хлопцы цягалі па сяле гэтую калодку. Ім трэба было спыніцца каля хаты дзяўчат, бо калі не спыніцца, [дзяўчыны. – Belsat.eu] крыўдавалі, што прайшлі побач. Верылі, што гэтая калодка прынясе шчасце і праз некаторы час гэтая дзяўчына знойдзе сабе добрага хлопца», – кажа суразмоўца.

Былі і іншыя добрыя традыцыі.

«Я, напрыклад, знайшоў такі звычай у архіве, што гулялі нават у хакей. Гэта было яшчэ да рэвалюцыі. Безумоўна, не называўся ён хакеем. З аднаго канца вёскі на іншы палкамі заганялі нейкі прадмет – хто пераможа. Удзельнічаў нават святар у гэтай гульні», – дадаў Алесь Лазко.

На Масленіцу беларусы таксама актыўна спажывалі бліны, масла, мяса і алкаголь, бо ў Вялікі пост ужываць гэта забаранялася.

«Дарэчы, першы дзень посту называўся Паласказуб. Гэта азначала, што апошні раз можна яшчэ было ў панядзелак папіць гарэлку – папаласкаць зубы ад мяса, і затым нельга было ні піць гарэлкі, ні есці мяса», – дадаў фалькларыст.

Паміж Усходам і Захадам

Таццяна Валодзіна падкрэсліла, што на багацце беларускай Масленіцы таксама паўплывала суіснаванне праваслаўных і каталікоў.

«У каталіцкай традыцыі святкаванне Масленіцы сваё. І нават не ўсюды называюць гэтае свята Масленіцай. Тым не менш, гэта перыяд, які ідзе перад Вялікім постам. Папялец, запусты – гэта ўсё час перад Вялікім постам фактычна з той жа ідэяй Масленіцы, як у праваслаўных», – адзначыла суразмоўца.

Карнавал у Рыа-дэ-Жанэйра таксама праходзіць перад Вялікім постам.
Фота: Imag / Zuma Press / Forum

Паводле Валодзінай, беларусы могуць быць «трошкі бліжэй да заходнееўрапейскага карнавалу ў масленічных звычаях, чым да расейскіх абрадаў».

«Наш карнавальны элемент даволі выразны. Таму мы паміж Усходам і Захадам, як і ва ўсім астатнім», – падкрэсліла фалькларыстка.

Агулам, дадала Таццяна Валодзіна, Масленіца – «гэта нашае самабытнае, шматстайнае, напоўненае ўнікальнымі элементамі, вельмі глыбокае ў сваіх вытоках свята».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў