Нацбанк пракаментаваў інфармацыю пра існаванне дарожнай мапы аб адзінай валюце


Прэс-сакратар Нацбанку Аляксандр Цімашэнка ў каментары belsat.eu заявіў, што на дадзеным этапе перамовы пра адзіную валюту Беларусі і Расеі не вядуцца.

Учора прэмʼер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што эканамічнае падтрыманне Беларусі будзе аказвацца толькі тады, калі ўсе дарожныя мапы па інтэграцыі будуць выкананыя. ТАСС, спасылаючыся на словы Мядзведзева, паведаміла, што цяпер яшчэ не ўзгоднена дарожная мапа, якая ўключае стварэнне наднацыянальных органаў, адзіную валюту і адзіны эмісійны цэнтр.

З гэтай заявы вынікае, што адзіная валюта ўключаная ў адну з дарожных мапаў беларуска-расейскай інтэграцыі. Між тым раней улады Беларусі неаднаразова заяўлялі, што дарожныя мапы, перамовы пра якія вядуцца з верасня, не закранаюць пытанні адзінай валюты і наднацыянальных органаў.

Прэмʼер Расеі Дзмітрый Мядзведзеў і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў у Менску. 21 чэрвеня 2019 г. Фота Sergei Bobylev / TASS / Forum

Прэс-сакратар Нацбанку Аляксандр Цімашэнка звярнуў увагу на тое, што «Інтэрфакс» трохі інакш перадае словы Мядзведзева. «Інтэрфакс», у прыватнасці, паведамляў, што пасля выканання трыццаці дарожных мапаў «можна будзе паглядзець і на 31-ю» дарожную мапу «прысвечаную далейшай інтэграцыі, што ўключае такія інстытуты, як наднацыянальныя органы, адзіная валюта і адзіны эмісійны цэнтр».

«Пагадзіся, што там розніца ў словах прэм’ера даволі вялікая. Дзе праўда? Гэта трэба пытаць у расейскага прэмʼера. Але мне падаецца, што «Інтэрфакс» бліжэй ісціны», – адзначыў ён.

У Нацбанку падкрэслілі, што цяпер размова пра адзіную валюту не вядзецца.

«На дадзеным этапе ніякая дарожная мапа аб стварэнні адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру не разглядаецца, не абмяркоўваецца», – заявіў Цімашэнка.

Hавiны
Што трэба ведаць пра «дарожныя мапы» і перамовы Лукашэнкі з Пуціным
2019.12.04 16:26

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў