Суд Першамайскага раёну гораду Менску аштрафаваў грамадскіх актывістак Насту Дашкевіч і Вольга Нікалайчык за ўдзел у акцыі па абароне ахоўнай зоны Курапатаў у лютым 2017 года на 15 і 30 базавых велічынь адпаведна.
Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Наста Дашкевіч, муж якой Зміцер Дашкевіч зараз знаходзіцца ў СІЗА паводле абвінавачання ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», была аштрафавана завочна – на судзе яе не было.
Вольга Нікалайчык на судзе прысутнічала, сваю віну яна не прызнала. Хадатайніцтва актывісткі аб вядзенні працэсу на беларускай мове суддзя адхіліла.
У Першамайскім судзе сёння таксама павінен быў прайсці разгляд адміністрацыйных справаў актывістаў Рамана Пратасевіча і Леаніда Кулакова, але суды былі перанесены – на 14 і 21 красавіка адпаведна. Пратасевіча і Кулакова таксама вінавацяць ва ўдзеле ў абароне Курапатаў.
Раней сёння суддзя Заводскага раёну горада Менску Алена Някрасава завочна вынесла старшыні Партыі БНФ Аляксею Янукевічу спагнанне ў памеры 50 базавых велічыняў за ўдзел у акцыі па абароне Курапат.
ІІ, belsat.eu