Навальны атрымаў пяць гадоў умоўна


Прысуд кіраўскага суду пазбаўляе палітыка шанцаў на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі Расеі налета.

Вінаватым у крадзяжы шляхам растраты 16 мільёнаў рублёў прадпрыемства «Кіраўлес» суд у Кіраве прызнаў палітыка Аляксея Навальнага і прадпрымальніка Пятра Афіцэрава.

Суддзя Аляксей Уцюрын прысудзіў Навальнага да пяці гадоў пазбаўлення волі ўмоўна, Афіцэрава – да чатырох гадоў умоўна, перадае з залы суда тэлеканал «Дождь».

Акрамя гэтага, Навальны і Афіцэраў павінны будуць выплаціць штрафы па 500 тысяч рублёў.

На мінулым пасяджэнні пракуратура папрасіла прысудзіць Навальнага і Афіцэрава да пяці і чатырох гадоў умоўна. Акрамя гэтага, дзяржабвінавачанне папрасіла спагнаць з кожнага падсуднага штраф 500 тысяч рублёў.

Справа аб крадзяжы маёмасці «Кіраўлесу» разглядалася паўторна. У першы раз, як вызначыў Еўрапейскі суд па правах чалавека, Навальнага і Афіцэрава прысудзілі да ўмоўных тэрмінаў за дзеянні, якія нельга адрозніць ад звычайнага вядзення бізнесу.

«Медуза» сцвярджае, што доказы віны падсудных на другім працэсе нічым не адрознівалася ад папярэдняга.

Абвінаваўчы прысуд не дазволіць Аляксею Навальнаму ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у 2018 годзе.

ДД

Стужка навінаў