NATO перакінула да мяжы з Беларуссю 17 500 жаўнераў – і вось чаму


У Польшчы і балтыйскіх краінах скончыўся першы, палявы этап найбуйнейшых за сёлета ў нашым рэгіёне вайсковых вучэнняў «Анаконда». У краінах Альянсу прызнаюцца, што найцяжэйшыя баі адбываюцца не на палігонах. З кім павінныя пазмагацца заходнія вайскоўцы, каб проста рушыць з базаў – у матэрыяле Дзяніса Дзюбы.

«Анаконда» – нацыянальныя вучэнні рэгіянальнага маштабу. Цягам двух тыдняў 12,5 тысячаў жаўнераў з 10 краінаў NATO практыкаваліся на польскіх палігонах, яшчэ пяць тысячаў салдатаў – у краінах Балтыі. Адмысловую антытэрарыстычную аперацыю адпрацавалі беспасярэдне ў басейне Балтыйскага мора.

Польскія вайсковыя базы і базы НАТО, якія бяруць удзел у вучэннях «Анаконда»

Арганізатары кажуць, што галоўная мэта манеўраў – «карысны і рэалістычны трэнініг» ды спраўджанне гатовасці да поўнамаштабнай аб’яднанай абарончай аперацыі.

«Анакондаю» кіруе польскі генерал, а кантралюе польскі міністр абароны. Вучэнні незвычайныя не толькі тым, што яны ўпершыню выйшлі па-за межы Польшчы, але перадусім тым, што ўпершыню тэстуюць сыгранасць камандавання ўздоўж усходняга флангу NATO, які сфармаваўся ў выніку рэакцыі Альянсу на расейскую агрэсію супраць Украіны.

«Вучэнні бываюць на ўзроўні тактычным, аперацыйным і стратэгічным. «Анаконда» адбываецца на ўзроўні аперацыйным», – удакладняе рэдактар парталу «Defence24.pl» Рафал Лесецкі.

Найвялікшая адказнасць за поспех вучэнняў ляжыць на кіраўніцтве флангу – дывізіі «Поўнач–Усход» з польскага Эльблёнгу.

«Найважнейшае – гэта досвед самога камандавання і штабоў у іх працы над аналізам нейкага канкрэтнага сцэнару. Кожныя манеўры закліканыя не толькі навучыць жаўнераў, але спраўдзіць пэўныя элементы і часткі рэальных абаронных планаў», – кажа былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы.

На практыцы гэтае азначае не толькі і не столькі эфектныя вучэбныя баі на палігонах, колькі развязанне бюракратычных праблемаў.

«У розных краінах Еўразвязу дзеюць розныя правілы перавозу выбуховых сродкаў і зброі. У сувязі з гэтым патрэбныя розныя згоды. Можа быць так, што войска гатовае да маршу, але будзе тыднямі чакаць папяровых фармальнасцяў», – кажа былы віцэ-міністр абароны Польшчы Януш Анышкевіч.

Польшча і балтыйскія краіны выдатна разумеюць, што іхныя ўласныя ўзброеныя сілы ад Расеі іх не абароняць, таму і разлічваюць на саюзнікаў з NATO – у першую чаргу на Злучаныя Штаты.

«Літоўскі інтарэс – вельмі просты. Мы хочам, каб увесь патэнцыял NATO, які абараняе нас тут, у нашым рэгіёне, быў бы здольны гэта рабіць не толькі тэарэтычна, але і практычна», – кажа Лаўрынас Касчунас з камітэту нацыянальнай бяспекі літоўскага Сейму.

Апроч «папералогіі», падчас «Анаконды» NATO адпрацоўвала – зрэшты, не першы і, відаць, не апошні раз – перакід тысячаў жаўнераў пад самую беларускую мяжу – да кароткага, менш як стокіламетровага кавалку сухапутнага калідору паміж Польшчаю і Літвой.

Як дакладна выглядае сцэнар сёлетняй «Анаконды» – невядома: вайскоўцы трымаюць яго ў таямніцы. На пытанне, ад каго вучацца абараняцца палякі з саюзнікамі, эксперты адказваюць дыпламатычна

«Мова не вядзецца тут пра тое, што гэта беларускі кірунак. Гэта проста месца ва ўсходняй Польшчы, менавіта тут магчымая атака, але не таму, што там Беларусь, а таму, што там Расея», – кажа Рафал Лесецкі.

Зрэшты, што дзіўнага было б у тым, каб NATO рыхтавалася да ўдару з беларускага боку? Беларусь самая змушае адносіцца да сябе як да патэнцыйнага ўдзельніка агрэсіі. Польскія палітыкі прыгадваюць, што вайсковы саюз Беларусі з Расеяй утварыўся задоўга да пашырэння NATO на ўсход – і Варшава тады не пратэставала.

«Калі Беларусь падпісвала вайсковую дамову з Расеяй, у Польшчы не было ніякага супраціву: мы шанавалі права Менску выбіраць той абаронны саюз, які ён палічыць уласцівым. Мы чакалі гэткага стаўлення з боку Расеі і яе саюзнікаў, калі мы хацелі ўвайсці ў NATO, але гэтае права трэба было літаральна адваяваць», – узгадвае Януш Анышкевіч.

Польшча, Літва, Латвія і Эстонія маральна гатовыя да таго, што калі-небудзь ім зноў, магчыма, давядзецца адваёўваць літаральна таксама сваю тэрыторыю – таму і вучацца гэта рабіць разам з саюзнікамі.

Сюжэт выйшаў у выданні «Прасвету з Алінай Коўшык» 16 лістапада

Стужка навінаў