Наталля Эйсмант аб інтэграцыі з Расеяй: Незалежнасць – святое


Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант пракаментавала «Нашай Ніве» інфармацыю аб магчымай праграме эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі.

Тэрміны «канфедэрацыя» і «федэрацыя», якія выкарыстоўваюцца ў артыкуле расейскай газеты «КоммерсантЪ», Наталля Эйсмант прапануе ацэньваць як пустыя журналісцкія штампы.

«У інтэграцыйнай рабоце, якая цяпер вядзецца, бакі сыходзяць з тых рэаліяў, якія маюць – гэта значыць з дасягнутага ўзроўню ўзаемадзеяння», – сказала Эйсмант.

Паводле яе, у аснове любых працэсаў ляжыць тэзіс аб незалежнасці Беларусі і Расеі.

«Гэта святое! Чырвоныя сцяжкі – гэта суверэнітэт і незалежнасць кожнай з краін. У інтэграцыйных працэсах мы ідзём на тыя крокі, якія эканамічна мэтазгодныя. Ніякіх сумесных органаў не ствараецца – да гэтага краіны не гатовыя», – дадала прэс-сакратарка.

Паводле Эйсмант, на ўзроўні беларускіх і расейскіх ведамстваў выдатна наладжаная праца сумесных калегій, Парламенцкага сходу, Саюзнага Саўміну, Вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы.

«Гэта тыя органы, праз якія, паводле дамоўленасцяў прэзідэнтаў, вырашаюцца і будуць вырашацца пытанні двухбаковых адносін, – дадала Эйсмант. – Што тычыцца пытання аб «укідзе» – праграма стане праграмай толькі тады, калі яе падпішуць прэзідэнты і яна будзе прынята на вышэйшым Дзяржсавеце ў снежні – зноў жа, калі бакі будуць да гэтага гатовыя. Пакуль праца працягваецца, аб усіх іншых падрабязнасцях мы прапануем звяртацца да тых, хто гэтую інфармацыю «зліў».

16 верасня «КоммерсантЪ» падаў, што азнаёміўся з праграмай інтэграцыі Беларусі і Расеі, якую 6 верасня прэм’ер-міністры дзвюх краін узгаднілі без публічнага раскрыцця яе зместу.

Паводле выдання, у дакуменце гаворыцца аб частковай эканамічнай інтэграцыі «на ўзроўні не меншым за Еўразвяз», а ў некаторых пытаннях – аналагічнай канфедэрацыям ці нават федэрацыямі. Фактычна гаворка ідзе пра паглынанне эканомікай Расеі эканомікі Беларусі на ўзроўні кіравання, адзначае выданне.

Эканаміст Яраслаў Раманчук заявіў «Белсату», што калі інфармацыя газеты праўдзівая, статус Беларусі не будзе адрознівацца ад суб’ектаў Расейскай Федэрацыі.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары