НАТО правяло рэпетыцыю абароны ад расейскай атакі на лініі Горадня – Калінінград


У манеўрах узялі ўдзел паўтары тысячы брытанскіх і амерыканскіх жаўнераў.

Амерыканскія і брытанскія войскі правялі першую буйнамаштабную сімуляцыю НАТО па абароне польска-літоўскай мяжы ад магчымага захопу яе Расеяй.

100-кіламетровая мяжа паміж двума чальцамі НАТО – так званы «Сувалскі разрыў» – праходзіць па палях, лясах і невялікіх пагорках. Гэта лінія злучае на мапе Беларусь і Калінінградскую вобласць Расеі, хаўруснікаў па АДКБ.

У выпадку магчымай агрэсіі з боку Расеі і захопу Сувалскага разрыву, краіны Балтыі аказваюцца адрэзанымі ад іншых краінаў альянсу.

Расея заяўляе, што не мае планаў захопу балтыйскіх краінаў, а таксама кажа, што стабільнасці ва Усходняй Еўропе пагражае менавіта НАТО, нарошчваючы тут сваю вайсковую прысутнасць і ладзячы гэткія ваенныя гульні.

Амерыканскі вайсковы канвой рухаецца ў бок гораду Сувалкі. 17 чэрвеня 2017 года. Фота – Ints Kalnins / Reuters.

Бэн Ходжес, які камандуе сіламі ЗША ў Еўропе, кажа агенцтву Reuters, што невядома, «нападзе Расея ці не», але ваенныя гульні «неабходныя для дэманстрацыі гатовасці альянсу».

«Мы мусім практыкавацца, – кажа Ходжэс. – Мы павінныя прадэманстраваць, што можам падтрымаць саюзнікаў у захаванні кантролю на гэтым разрывам».

У вучэннях на гэтых выходных узялі ўдзел 1500 вайсковых службоўцаў. На думку Літвы, каб абараніць разрыў у выпадку рэальнай вайсковай аперацыі, жаўнераў «спатрэбіцца больш».

ДД

Стужка навінаў