NATO супраць тыраніі. Першая вайна за правы чалавека


Як спрабавалі спыніць этнічныя чысткі Слабадана Мілошавіча мірным шляхам і чаму гэты варыянт не спрацаваў. Самай рэзананснай аперацыі NATO у гісторыі прысвечаны другі выпуск новага сезону міжнароднага ток-шоу «Тэрыторыя праўды».

24 сакавіка 1999 года авіяцыя Паўночнаатлантычнага альянсу нанесла першыя ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Сербіі. Мэтай аперацыі «Саюзная сіла» было завяршэнне сербска-албанскага збройнага канфлікту і этнічных чыстак на тэрыторыі Косава – аўтаномнага рэгіёну са змяшаным албанскім і сербскім насельніцтвам.

У студыі «Тэрыторыі праўды» экс-міністр друку Расеі Сяргей Грызуноў, член расейскай дэлегацыі для перамоваў з Мілошавічам, называе былога кіраўніка Югаславіі «не зусім разумным чалавекам». Ён распавядае пра тое, чаму па тэлебачанні ў Бялградзе паказвалі яго партрэт і называлі ворагам Югаславіі. Расейскі палітык успамінае і пра тое, як дэлегацыя, якой ён удзельнічаў, спрабавала не дапусціць сілавога ўмяшальніцтва NATO, і чаму місія пацярпела паражэнне, а таксама чаму Расея не накіравала войска і ўзбраенне па дапамогу Белграду.

Генерал Бэн Годжэз, камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе 2014–2017 гг. так ацэньвае тыя падзеі:

«Былі тысячы еўрапейцаў, забітых іншымі еўрапейцамі. Таксама ў выніку пачаўся крызіс бежанцаў. Гэтая нестабільнасць на Балканах патэнцыйна магла распаўсюдзіцца на іншыя часткі Еўропы. Еўрапейскія краіны і ААН паспрабавалі вырашыць праблему з дапамогай міратворчых місіяў. Яны спрабавалі вырашыць пытанне мірна, але беспаспяхова»

Дыпламатыя пацярпела паразу. Без згоды Арганізацыі Абʼяднаных нацый Альянс адважыўся на вайсковую аперацыю, якую назваў «першай у гісторыі вайной за правы чалавека». Аперацыю «Саюзная сіла» дагэтуль жорстка крытыкуе Расея, ды выкарыстоўвае яе як аргумент у супрацьстаянні з заходнімі краінамі.

  • Ці была аперацыя NATO «Саюзная сіла», скіраваная супраць рэжыму Слабадана Мілошавіча, непазбежнай?
  • Ці бамбаванні Югаславіі – меншае зло ў параўнанні з дзеяннямі сербскага войска?
  • Ці дапушчальнае легальнае ўжыванне сілы супраць суверэннай дзяржавы?

Пра гэта дыскутуюць вядучыя і эксперты новага сезону міжнароднага ток-шоу «Тэрыторыя праўды», прысвечанага дваццатай гадавіне пашырэння Альянсу на Усход і 70-годдзю заснавання NATO. Праграму вядуць журналісты Віталь Портнікаў (Украіна) і Святлана Калінкіна (Беларусь).

У ток-шоу ўдзельнічаюць эксперты з чатырох краін:

Сяргей Грызуноў, былы міністр друку Расеі, пісьменнік, журналіст, прафесар, Расея.

Андрэй Цецярук, народны дэпутат Украіны, палкоўнік, камандзір добраахвотніцкага батальёна міліцыі спецыяльнага прызначэння «Міратворац», Украіна.

Павел Флэйшар, прэзідэнт Інстытуту прагназавання і міжнародных даследаванняў, эксперт у пытаннях бяспекі, Польшча.

Марус Лаўрынявічус, вядучы эксперт Віленскага інстытуту палітычнага аналізу, Літва.

На працягу сакавіка кожную сераду а 21:25 глядзіце «Тэрыторыю праўды» у эфіры нашага тэлеканала, а затым на старонцы belsat.eu і YouTube-канале Вот так.

Стужка навінаў