Насця Рыбка не прыедзе ў Беларусь, і Лукашэнка не дапамагаў яе вызваляць (СТРЫМ)


Прэс-цэнтр «Нацыянальнай службы навінаў» арганізаваў сустрэчу з адвакатам бабруйчанкі Настассі Вашукевіч.

Сама Насця Рыбка не прыйшла на прэс-канферэнцыю.

Ейны адвакат Дзмітрый Зацарынскі сцвярджаў спачатку, што, магчыма, яна прыйдзе. Паводле Дзмітрыя Зацарынскага, Насця Рыбка – «проста дзяўчына, адпачывае, збіралася пайсці ў кіно».

«У тайскай турме яна спала на бетоннай падлозе 11 месяцаў, ела рыс, патрэбы спраўляла ў куце. Нейкія жахі адбываліся. Яна крыху разгубленая. Купіла пухавік і угі. Цяпер уваходзіць у нармальны рытм. Не ведаю, хто зможа яе зламаць».

Таксама Зацарынскі кажа, што здзівіўся інфармацыі пра тое, што прадстаўнікі беларускай дыпламатыі вызвалілі Рыбку.

«Іх не бачыў ні я, ні Настасся Вашукевіч. Яны да яе не звярталіся. Мы не абмяркоўвалі пытанняў ейнага выезду ў Беларусь. Яна не набывала квіткоў. Яна ў Маскве, у яе ёсць муж, яны разам. Бліжэйшымі днямі яна нікуды не паедзе. На гэтым тыдні яна напэўна будзе ў Расеі. Доўгіх планаў мы не будавалі. Крымінальная справа не спыненая. Следства працягваецца».

Дзмітрый Зацарынскі таксама дадаў, што яна не будзе балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі.

«Гэта фэйк. Настасся Вашукевіч – звычайны чалавек. Яна можа выкарыстоўвацца як інструмент у міждзяржаўных дачыненнях».


Інфармацыя аб прэс-канферэнцыі з’явілася ў «Instagramʼе» адваката беларускі Дзмітрыя Зацарынскага. Паводле яго, Рыбка распавядзе аб пагрозах на свой адрас і далейшую стратэгію абароны сваіх інтарэсаў.

Насту Вашукевіч і Аляксандра Кірылава, больш вядомых як Насця Рыбка і Алекс Леслі, затрымалі 18 студзеня ў лётнішчы «Шарамецьева». З 22 студзеня беларусы на свабодзе. Маскоўская паліцыя вызваліла іх пад падпіску з’яўлення пры неабходнасці.

Раней іх дэпартавалі з Тайланду, дзе Рыбка і Леслі правялі 11 месяцаў у турме па абвінавачанні ў арганізацыі нелегальных секс-трэнінгаў. У Расеі іх падазраюць ва ўцягванні ў прастытуцыю.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў