Насычаная субота. За медалі ў Пхёнгчангу пазмагаецца 11 беларусаў


Сёння на зімовых Алімпійскіх гульнях будзе адзін з самых плённых дзён для атлетаў – сярод спартоўцаў разгуляюць 9 камплектаў узнагародаў.

За медалі сёння пазмагаюцца беларускія біятланісткі Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна і Ірына Крыўко, якія выступяць у гонцы з масавага старту на 12,5 км з чатырма заходамі на стрэльбішча.

Канкурэнцыю прызнаным фаварытам у жаночай лыжнай эстафеце 4х5 км будуць складаць Настасся Кірылава, Юлія Ціханава, Паліна Сераносава і Валянціна Камінская, падае БелТА.

Гарналыжніца Марыя Шканава выступіць у заключным для сябе выглядзе спаборніцкай праграмы – супергіганце.

Беларускія фрыстайлісты – майстры лыжнай акрабатыкі алімпійскі чэмпіён Антон Кушнір, Максім Гусцік і Станіслаў Гладчанка выйдуць на старт кваліфікацыі з надзеяй увайсці ў лік 12 саіскальнікаў алімпійскіх узнагарод.

Медалі ў спаборніцтвах па фігурным катанні, лыжным слоўпстайле, шорт-трэку, скачках на лыжах з трампліна і скелетоне будуць разгуляныя без удзелу беларусаў.

Пакуль самы плённы дзень для нашай зборнай – пятніца. Учора фрыстайлістка Ганна Гуськова стала алімпійскай чэмпіёнкай, вывеўшы беларусаў на 14-е месца ў агульным медальным заліку.

ДД

Стужка навінаў