НАТО распачынае самыя буйныя вучэнні ў Еўропе з часоў халоднае вайны


Дзясяткі тысячаў жаўнераў і тысячы адзінак баявой тэхнікі збіраюцца ў Нарвегіі ў гэтыя дні для ўдзелу ў вучэннях Паўночна-атлантычнага альянсу. Самыя манеўры пройдуць з сёння да 7 лістапада. Што стаіць за самымі маштабнымі вучэннямі НАТО і для чаго Масква ды Альянс нарошчваюць свае сілы за Палярным колам?

У госці да вікінгаў

Мэта вучэнняў «Trident Juncture 2018» – аказаць стрымальнае дзеянне і падрыхтавацца да абароны «ад любой пагрозы, з любога кірунку і ў любы час», – заявіў камандзір манеўраў амерыканскі адмірал Джэймз Фога.
Сцэнар прадугледжвае супольныя дзеянні ў выпадку парушэння суверэнітэту Нарвегіі – сябра НАТО. Аднак, апроч уласна афіцыйных саюзнікаў, у вучэннях будуць таксама браць удзел сілы нейтральных Швецыі ды Фінляндыі, а яшчэ і ўкраінскія вайскоўцы.
Ролік Мінабароны Нарвегіі з запрашэннем на вучэнні «Trident Juncture 2018»
Апроч таго, мэта – адпрацоўка аперацыяў адзінай групоўкі сілаў рэагавання НАТО. «У межах вучэнняў будзе дзеяць 5-тысячная перадавая баявая група – Аб’яднаная групоўка самай высокай гатовасці», – цытуе Фога сайт Мінабароны ЗША. Плануецца, што Абʼяднаная групоўка НАТО самай высокай аператыўнасці мусіць быць гатовая да баявога разгортвання за 48 гадзінаў.
Асноўныя манеўры наземнай, паветранай і марской армады пачнуцца 25 кастрычніка, аднак папярэдні этап вучэнняў ужо стартаваў каля берагоў Ісландыі ды на поўначы Нарвегіі. Тут будуць прыкрываць з паветра высадку марской пяхоты ЗША самалёты з атамнага авіяносца «Гэры Трумэн» – упершыню з 1989 года амерыканскі авіяносец бярэ ўдзел у вучэннях НАТО.
Авіяносец «Гэры Трумэн» нясе да 90 баявых самалётаў і верталётаў. Фота U.S. Navy
Усяго вучыцца ваяваць тут будуць каля 50 000 жаўнераў, 150 самалётаў і верталётаў, 70 вайсковых караблёў з 31 краіны.

Чаму Нарвегія?

Апроч Польшчы і краінаў Балтыі, Нарвегія – адзіная краіна-сябар НАТО, якая мае сухапутную мяжу з Расеяй. Таксама Осла і Масква маюць вялікую марскую мяжу за Палярным колам, якая ўжо доўгі час абʼект спрэчак. Абодва бакі думаюць пра запасы нафты і прыроднага газу, якія могуць быць у арктычным шэльфе.
Расейскія жаўнеры, якія вучацца ваяваць на Скрайняй Поўначы. Фота Мінабароны РФ
Суседнія нейтральныя Швецыя і Фінляндыя таксама выказвалі сваю занепакоенасць адносна рэзкага падвышэння вайсковай актыўнасці Расеі каля сваіх межаў. Расейцы будуюць новыя і павялічваюць старыя вайсковыя базы ў Арктыцы, вайсковая авіяцыя РФ неаднаразова была заўважаная ў інцыдэнтах з самалётамі скандынаўскіх краінаў.
Тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў Арктыцы. Інфаграфіка armytimes.com
З пачатку неабвешчанай вайны Расеі супраць Украіны Фінляндыя і Швецыя сталі актыўна абмяркоўваць далучэнне да НАТО, а Нарвегія абвесціла, што аддасць каля $ 20 мільярдаў на рэарганізацыю і пераўзбраенне сваёй арміі.
«Мы не можам выключаць магчымасці таго, што Расея будзе разглядаць выкарыстанне вайсковай сілы як магчымага інструменту ў Запалярным рэгіёне. Таксама, хоць патэнцыяльны крызіс наўрад ці ўзнікне ў беспасярэдняй блізкасці ад Нарвегіі, на нас можа беспасярэдне паўплываць канфлікт, які пачнецца ў іншым рэгіёне», – гаворыцца ў афіцыйным апісанні доўгатэрміновага плану развіцця нарвежскай арміі, які быў прэзентаваны ў 2016 годзе.
Нарвежскія жаўнеры на зімовых вучэннях. Фота Мінабароны Нарвегіі
Нарвегія, як і Фінляндыя, захоўвае прызыўную армію, а некалькі гадоў таму першая ў Еўропе пачала прызыў на вайсковую службу і жанчын.
Абаронны бюджэт Нарвегіі вырас з $ 5,8 мільярдаў у 2014 годзе да $ 6,5 мільярда ў 2018 годзе і плануе падвышаць яго далей. Бюджэт беларускага Мінабароны ўжо не першы год застаецца каля адзнакі $ 0,5 мільярда.

Не толькі Поўнач

Улетку на тэрыторыі Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы адбыліся вучэнні «Saber Strike», у якіх узялі ўдзел 18 000 жаўнераў з 19 краінаў НАТО, а ў лістападзе ў Польшчы адбудуцца вучэнні «Анаконда» прыкладна з 10 000 жаўнерамі з 10 краінаў.
Сустрэча амерыканскіх жаўнераў на БТР «Stryker» жыхарамі Беластоку падчас вучэнняў «Atlantic Resolve» ўвесну 2015 г.
Таксама ў лістападзе пройдуць вучэнні НАТО аб вайне ў віртуальнай прасторы – «Cyber Coalition, цэнтрам якіх стане Аб’яднаны цэнтр рыхтавання кіберабароны НАТО ў эстонскім Таліне.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu
Стужка навінаў