Нацбанк: Праблемная запазычанасць банкаў не зніжаецца так, як хацелася б


Намеснік старшыні праўлення Нацбанку Тарас Надольны пракаментаваў абслугоўванне праблемнай запазычанасці банкаў.

Паводле яго, капіталу для абслугоўвання гэтай запазычанасці дастаткова.

Адказваючы на пытанне пра стрэс-тэсты, якія праводзяцца ў банкаўскай сістэме, Тарас Надольны адзначыў, што гэтая праца здзяйсняецца ўвесь час, на штогадовай аснове, у тым ліку з удзелам незалежных аўдытарскіх кампаніяў.

«На сённяшні дзень мы не можам сказаць, што стрэс-тэсты горшыя, чым летась. Разам з тым, вядома, ёсць пэўныя пытанні з пункту гледжання якасці партфеляў банкаў у частцы праблемнай запазычанасці – яна не зніжаецца на сённяшні дзень так, як нам хацелася б», – падае словы Тараса Надольнага БелТА.

Відэасюжэт «Абʼектыву» пра праблемныя запазычанасці

«Узровень праблемнай запазычанасці ў банкаўскім сектары з’яўляецца вельмі высокім і хавае ў сабе дастаткова высокія рызыкі і пагрозы для нацыянальнай эканомікі і грамадства ўвогуле», – заявіў на мінулым тыдні ў размове з «Белсатам» аналітык Businessforecast.by Аляксандр Муха.

Сёлета замежны доўг Беларусі павялічыўся на $ 2 млрд і дасягнуў гістарычнага максімуму. Адмыслоўцы не выключаюць, што ўжо налета ратаваць банкі бюджэту прыйдзецца ўласнымі сіламі. Гэта можа выклікаць шок на валютным рынку і разагнаць кошты.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў