«НАТО гатовае абараняцца». ЗША прыхавана падвоілі свае войскі пад беларускай мяжой


Суседзі Беларусі рыхтуюцца да «чорнага сцэнару» развіцця вучэнняў «Захад». У Швецыі, Польшчы і ўва Украіне адбываюцца паралельныя вучэнні – каб у выпадку расейскай агрэсіі войска было гатовым абараніцца. Злучаныя Штаты пайшлі далей. Вашынгтон разам з Варшавай прыхавана павялічыў удвая колькасць сваіх вайскоўцаў на ўсходніх межах НАТА. Як ім гэта ўдалося зрабіць не парушаючы дамоваў з Расеяй? Падрабязнасці ў сюжэце Сяргея Пелясы

Амерыканскія танкі і бронемашыны прыплылі ў польскі Гданьск 13 верасня – за дзень да афіцыйнага пачатку «Захаду-2017».

«Вучэнні «Захад» не ўплываюць на нашыя аперацыі. Тое што вы бачыце тут – планавалі месяцамі. Мы робім ратацыю, якую называем у ЗША «счапленне і тормаз». Мы імкнемся трымаць бронебрыгаду ў нашых саюзнікаў у Польшчы, Румыніі ды балтыйскіх дзяржавах», – заяўляе генерал-маёр арміі ЗША Стывен Шапіра.

Сілы амерыканскай брыгады раскіданыя па ўсходніх межах НАТА. Новыя вайскоўцы заменяць часткі, якія знаходзяцца над Віслай ад студзеня і пачнецца другая ратацыя амерыканскай арміі ў нашых суседзяў. На час замены кантынгентаў у Польшчы знаходзяцца падвойныя амерыканскія сілы: яшчэ не выехалі войскі першай ратацыі, а ўжо прыбылі – другой. Невыпадкова гэта сталася адначасова з вучэннямі «Запад-2017».

«Гэта можа быць свядомае дзеянне, яго маглі раней запланаваць. Расейскія вучэнні акрамя тэставання новай дактрыны, акрамя праверкі ўпэўненасці ў тым, што Расея магла б выйграць рэгіянальны канфлікт у Еўропе, могуць стаць прыкрыццём для правядзення нечаканай аперацыі», – лічыць эксперта Польскага інстытуту міжнародных справаў Войцех Лёрэнц.

Відавочна што першую ратацыю амерыканскіх войскаў адмыслова запланавалі на студзень 2017-га, каб праз 9 месяцаў прызначаных на побыт кантынгенту, замяніць яго на другі. Такім чынам на час замены, акурат падчас «Захаду» трымаць у Польшчы моцны контраргумент у форме амерыканскай танкавай брыгады.

«Такім неправакацыйным чынам, крыху можа незаўважана для шырокай грамадскасці, пачаліся дзеянні, якія павінны павялічыць здольнасць адпужаць агрэсара і даслаць ясны сігнал у бок Расеі, што саюзнікі гатовыя адразу пачаць абарончую аперацыю, – кажа Лёрэнц.

Акрамя танкавай брыгады ў трох балтыйскіх дзяржавах і ў Польшчы знаходзяцца шматнацыянальныя батальённыя групы, колькасць якіх у суме налічвае каля 5000 вайскоўцаў.

«Колькасць амерыканскага персаналу ў Польшчы і ў балтыйскіх дзяржавах вельмі малая ў параўнанні з гісторыяй і таксама вельмі малая ў параўнанні з колькасцю ўдзельнікаў «Захаду 2017». Гэта як бы гульня ў паддаўкі, гэта не вельмі важна. Ідзе падрыхтоўка значна большай сілы – 40 тысячаў жаўнераў, але Еўрапейскі звяз і НАТА яшчэ іх не падрыхтавалі. Але нават 40 тысячаў супраць 100 расейцаў якія сядзяць на мяжы – гэта не вельмі добрыя суадносіны ў выпадку вайны», – кажа журналіст агенцыі EBX Media Брайэн Магўайр.

Польшча, балтыйскія дзяржавы і Швецыя занепакоеныя расейскай анексіяй Крыму і падтрыманнем сепаратыстаў на Данбасе. Нават нейтральны Стакгольм, які не ўдзельнічае ў НАТА, за дзень да «Захаду» пачаў найбольшыя за апошнія 24 гады вайсковыя вучэнні «Аўрора». У іх удзельнічае каля 20 тысячаў жаўнераў пад. Шведы спачатку падрыхтавалі ўласныя сілы для прыняцця партнёраў.

