Нават 20 тысячаў жаўнераў ЗША можна будзе перакінуць у Польшчу


ЗША і Польшча падпісалі пагадненне аб пашырэнні амерыканскай вайсковай прысутнасці на ўсходнім флангу Паўночнаатлантычнага альянсу. Палітычныя рашэнні краіны-суседкі занепакоілі Лукашэнку. Ён ізноў загаварыў пра пагрозу для незалежнасці Беларусі. Ці сапраўды ёсць пагроза і як на яе адрэагуе Расея?

Беларусь – пад пагрозаю захопу. Гэтак на пагадненне пра ўзмацненне вайсковай абароны паміж Польшчай і Злучанымі Штатамі адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён не абмінуў магчымасці зноў выступіць гарантам незалежнасці нашае краіны.

Аляксандр Лукашэнка:

«Не з Нямеччыны ў Польшчу, а з ЗША перакідваюць новыя кантынгенты вайскоўцаў. Навошта? Калі нехта з нашых не разумее «пратэстуноў», няхай падумаюць, што сітуацыя не такая простая. Калі нехта хоча зрабіць Беларусь правінцыяй Польшчы ці Літвы, то гэта толькі праз мой труп».

Лідар Польшчы Анджэй Дуда ратыфікаваў пагадненне ў панядзелак, праз два дні пасля абвяшчэння медыямі Джоў Байдэна пераможцам на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. Гэтак званы форт Трампа застанецца зрэалізаваным, нягледзячы на перадачу ўлады.

Анджэй Дуда, прэзідэнт Польшчы:

«Рэалізуючы мэты польскае палітыкі, польска-амерыканскіх дачыненняў, а таксама міжнароднае палітыкі, мы дзеем спакойна, у тым ліку ратыфікуючы гэтую дамову, і чакаем, калі новавыбраны прэзідэнт ЗША дасць прысягу ды зойме пасаду».

Паводле пагаднення, у Польшчы размесцяць на тысячу жаўнераў ЗША больш: колькасць узрасце да пяці з паловаю тысячаў. Варшава падрыхтуе інфраструктуру, каб у выпадку пагрозы Вашынгтон мог даслаць да 20 тысяч вайскоўцаў. У горадзе Познань размесцяць штаб 5-га корпусу арміі ЗША, які будзе камандаваць усімі сіламі амерыканцаў на ўсходнім флангу NATO.

Рамуальд Шарамецьеў, былы в. а. міністра абароны Польшчы:

«Вельмі істотна, што тут размесціцца корпус сухапутных войскаў ЗША. Гэта камандаванне амерыканскіх узброеных сілаў аператыўнага ўзроўню, якога яшчэ ў Польшчы не было. Гэта вельмі сур’ёзны крок з пункту гледжання лагістыкі, хаця жаўнераў будзе не нашмат больш».

У параўнанні са сваймі папярэднікамі, вайсковую прысутнасць ЗША ў Еўропе павялічыў перадусім Доналд Трамп. Падмурак жа заклаў Барак Обама. Стратэгічнымі цэнтрамі на ўсходнім флангу абралі Польшчу і Румынію – дзве вялікія краіны, што для ЗША мелі перавагі над Нямеччынай і Турцыяй.

Рамуальд Шарамецьеў:

«Нямеччына, набываючы газ у Расеі ў вялікіх абʼёмах, ускосна фінансуе ўзбраенне Расеі, што супярэчыць інтарэсам Захаду і NATO. На гэтай падставе ЗША выказваюць сваю незадаволенасць. Турцыя ж праводзіць палітыку, якая мусіць раздражняць ЗША і NATO, прынамсі набыццё ракетаў С-400 у Расеі».

За ўмацаваннем пазіцыяў на Захадзе заўжды следам ішоў адказ Расеі. Таму, імаверна, давядзецца чакаць павелічэння расейскіх вайскоўцаў у Беларусі, адзначае вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін. Эксперт не выключае і верагоднага размяшчэння ў нашай краіне расейскай вайсковай базы з ракетнымі комплексамі «Іскандэр», што было б дадаткова адказам ЗША на прыпыненне дамовы аб ракетах сярэдняй і малой дальнасці.

Аляксандр Алесін, вайсковы аглядальнік:

«Гэта можа быць крыху пазней, калі хваля пратэставай актыўнасці спадзе яшчэ больш. І тады гэта не будзе новаю порцыяй бензіну для пратэстоўцаў, бо калі цяпер размясціць базу, гэта будзе як сцяг для пратэстоўцаў, і гэтая ідэя аб’яднае ўсіх, нават тых, хто ўжо расчараваўся, хто сышоў».

Пакуль жа Лукашэнка чарговы раз паспрабуе гандлявацца з Масквою. Цяпер і падставаў больш, у параўнанні з паслявыбарчымі заявамі пра «бразганне гусеніцамі» ля беларускай мяжы.

Аляксандр Алесін:

«Сябры, знізьце кошты на энерганосьбіты, дайце грошай, як звычайна, бо я на перадавым рубяжы, а калі вы не знізіце нам коштаў, не дасце нам грошай, мы будзем галодныя і не зможам абараніць вас, подступаў да Масквы не зможам абараніць. Я думаю, што гэта будзе аргумент, каб прасіць дадатковай дапамогі ў Расейскай Федэрацыі, і Расеі будзе складана адмовіць».

Ці сапраўды форт Трампа нясе наўпроставую пагрозу краінам – чальцам АДКБ? У суседняй Літве гэтак не мяркуюць. Там узмацненне ўсходняга фронту ўспрымаюць як збалансаванне сілаў і спадзяюцца на разуменне Масквы.

Лаўрынас Касчунас, прадстаўнік Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы:

«Калі б мы так палічылі, колькі войскаў каля нас, каля нашага рэгіёну, з расейскага і беларускага боку, ды параўналі з нашымі войскамі і войскамі NATO, гэта 1:10 трэба параўноўваць, і не на нашую карысць. Калі хтосьці эскалацыю і распачаў, то гэта не балтыйскія краіны, не Злучаныя Штаты, не Польшча, а, вядома, нашыя ўсходнія суседзі».

Міхайла Самусь, вайсковы аглядальнік, Украіна:

«Расея можа адпрацоўваць пытанні ў перакідванні ПДП, ракетных падраздзяленняў, авіяцыйных падраздзяленняў з Расеі на тэрыторыю Беларусі, дэманструючы такім чынам гатовасць да хуткага адлюстравання, рэакцыі Расеі і Саюзнай дзяржавы на пагрозы з боку Польшчы ды NATO».

Сілы першай танкавай арміі Расеі пакуль нашмат перавышаюць усе магчымыя вайсковыя сілы NATO на тэрыторыі Польшчы, таму Расеі не патрэбныя вялікія намаганні. Сярод імавернага адказу вайсковы аглядальнік Міхайла Самусь прагназуе правядзенне больш маштабных вучэнняў «Захад-2021» на тэрыторыі Беларусі.

Юлія Лабанава для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: KEVIN LAMARQUE / Reuters / Forum, Adam Chelstowski / Forum; Mikhail Klimentyev / TASS / Forum

Стужка навінаў