НАТО Доналда Трампа: Дапамажыце нам біць тэрарыстаў, а мы вас абаронім


У чацвер у Бруселі адбылося пазачарговае спатканне лідараў краінаў-удзельніц НАТО. Нагодай для зʼезду прэзідэнтаў і прэмʼераў стала ўрачыстае адкрыццё новага будынку штаб-кватэры Альянсу. Але насамрэч міні-саміт быў патрэбны дзеля агульнага знаёмства з Доналдам Трампам і вызначэння, чаго чакаць далей ад Злучаных Штатаў у складзе НАТО. Падчас прэзідэнцкіх выбараў кандыдат Трамп заяўляў, што НАТО састарэла і зашмат бярэ грошай ад ЗША. Але прэзідэнт Трамп кажа трошкі іншае. І, падобна, варта чакаць не скарачэння натаўскіх сілаў, а зусім наадварот. Што хаваецца за афіцыйнымі цырымоніямі, разбіраўся Яраслаў Сцешык.

Калі будавалі НАТО, абарона еўрапейскіх саюзнікаў была для Злучаных Штатаў пытаннем жыцця і смерці. Не дасі грошай і танкаў – будзеш мець чырвоны сцяг над Белым Домам. Але сёння іншыя рэаліі: для Злучаных Штатаў Расея з усімі яе ракетамі і зялёнымі чалавечкамі – меншая пагроза, чым маштабныя тэрарыстычныя атакі ісламістаў.

«Мае вандроўкі і сустрэчы далі мне новую надзею, што народы рознага веравызнання змогуць абʼяднацца, каб перамагчы тэрарызм, агульную пагрозу для ўсяго чалавецтва», – заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Галоўнае, што запатрабаваў ад саюзнікаў Трамп на міні-саміце ў Бруселі – больш самастойнасці, больш унёску ў агульную абарону. Злучаныя Штаты абароняць, калі што, але давайце выконваць абяцанне трохгадовай даўніны – падвысіць выдаткі на абарону да 2-х адсоткаў Валавога ўнутранага прадукту.

«Чальцы НАТО мусяць нарэшце ўнесці сваю справядлівую долю і выканаць свае фінансавыя абавязальніцтвы. Але 23 з 28-мі краінаў-удзельніц усё яшчэ не плацяць столькі, колькі мусяць плаціць за сваю абарону. Гэта несправядліва адносна людзей і падаткаплатнікаў Злучаных Штатаў, і шмат хто з гэтых краінаў вінен вялікія сумы грошай за мінулыя гады», – заявіў Трамп.

Сёння толькі пяць краінаў НАТО вылучаюць 2 адсоткі на абарону – Злучаныя Штаты, Грэцыя, Вялікая Брытанія, Эстонія і Польшча. Да канца наступнага года да гэтага паказніка плануюць наблізіцца Румынія, Латвія і Літва. Супраць падобнага паскарэння тэмпаў – Нямеччына, краіна з наймацнейшай эканомікай у Еўразвязе і з сумным гістарычным досведам мілітарызацыі.

Артур Кацпшык, Польскі інстытут міжнародных справаў (PISM):

«Немцы хвалююцца, што не змаглі б адпаведна спажыць павелічэнне выдаткаў на абарону. Цяпер яны выдаюць на абарону 1,2%. Павелічэнне да двух адсоткаў стала бы павелічэннем вайсковага бюджэту на 40%, амаль на палову. Тады б Нямеччына стала бы краінай з найбольшым абаронным бюджэтам у Еўропе, і трэцім ці чацвёртым краінай у сусветным маштабе».

Дык што, ЗША будзе змагацца з тэрарыстамі на Блізкім Усходзе, і не абароніць саюзнікаў ад магчымай агрэсіі Масквы? Хутчэй наадварот. Паводле экспертаў, у заявах Трампа добра бачная бізнес-прапанова: вы дапамагаеце нам біць тэрарыстаў, мы дасылаем вам свае танкі, авіяцыю ды жаўнераў.

«Днямі Пентагон прадставіў праект бюджэту на наступны год, у якім закладзена павелічэнне выдаткаў на дадатковую прысутнасць амерыканскіх войскаў у Еўропе, асабліва на ўсходнім флангу: у Польшчы, краінах Балтыі, Румыніі, Балгарыі і іншых краінах. Павелічэнне на 40 адсоткаў да 5 мільярдаў долараў», – адзначае Кацпшык.

Гэта падчас выбараў Доналд Трамп заігрываў з Масквой, а ў Бруселі назваў Расею адной з пагрозаў. Погляды Трампа эвалюцыянавалі, дзякуючы змене дарадцаў у адміністрацыі, дый сама Масква дапамагла.

«Былі расейскія правакацыі супраць амерыканскіх самалётаў і баявых караблёў у Чорным моры. Расея працягнула парушаць Дамову аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і малой дальнасці наземнага базавання – не толькі тэставала гэтыя ракеты, але і пачала іх разгортваць», – кажа Артур Кацпшык.

Гэта тыя самыя «Іскандэры», якія не варта смяшыць, разгорнутыя ў розных рэгіёнах Расеі. Занадта высока Крэмль падняў стаўкі, каб яму саступаць. Таму, паводле адмыслоўцаў, запланаванага Пуціным абмену Сірыі на Украіну таксама не адбудзецца.

Войцех Лёрэнц, Польскі інстытут міжнародных справаў (PISM):

«Калі Расея будзе звязваць магчымасць супольнай барацьбы з так званай Ісламскай дзяржавай са зніжэннем амерыканскага ціску за дзейнасць Расеі ва Украіне, з тым, каб Захад забыў пра Менскія пагадненні, то на такую дамову ні Злучаныя Штаты, ні галоўныя гульцы Еўразвязу не пойдуць, а будуць змагацца з ісламістамі самастойна. Хоць без Расеі гэта будзе цяжэй».

Трамп дзейнічае груба, недыпламатычна, і парушае этыкет ледзь не штогадзіны. Але ў выніку атрымліваецца, што з праціўніка НАТО ён можа стаць ініцыятарам хутчэйшага ўзмацнення Альянсу.

Іншыя тэмы«ПраСвету» з Алінай Коўшык  

  • Дыпламатыя Лукашэнкі. Поспех ці параза Беларусі?
  • Расце экспарт зброі, але ці ўзмацняецца беларускае войска?
  • Ці ў Расеі ёсць планы на Беларусь?
  • Хто такія сімікі? Іншы твар украінскага войска – у нашым рэпартажы з Данбасу

Стужка навінаў