Настаўніцу, якая пікетавала пад расейскай амбасадай, аштрафавалі на Br 810


Яна выходзіла на адзіночны пікет, калі ў Менск прыязджаў прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін.

3 верасня выкладчыца ангельскай мовы Валянціна Голубева выйшла на адзіночны пікет да амбасады Расейскай Федэрацыі і была затрымана. Яе абвінавацілі ў парушэнні закона аб парадку правядзення пікетавання і далі штраф 30 базавых велічыняў (Br 810) На судзе яе прыйшлі падтрымаць знаёмыя і былыя вучні.

Валянціна Голубева каля амбасады РФ 3 верасня.
Фота: уласны архіў

«У той дзень я выйшла, каб здзейсніць сваё канстытуцыйнае права і выказаць асабістае меркаванне. 3 верасня расейскі прэмʼер Міхаіл Мішусцін павінен быў прыехаць у Менск. Гэта быў зручны час, каб паказаць, што мы не маем ніякіх антырасейскіх настрояў у краіне, як тады казалі ў СМІ. Мне хацелася папярэдзіць яго аб недапушчэнні ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі. Тады я выйшла з плакатам «Лепшая дапамога РФ – не падтрымліваць дыктатара» да будынку расейскай амбасады».

Праз некалькі хвілін да Валянціны выйшаў ахоўнік, прадставіўся, перапісаў дадзеныя і папрасіў адысці на 50 метраў далей, каб нічога не парушаць. Што яна і зрабіла. Але неўзабаве пасля гэтага прыехала машына без апазнавальных знакаў і жанчыну затрымалі.

Валянціна Голубева на судзе. Менск, 18 верасня.
Фота: Алена Доўнар / Belsat.eu

«Я выпрабавала вялізарны стрэс, калі да мяне падышло гэта бандфармаванне, ніхто не прадставіўся. Мяне сілай павялі ў машыну, дзе знаходзіўся міліцыянт, і толькі тады я зразумела, што гэта не выкраданне. Калі я прасіла сказаць, куды мяне вязуць, яны нічога не сказалі. Пачалі тэлефанаваць камусьці і пытацца: «Куды яе весці, куды яе весці, калі ты мне зараз не скажаш…» Было зразумела, што гэта не супрацоўнікі РУУС. Мне не далі звязацца з адвакатам, а адказвалі толькі лаянкай. Па прыездзе ў РУУС майго абаронцу не выклікалі, хоць яны ведалі, што ў мяне ёсць дамова, у іх былі кантактныя дадзеныя адваката і ён стаяў пад будынкам. Я лічу гэта грубым парушэннем правоў чалавека ў адміністрацыйным працэсе».

Валянціна Голубева на судзе. Менск, 18 верасня.
Фота: Алена Доўнар / Belsat.eu

Валянціна сцвярджае, што яе выхад на пікет быў змушаным, бо з усіх вышэйшых інстанцый, куды яна звярталася, давалі толькі адпіскі.

«Настрой у мяне добры. Вось я прыйшла з гэтай сумачкай, бо была рэальная магчымасць, што мяне адправяць на содні, але дзякуй Богу, на суткі мяне не адправілі. Аднак я ўсё роўна лічу, што вынесены прысуд не зʼяўляецца правамерным, мы будзем яго абскарджваць, мы будзем чакаць адказаў на скаргі аб незаконным затрыманні, якія я дагэтуль адпраўляла. Будзем спадзявацца, што праваахоўныя органы ўсё ж такі зоймуць сваю належную пазіцыю аховы законнасці. Зараз я зусім не адчуваю сябе ў бяспецы і буду працягваць патрабаваць аднаўлення законнасці ў нашай краіне», – сказала жанчына пасля судовага паседжання.

Валянціна Голубева на судзе. Менск, 18 верасня.
Фота: Алена Доўнар / Belsat.eu

Алена Доўнар Belsat.eu

Стужка навінаў