Навагодні Лукашэнка. Што казаў кіраўнік Беларусі ў сваіх віншаваннях


Навагодняе віншаванне Лукашэнкі ў 2018 годзе.
Фота: president.gov.by

Штогод у навагоднюю ноч з 31 снежня на 1 студзеня да беларусаў звяртаецца са сваім віншаваннем Аляксандр Лукашэнка. Не стаў выключэннем і 2019 год. Карэспандэнты «Белсату» вырашылі паглядзець, пра што ж казаў мінулыя дзесяць разоў.

Традыцыйна ў святы кіраўнік Беларусі дае пэўныя арыенціры ды планы на будучы год, падводзіць своеасаблівыя вынікі года мінулага. Збольшага ўсе гэтыя віншаванні мала адрозніваюцца адно ад аднаго. Дарэчы, усе яны былі па-расейску.

2018 год

Напрыклад, год таму Лукашэнка падкрэсліваў важнасць таго, што «мы захавалі мірнае неба для беларусаў і ў вачах нашых дзяцей няма страху і безвыходнасці ад вайны». Ён нагадваў пра будучыя чарговыя ўспаміны пра мінулую вайну ды анансаваў Еўрапейскія гульні.

2015 год

У 2015 годзе на фоне вайны ва Украіне, наступстваў акупацыі Крыму ў віншаванні кіраўніка Беларусі важнае месца заняла незалежнасць. Ён шанаваў дзядоў і прадзедаў, якія «заваявалі незалежнасць», віншаваў тых, «хто сцеражэ незалежнасць» сёння і падкрэсліваў, што на прэзідэнцкіх выбарах у кастрычніку беларусы абралі «свабоду і незалежнасць».

2014 год

Віншаванне 2015 года можна лічыць працягам 2014-га, калі зноў-такі на фоне ўкраінскіх падзеяў у галоўныя словы выбіўся «мір». Гэтае слова ў прамове кіраўніка дзяржавы згадвалася 17 разоў!

«Мір – гэта аснова жыцця і росквіту. І таму ў наступаючым 2015 годзе перадусім я жадаю ўсім нам міру – міру ў душы, міру ў сем’ях, міру ў краіне!» – гэтую фразу можна лічыць квінтэсенцыя ўсёй прамовы.

2010 год

Найбольш запамінальным можна лічыць віншаванне, якое прагучала 31 снежня 2010 года, калі ў турмах пасля разгону Плошчы сядзелі кандыдаты ў прэзідэнты і актывісты іх штабоў. Тады Аляксандр Лукашэнка ад імя «пераважнай большасці» звярнуўся да «нашай меншасці».

«Вы павінны ведаць: вас успрымаю як неадʼемную частку нашага грамадства, са сваймі мэтамі, поглядамі і імкненнямі. Вы маеце свой пункт гледжання, асаблівае разуменне светаўладкавання і развіцця нашай краіны. Гэта ваша права, якое адняць у вас ніхто не можа. Але вы павінны ведаць: ваша меркаванне нам не абыякава. І мы разам з пераважнай большасцю нашага народа будзем змагацца за вас, вашы погляды. Мы будзем шукаць шляхі да вашых розумаў і сэрцаў, таму што інакш немагчыма абʼяднаць грамадства, захаваць краіну і вырашыць задачы, якія стаяць перад намі», – заявіў тады стары новы прэзідэнт.

2019 год

На гэты ж раз, у год, калі ў краіне будуць прэзідэнцкія выбары і калі з усходу так і хочуць інтэграваць Беларусь, кіраўнік дзяржавы заявіў, што асноўным вынікам двух апошніх дзесяцігоддзяў стала пабудова суверэннай незалежнай дзяржавы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў