Пра Беларусь на спатканні лідараў дзяржаваў NATO выказаліся прэзідэнты Латвіі ды Польшчы. Падчас саміту пад Лонданам Альянс адзначыў свой 70 дзень народзінаў у няпростай сітуацыі спрэчак і шантажу. Але спатканне скончылася поспехам. Галоўныя спрэчкі прыціхлі, прынамсі пакуль лідары падпісалі выніковую дэкларацыю. Якія галоўныя пагрозы бяспецы бачыць NATO? Рэпартаж з Лондану Сяргея Пелясы ды Ігара Кулея.
Смерці мозгу NATO не адбылося, не зважаючы на гучную заяву французскага прэзідэнта Макрона напярэдадні саміту Паўночнаатлантычнага альянсу ў Лондане.
Доналд Трамп пракаментаваў меркаванне лідара Францыі:
«Ніхто не патрабуе NATO больш як Францыя. Мы, ЗША, атрымліваем менш за ўсіх».
Цягнуць коўдру на сябе натуральна, але па факце: лідары 29-ці краінаў – чальцоў альянсу ўсцяж здольныя дамаўляцца, не зважаючы на ўсё большы падзел на рэгіёны інтарэсаў унутры самой арганізацыі.
Яшчэ ў сераду раніцаю падавалася, што да 70-й гадавіны NATO краіны Паўночнаатлантычнага альянсу падышлі з рэкорднаю колькасцю рознагалоссяў і непаразуменняў. Турцыя ставіла ўльтыматумы і дамагалася прызнання курдскіх сілаў у Сірыі тэрарыстычнымі. Іншыя краіны не пагаджаліся. Усходні фланг блоку, у першую чаргу краіны Балтыі, настойвалі на тым, што Расея ёсць не меншаю пагрозаю за глабальны тэрарызм. Падавалася, не ўсе падпішуцца і пад такою фармулёўкаю.
У выніку – вялікі кампраміс у канчатковай дэкларацыі. Тэрарызм, Расея і Кітай – вось самыя вялікія пагрозы ды выклікі для NATO. У найбліжэйшыя 5 гадоў альянс павялічыць выдаткі на абарону на беспрэцэдэнтныя $ 400 млрд. А Польшча і краіны Балтыі атрымалі жаданыя абноўленыя планы ў абароне. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падсумаваў паездку словам «фантастыка».
Каментуе Жыгімантас Павілёніс, дэпутат Сейму Літвы ад апазіцыйнай партыі «Саюз Айчыны», ранейшы амбасадар Літвы ў ЗША:
«На жаль, Турцыя выкарыстала нас дзеля сваіх інтарэсаў. Але Турцыя – сур’ёзны саюзнік для нас, яна вельмі важная ў рэгіёне, напрыклад, для Грузіі. Таму я лічу, што гэта проста непаразуменне».
Адступіўшы ад свайго папярэдняга ўльтыматуму – прызнаць тэрарыстычнымі курдскія сілы ў Сірыі ўзамен за новы абаронны план для дзяржаваў Балтыі ды Польшчы, – турэцкі прэзідэнт Эрдаган забіў двух зайцоў адным стрэлам. Усе зразумелі, што Анкара патрабуе да сябе больш увагі, да таго ж за паслугу альянсу давядзецца заплаціць Турцыі нейкай іншаю паслугаю. Значна большаю, чымся апраўданне кантракту на пастаўкі расейскіх супрацьпаветраных сістэмаў С-400.
Енс Стольтэнбэрг, генеральны сакратар NATO:
«Шмат хто з саюзнікаў непакоіўся. Я таксама – наконт наступстваў гэтага рашэння. Але расейскія комплексы С-400 ніколі не будуць інтэграваныя ў NATO. Яны ніколі не будуць часткай агульнай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Гэта будзе асобная – неінтэграваная – сістэма».
Дапамаглі Польшчы ды краінам Балтыі, якія адчуваюць пагрозу з боку Расеі, і беспасярэднія дзеянні Крамля. У Лондане пасля двух атручванняў – Літвіненкі і Скрыпаля – ілюзіяў не маюць. Напярэдадні да ўмоўнага «клубу» далучылася Нямеччына. Падазронае забойства былога чачэнскага паўстанца ў цэнтры Берліну, і як вынік – высылка двух расейскіх дыпламатаў. Ужо постфактум да «клубу» можа далучыцца Францыя, на тэрыторыі якой знайшлі расейскую шпіёнскую базу. Бывалі там і сумна вядомыя Пятроў ды Башыраў. Наўрад ці Макрон гатовы паціскаць руку такой Расеі.
Прэзідэнт Трамп, які пры кожнай нагодзе любіць паўтараць, што толькі частка чальцоў NATO выдаткоўвае належныя 2 % на абарону, сабраў на саміце свой міні-клуб. За сталом былі лідары толькі дзевяці дзяржаваў, якія выконваюць гэты план. Вось толькі палітыка – гэта не бізнес: амерыканскаму лідару варта памятаць, што за статус супердзяржавы трэба плаціць.
На вялікі жаль, беларускае пытанне на саміце ніякім чынам не гучала. У адрозненне ад папярэдняга – варшаўскага – саміту ў 2016 годзе, не запрасілі нават беларускіх экспертаў. Аднак падчас выніковых прэс-канферэнцыяў журналісты «Белсату» і «TVP Info» запыталі прэзідэнтаў Латвіі ды Польшчы, ці пуцінскія планы інтэграцыі Беларусі не пагражаюць NATO.
Гаворыць Анджэй Дуда, прэзідэнт Польшчы:
«Гэта рашэнне кожнай суверэннай дзяржавы: у якія саюзы яна ўваходзіць, якім чынам вырашае свае ўнутраныя і палітычныя пытанні. Мы – прыхільнікі дэмакратыі і лічым, што дэмакратыя – гэта тая сістэма, якая найлепей сябе паказала ў гісторыі ды найлепей функцыянуе. Але кожная краіна мае права прымаць уласныя суверэнныя рашэнні».
Эгілс Лэвітс, прэзідэнт Латвіі, заявіў:
«Гэтае пытанне сёння не абмяркоўвалася. Аднак НАТО ўважліва назірае за падзеямі ва ўсходняй Еўропе. Латвія заўсёды за дзяржаўнасць Беларусі і мы падтрымліваем намаганні па ўзмацненні гэтай дзяржаўнасці».
Ёсць і нябачная частка айсбергу пад назваю Беларусь – NATO. У важных кабінетах ужо нейкі час рыхтуюцца два дакументы аб супрацы: дамова пра абмен інфармацыяй ды індывідуальная праграма супрацы і партнёрства.
Каментуе Юрый Царык, Цэнтр стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў, Менск:
«З аднаго боку, працэс паглыблення інтэграцыі выклікае непакой сярод краінаў NATO, лідараў гэтых краінаў. Аб гэтым кажуць эксперты. Абмеркаванне ідзе, але не ў фармаце саміту. З іншага боку, з-за ўнутраных супярэчнасцяў, з-за таго, што Беларуссю няма калі займацца, планавальнікі NATO пераходзяць у рэжым успрыняцця Беларусі як ледзь не часткі Расеі».