«На наступным этапе да нас у Гётэборг прыбудуць міжнародныя сілы. Яны тут, каб пратэставаць шведскія магчымасці абараніцца ад буйнейшага, вытанчанага апанента», – заяўляе галоўнакамандуючы арміяй Швецыі Пэр Мікаэль Бюдэн.

Галоўнакамандуючы шведскай арміі Пэр Мікаэль Бюдэн (справа) размаўляе з амерыканскім жаўнерам падчас вучэнняў «Аўрора-17». Гётэборг, Швецыя. 13 верасня 2017 год. Фота – Johan Ahlander/Reuters

Шведы вырашылі праверыць свае сілы на выпадак «чорнага сцэнару». У гэтых вучэннях, у першую чаргу ўдзельнічаюць балтыйскія дзяржавы, што паказвае што гэта супольны стратэгічны інтарэс. Але ў Скандынавію прыбылі таксама амерыканскія і французскія войскі.

«То бок, ядравыя дзяржавы: гэта азначае, што патэнцыйная атака на сілы размешчаныя ў Швецыі пагражала б эскалацыяй да ядравага ўзроўню, – кажа Лёрэнц. – Гэта ўскладняе расейскія планы».

Шведы з партнёрамі сфакусуюцца на абароне сталіцы і выспы Готланд.

«Мы хочам даслаць сігнал што Злучаныя Штаты абавязаліся падтрымліваць бяспеку і стабільнасць у Еўропе, як заўсёды. Усё што папярэдняя адміністрацыя сказала летась пра ратацыйныя сілы ў Еўропе, пра павелічэнне выдаткаў, пра размяшчэнне абсталявання адбываецца сёлета пры новай адміністрацыі. І колькасць прызначаных на гэта грошай павялічылася на мільярды», – кажа генерал Бэн Ходжэз, камандуючы арміяй Злучаных штатаў у Еўропе.

У выпадку агрэсіі супраць Латвіі, Літвы ды Эстоніі пад пагрозай аказаліся б не толькі балтыйскія дзяржавы ці Польшча, але і шляхі камунікацыі якімі НАТА магло б дасылаць дапамогу для іх.

«У інтарэсе Расеі можа быць гульня на апярэджанне і заняцце выспы Готланд каб размясціць там сістэмы супрацьпаветранай, супрацьракетнай і супраць карабельнай абароны. Гэта ўскладніла б Альянсу правядзенне паветранай і марской аперацыяў і атрыманне перавагі на Балтыцы», – кажа Войцех Лёрэнц.

У верасні вучэнні адбываюцца па ўсім усходнім флангу НАТА.

У Польшчы 25-29 верасня пройдуць маштабныя манеўры «Дрэган» з удзелам 17 тысячаў жаўнераў, як польскіх, гэтак і натаўскіх саюзнікаў. Ва Украіне ўжо пачаўся «Хуткі Трызуб» з удзелам 1800 вайскоўцаў – украінцаў і натаўскіх партнёраў. А ў Літве – міжнародныя спаборніцтвы снайпераў.

«Асноўныя праблемы, якія мы маем, звязаныя з адсутнасцю празрыстасці з расейскага і, магчыма, беларускага боку. Відавочна, што значна больш войскаў будуць удзельнічаць у вучэннях, чым паведамляецца», – заяўляе міністр абароны Літвы Раймундас Каробіс.

Таму трэба быць гатовымі да нечаканасцяў і трымаць порах сухім, асабліва да моманту, пакуль расейскія войскі, згодна з абяцаннем, не пакінуць нашую тэрыторыю да 30 верасня

Сяргей Пеляса, фота вокладкі – Alexei Pantsikov/TASS

Сюжэт выйшаў у эфір ў выданні праграмы «ПраСвет» 15 верасня

  • Што схавана за фасадам вучэнняў як ад гэтага прайграе Беларусь?
  • Як карцінка манеўраў у медыях адрозніваецца ад рэальнасці ды чаму Літву непакояць беларуска-расейскія манеўры?
  • Як дзейнічае расейская «мяккая сіла» у Беларусі і што беларусы ёй супрацьпастаўляюць?
  • Што прынясе Беларусі гімнастыка Лукашэнкі паміж Кітаем ды Індыяй?
Стужка навінаў