Нават неба супраць. Распачаць Вішнёвы фэст у Глыбокім перашкодзіла надвор'е


Свята ў гонар глыбоцкай вішні праходзіць ужо восьмы раз. Хоць фестываль і мае статус міжнароднага, сёлета праз пандэмію ніхто з замежных гасцей у Глыбокае не прыехаў. Не было відаць і беларускіх высокіх гасцей, якія звычайна наведвалі імпрэзу. Хутчэй за ўсё, у гэтым годзе ў іх іншыя турботы.

Карэта з Вішнёвай каралевай. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Фармат свята ў гэтым годзе моцна ўрэзаны – замест традыцыйных пяці дзён яно праходзіць толькі адзін. Ва ўкарочаным фармаце свята праходзіла толькі аднойчы – у 2014 годзе. Але тады была аб’ектыўная прычына – за тры тыдні да гэтага горад адсвяткаваў сваё 600-годдзе. А вось сёлета фэсту не пашанцавала двойчы – да пандэміі далучыўся дождж, які распачаўся адразу пасля пачатку свята.

– Учора як Ціханоўская прыязджала, то сонца свяціла, а сёння дождж, – чую за сваёй спіной. – Відаць, і неба супраць гэтай улады.

Распачалося свята традыцыйным шэсцем ад помніка Глыбоцкай вішні.

Помнік Глыбоцкай вішні. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Напачатку барон Мюнхгаўзэн вітае Вішнёвую каралеву, якая пад’язджае на карэце, зробленай глыбоцкімі кавалямі.

Барон Мюнхгаўзэн. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Чаму менавіта Мюнхгаўзэн? Бо ў Глыбокім знаходзіцца яго магіла. Вядома ж, не барона, але ж Мюнхгаўзэна. Глыбоцкія ўлады гэта раскруцілі, нават помнік барону быў пастаўлены. Гэта і турыстам спадабалася. А Мюнхгаўзэн страляў жа вішнёвай костачкай, з якой вырасла вішня да неба. Таму ён і на свяце.

Сустрэча Вішнёвай каралевы. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Ад помніка шэсце ў суправаджэнні глыбоцкіх барабаншчыцаў накіроўваецца на Цэнтральную плошчу гораду, дзе ўласна і адбываецца афіцыйнае адкрыццё фэсту.

Глыбоцкія барабаншчыцы. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»
Святочнае шэсце. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Дэпутат парламента ад Глыбоцкай акругі Уладзімір Андрэйчанка на свята сёлета не прыехаў, абмежаваўся толькі прывітальнай тэлеграмай. Адкрывае свята кіраўнік Глыбоцкага раёну Аляксандр Шубскі.

Раённае кіраўніцтва на свяце. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

– Гэты дождж паказвае, што ў нас будзе высокі ўраджай, – кажа кіраўнік раёну. – І на нашай зямлі будзе не толькі Вішнёвы фэст, але ў 2022 годзе ў нас пройдзе абласны фестываль «Дажынкі».

Святочнае шэсце. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Частка гледачоў падтрымліваюць гэтыя словы апладысментамі. Пасля адбываецца традыцыйнае ўзнагароджванне. Узнагароды ўручаюць медыкам, шматдзетным сям’ям, ратавальнікам, чыё прафесійнае свята адбудзецца 26 ліпеня.

– Дык вось чаму дождж ліе, як з вядра, – заўважае мужчына, што стаіць побач. – Каб свята пажарнікам зрабіць.

Маленькія «вішанькі». Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

На сцэне распачынаецца канцэрт, а дождж узмацняецца. Усе, хто не заняты на свяце, хаваюцца, большасць – у намёты, дзе прадаюцца шашлыкі, кава, а хто жадае, то і больш моцныя напоі. Канцэрт застаюцца глядзець некалькі асобаў, сярод якіх і глыбоцкі ідэолаг Людміла Карніловіч.

Дзяўчаты з назвамі калектываў, што прымаюць удзел у свяце. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Мы хаваемся ў своеасаблівую альтанку, што ўсталяваная яшчэ колькі гадоў таму над глыбоцкім «нулявым кіламетрам».

– Вось дзякуй Алегу Віктаравічу, што паставіў тут яе, – кажа сусед па няшчасці. – Хоць ад дажджу схавацца можна.

Алег Морхат – мінулы кіраўнік Глыбоцкага раёну. Ён шмат зрабіў да раскруткі гэтага свята. Знялі яго з пасады ў мінулым годзе, падчас фэсту, нават да канца свята правесці не далі.

Перад пачаткам шэсця. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

– У прыроды няма дрэннага надвор’я, – кажа госця з Віцебску. – Будзем спадзявацца, што да вечара ўсё зменіцца. Дзяўчаты спяваюць, шэсце прайшло, цяпер чакаем вечара. Будзем весяліцца. Хутка грыбы вырастуць, пасля свята паедзем у грыбы.

Удзельніца свята. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

– Вельмі цікава, ёсць, што пабачыць, – дзеліцца ўражаннямі госця з Ушачаў. – Нам фантан на возеры спадабаўся. Спадзяемся, дождж нам не перашкодзіць.

А тым часам са сцэны гучаць песні. Што радуе, у гэтым годзе шмат беларускіх і ўкраінскіх песень, расейскіх меней.

Свята працягваецца. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»
Канцэрт. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

– Настрой у людзей добры, – кажа прадавец сувеніраў Наста Кухто. – Толькі дождж перашкаджае крыху.

Сувеніры ў палатцы не абы-якія, а самыя што ні на ёсць глыбоцкія. Тут і цішоткі, і кубкі, і магніцікі – усё з лагатыпам Вішнёвага фэсту. Спадарыня Наста ўпэўнена, што надвор’е да вечара палепшае, і свята ўдасца.

Дождж разагнаў гледачоў. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

На вуліцы пуста – усе пахаваліся. Але пасля абеду надвор’е злітавалася над глыбачанамі і гасцямі гораду, якія зноў запоўнілі вуліцы. Свята працягваецца.

Гледачы. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Зміцер Лупач, фота Леанід Юрык Belsat.eu

Стужка навінаў