Навальнага не пусцілі на выбары. Ён заклікаў іх байкатаваць


ЦВК Расеі адмовіла ініцыятыўнай групе апазіцыянера ў вылучэнні Навальнага кандыдатам на прэзідэнта на выбарах 2018 года праз судзімасць у справе кампаніі «Кировлес».

24 снежня ЦВК прыняў у Навальнага дакументы для вылучэння на выбары.

У ЦВК заявілі, што сход групы выбарцаў у падтрымку самавылучэння блогера прайшоў у межах закона і паперы былі аформлены «пісьменна», але ён не можа балатавацца з-за непагашанай судзімасці. Паводле Канстытуцыі РФ забарона на ўдзел у выбарах на Навальнага не мусіла распаўсюджвацца, бо ён мае ўмоўную судзімасць і цяпер не ў месцы зняволення. Цэнтрвыбаркам да такіх аргументаў не прыслухаўся.

Апазіцыянер, выступаючы на ​​пасяджэнні, заявіў, што рашэнне ЦВК парушае Канстытуцыю. Таксама Навальны сказаў, што будзе абскарджваць гэтае рашэнне ў Канстытуцыйным судзе, перадае varlmamov.ru. Палітык заявіў, што не распускае сваіх штабоў па краіне, а ператварае іх у штабы байкоту выбараў, а таксама арганізоўвае назіранне за яўкаю выбарнікаў.

Пасля рашэння ЦВК блогер апублікаваў відэа з заклікам байкатаваць выбары.

«Мы аб’яўляем страйк выбарцаў. Працэдура, у якой нам прапануюць удзельнічаць, не зʼяўляецца выбарамі. У ёй удзельнічаюць толькі Пуцін і тыя кандыдаты, якіх ён асабіста выбраў, якія не маюць для яго ніякай пагрозы», – заявіў Аляксей Навальны.

Таксама палітык напісаў у Twitter пра агульнарасейскую акцыю пратэсту супраць рашэння ЦВК. Дата акцыі пакуль не называецца.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў