Нацыянал-бальшавікам не дазволілі мітынгаваць супраць падвышэння пенсійнага ўзросту


Менгарвыканкам не дазволіў 20 снежня сабрацца на мітынг на Бангалоры, сцвярджаюць беларускія нацыянал-бальшавікі.

У адказ на адпаведную заяўку сябра арганізацыйнага камітэту па стварэнні Нацыянал-бальшавісцкай партыі Беларусі была атрыманая адмова.

«Прычынай адмовы называлася тое, што на пазначаныя дату і час у дадзеным месцы запланаванае правядзенне іншага мерапрыемства, пры гэтым не напісана якога. У той жа час у адказе не было прапановаў наконт магчымых альтэрнатывах па часе і месцы правядзення мітынгу», – зазначаюць беларускія нацыянал-бальшавікі.

Яны лічаць, што такі мітынг мог бы даць магчымасць беларусам выказацца наконт падвышэння пенсійнага ўзросту, тым больш, што і Аляксандр Лукашэнка падчас перамоваў з МВФ заявіў, што гатовы пайсці на такі крок толькі пасля кансультацыяў з народам.

«А беларускія ўлады маглі б пачуць меркаванне народу. Маглі б, калі б сапраўды мелі такое жаданне. Але, на жаль, перыяд кароткай перадвыбарнай лібералізацыі чарговы раз скончыўся, і беларускія ўлады на чале з кіраўніком краіны зноў вярнуліся да фармату «аднабаковага дыялогу», якім увесь час кіруюцца падчас прыняцця важных рашэнняў», – адзначаюць нацыянал-бальшавікі.

Яны дадаюць, што пакуль адзінай пляцоўкай, дзе грамадзяне Беларусі могуць выразіць свой пратэст супраць магчымага падвышэння пенсійнага ўзросту, застаецца петыцыя на сайце change.org.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў