Наталля Наважылава: Улада хоча выбіраць, вырашаць і думаць за нас


Пачынаючы з гэтага тыдня гандбольны клуб «Віцязь-Леон» трэнуецца ў фітнэс-цэнтры «Багіра» Наталлі Наважывалавай, дзе займаецца агульнаю фізічнай падрыхтоўкай.

З палітычных прычынаў «віцязяў» пазбавілі магчымасці трэнавацца і гуляць на матчах.

«Як толькі я даведалася пра сітуацыю, адразу ж адгукнулася на просьбу дапамагчы хлопцам», – сказала Наталля Наважывалава ў інтэрв’ю прэсавай службе клуба. «З многімі гандбалістамі мы што нядзелю бачымся на маршах. (…) Рада бачыць людзей, якія актыўна адстойваюць сваю пазіцыю. Я бачу, што іх свет не заканчваецца на «абы было што зʼесці» і «абы вайны не было»».

Спарцменка, майстарка спорту па мастацкай гімнастыцы выдатна ведае, наколькі рэгулярныя трэніроўкі важныя для цела і духу спартоўца. І як для ўсіх беларусаў цяпер важная салідарнасць. У сваім інтэрв’ю яна падкрэсліла, што Аляксандр Лукашэнка хоча кіраваць савецкімі метадамі.

«Кіраўніцтва краіны дагэтуль не можа выйсці з гэтай сістэмы, хоча выбіраць за нас, вырашаць за нас і думаць за нас. Але грамадства вырасла. (…) Выбары і ўсё, што адбылося пасля іх, сталі апошняй кропляй. Катаванні і здзекі – гэта ненармальна. Я гэта ўспрымала так, нібыта б’юць майго сына, забіваюць майго сына».

Наталля падзякавала гандбалістам за іхны ўчынак і зычыла найхутчэй знайсці гульнявы клуб.
1 кастрычніка на сумесным паседжанні спартова-тэхнічнай і галоўнай судзейскай камісіі Беларускай федэрацыі гандболу клуб адхілілі ад удзелу ў чэмпіянаце і кубку Беларусі. Гэта здарылася пасля таго, як на знак пратэсту супраць арыштаў, збіцця і ціску на мірных грамадзян, а таксама на знак салідарнасці з беспадстаўным затрыманнем баскетбалісткі Алены Леўчанкі клуб байкатаваў матч супраць гандбольнага клубу «Машэка».
30 верасня гандбольны клуб «Віцязь-Леон» байкатаваў матч на знак пратэсту рэпрэсіям у Беларусі. Фота са старонкі гандбалістаў у Фэйсбуку

Па дапамогу да беларусаў гандбалісты звярнуліся 3 кастрычніка праз сацыяльныя сеткі. Спартоўцам была патрэбная зала для трэнавання, пасля таго як дзяржава адпомсціла ім за грамадзянскую пазіцыю пазбаўленнем месца для трэнавання.

«Калі вы – уладальнік спартовай залы цi маеце знаёмых, якія могуць нам дапамагчы i гатовыя супрацоўнічаць з нашаю гандбольнай камандай, вялікая просьба адгукнуцца», – звярнулася каманда праз свой профіль на Фэйсбуку.

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў