Навальны знайшоў у дэпутата ад «Адзінай Расеі» $ 90 млн і пайшоў на «содні»


Харошаўскі раённы суд Масквы 1 ліпеня прызначыў 10 содняў арышту расейскаму апазіцыйнаму палітыку Аляксею Навальнаму за акцыю 12 чэрвеня ў падтрыманне журналіста Івана Галунова.

«10 содняў арышту за мітынг супраць самавольства. Непрыемна, але лічу, што правільна зрабіў. Калі будзем маўчаць і сядзець па хатах, дык свавольства ніколі не спыніцца», – заявіў апазіцыянер у «Twitter’ы».

Перад гэтым Навальны паспеў апублікаваць расследаванне, у якім паказаў, што кіраўнік партыі «Адзіная Расея» у Маскве Андрэй Мяцельскі і яго сямʼя валодаюць нерухомасцю агульным коштам $ 90 млн.

Як паведамляецца, сямʼя Мяцельскага ад 2007 года набыла чатыры гатэлі ў Аўстрыі, выдаткаваўшы на іх не менш за 40 млн еўра. Гатэлі зарэгістраваныя на яго маці Эльдзібіту Мяцельскую. Кампаніі сямʼі дэпутата таксама будуюць гатэльны і элітны жылы комплексы ў Маскве.

Ва ўласнасці Мяцельскіх, гаворыцца ў расследаванні, таксама ёсць некалькі элітных кватэр у Маскве і дзве дачы на Рублёўцы.

Сам Андрэй Мяцельскі заявіў, што не мае ніякага дачынення да нерухомасці, выяўленай камандай Аляксея Навальнага. «Адзінарос» сказаў «Эху Москвы», што абʼекты набыла яго маці легальна і на законныя сродкі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў