Навагодні зварот Лукашэнкі: галоўная праблема тэрарызм, якога ў Беларусі няма


Кіраўнікі Беларусі павіншаваў сваіх грамадзянаў з 2016-ым і пажадаў знайсці сваё шчасце і не прайсці міма яго.

Чарговая навагодняя прамова Лукашэнкі не адрознівалася па сваёй арыгінальнасці і шчырасці. Як і ў папярэднія гады ён не сказаў ані слова пра правалы ў мадэрнізацыі, перманентную пагрозу дэвальвацыі, беспрацоўе, эканамічны застой. Затое ўпікаў беларусаў, што яны «часам шукаюць шчасце не там».

Гэтым разам шмат увагі ён надаў тэрарызму, які зрэшты, паводле яго, зʼяўляецца прычынай крызісу ў нашай краіне.

 

«Адыходзячы год нагадаў усяму свету простую ісціну, якую многія сталі забываць. Жыццё – найвялікшая каштоўнасць на зямлі і права на яе – самае галоўнае з усіх правоў чалавека. На жаль, менавіта яно падвяргаецца найбольшай пагрозе. Ад тэрактаў і ваенных канфліктаў гіне ўсё больш людзей. У самых розных кутках планеты ўсё гучней галасы тых палітыкаў, хто ставіць свае амбіцыі вышэй дабрабыту народу. Відавочна, што стары светапарадак бурыцца. Ідзе новы перадзел свету, які не прынясе нічога, акрамя бед і пакут. У гэтай абстаноўцы мы яшчэ вастрэй адчуваем велізарную каштоўнасць спакою, міру і згоды ў нашай краіне. На шчасце, нам удаецца зберагчы Беларусь ад войнаў, тэрарызму і ўнутранай смуты».

Беларусы, якія абралі прадказальнасць

Ён таксама ўспамянуў 70-годдзе Перамогі і сёлетнія выбары.

«У 2015 годзе ў нас прайшлі прэзідэнцкія выбары. Мы выбіралі наш шлях, наш лёс на бліжэйшыя пяць гадоў. У кожнага была магчымасць спакойна ўспомніць мінулае, ацаніць сучаснасць і вызначыць сваю будучыню. Мы разам выбралі свет і парадак, спакой і прадказальнасць, свабоду і незалежнасць Беларусі».

«Скажу цвёрда – Беларусь пойдзе шляхам развіцця і прагрэсу. Гэта будуць разумныя перамены, зразумелыя людзям. А не шлях абвалу, ломкі і рэвалюцый. Мы не маем права згубіць нашы галоўныя каштоўнасці – згоду ў грамадстве, адзінства народа і суверэнітэт краіны».

Галоўнае – адзінства

Паводле кіраўніка, сёння ўсім нам не проста.

«Войны і разлад вядуць да крызісу ў эканоміцы. У XXI стагоддзі ўсе краіны звязаныя паміж сабой тысячамі ніцяў. Беды і бязладдзе бліжэйшых і далёкіх суседзяў неадкладна бʼюць і па нашай краіне. Няма ніякіх сумневаў, калі мы захаваем адзінства грамадства, то як і ў ранейшыя гады пераадолеем любыя цяжкасці і выпрабаванні».

 А шчасце гэтак блізка

«Стагоддзямі людзі спрачаліся аб тым, для чаго народжаны чалавек і ў чым сэнс… Але я не саграшу, калі скажу, што чалавек створаны для радасці і шчасця. Толькі парадокс у тым, што людзі часам шукаюць шчасця ў далёкіх далях, не заўважаючы, што яно побач. Яго можна знайсці ў працы, творчасці, спорце, жыцці і дзецях».

ДР, belsat.eu

.

Стужка навінаў