Наваполацку – 60 гадоў


Наваполацк з вышыні птушынага палёту. Фота – БелТА

Увесну 1958-га савецкія ўлады прынялі рашэнне збудаваць на левым беразе Заходняй Дзвіны нафтаперапрацоўчы завод, які меўся стаць найбуйнейшым у Еўропе.

7 чэрвеня 1958-га на лясістым беразе Заходняй Дзвіны, непадалёку ад невялічкіх вёсачак Слабада і Новы Двор Полацкага раёну, свае намёты паставіў першы атрад будаўнікоў.

Пра пачаткі будоўлі можна даведацца з фільму «Белы горад», які да 60-годдзя Наваполацку зняла БТ.

Праз год пасёлак, які паглынуў яшчэ некалькі вёсак, стаў называцца Полацкім, а ў 1963 годзе яго зрабілі горадам абласнога падпарадкавання, ён атрымаў назву Наваполацк.

«За гэтыя гады невялікі моладзевы пасёлак дзякуючы карпатлівай і сумленнага працы жыхароў ператварыўся ў буйны прамысловы і культурны цэнтр, які валодае магутным эканамічным і інтэлектуальным патэнцыялам»,павіншаваў сёння жыхароў горада кіраўнік Беларусі.

«Яго гісторыя слаўнымі справамі ўжо ўпісана ў біяграфію незалежнай Беларусі», – цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Паводле праектаў 70-х, да 2000 года Наваполацк павінен быў зліцца з суседнім Полацкам, тут павінна было жыць 280 тысячаў чалавек, паміж двума часткамі гораду павінен быў ездзіць трамвай. Рэалізацыя гэтай задумы была спыненая распадам СССР.

Сёння Наваполацк разам з Полацкам утварае Полацкую агламерацыю з насельніцтвам каля 200 тысячаў чалавек.

Праз горад праходзіць ветка найбуйнейшага ў свеце нафтапроваду «Дружба». На здымку – рэзервуары з нафтай у Наваполацку. Фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

Горад застаецца цэнтрам беларускай нафтахіміі, тут знаходзіцца адзін з дзвюх беларускіх НПЗ.

У Наваполацку 13 гарадоў-пабрацімаў. Сярод партнёраў – польскі Плоцк, кітайскі Вэйхай, латышскі Вентспілс і французскі Жывор.

ДД

Стужка навінаў