Навальны ў адказ на абвінавачванні Лукашэнкі падтрымаў грашыма беларускі пратэст


Адзін з лідараў расейскай апазіцыі Аляксей Навальны, якога Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў у агрэсіі супраць Беларусі, вырашыў падтрымаць фінансава беларускіх пратэстоўцаў.

«Раз ужо Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка толькі што публічна паведаміў, што я развязаў агрэсію супраць Беларусі і выкарыстоўваю беларускіх дзяцей як «гарматнае мяса», то ён не пакідае мне шанцаў. Трэба адпавядаць, і я пералічваю 10 тысяч рублёў (каля $ 130-140) у Фонд Салідарнасці і заклікаю ўсіх паўдзельнічаць у гэтай выдатнай ідэі», – адзначыў расейскі палітык.

Навальны заявіў, што Фонд створаны, каб падтрымаць тых, хто страціў працу з-за таго, што выступіў супраць Лукашэнкі.

«Груба кажучы, паліцэйскі адмовіўся біць людзей. Яго звольнілі. Каб яго сям’я не засталася без сродкаў да існавання, Фонд Салідарнасці падтрымае яго. Выйшаў чалавек на страйк – яго звольнілі. Фонд падтрымае. Такія фонды – важнае ўмова паспяховых нацыянальных забастовак. Я вельмі рады, што ён паўстаў і ў Беларусі. Забастоўкі – тое, што зломіць хрыбет зладзеям», – падкрэсліў палітык.

Паводле яго слоў, улада Лукашэнкі трымаецца цяпер толькі на ўдарах дубінкамі.

«Я вось учора глядзеў відэа, дзе рыдаючая дзяўчына з Менску распавядала, як яе збівалі, пагражалі згвалтаваннем і прымушалі распранацца дзесяць АМАПаўцаў у аўтазаку. Не хачу больш такога бачыць. Аляксандр Рыгоравіч, у нас жа «Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі»? Значыць, я маю поўнае права ўнесці невялікую суму ў фонд адхілення ад улады гвалтаўнікоў, фашыстаў і ўпыроў», – заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка 14 жніўня выказаўся пра мірныя пікеты, пра іх разгоны і пра гвалт з боку сілавікоў.

«Не высоўвайцеся вы цяпер на вуліцы! Зразумейце, што вас і нашых дзяцей выкарыстоўваюць як гарматнае мяса! Сёння ўжо панаехалі сюды з Польшчы, Галандыі, Украіны, з гэтай адкрытай Расеі, Навальнага і гэтак далей і да таго падобнае. Ужо агрэсія пачалася супраць краіны», – выдаў ён.

МГ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў