Настаўніца з беларускамоўнай гімназіі распавяла, як знікалі галасы за Ціханоўскую


Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Прадстаўніца выбарчай камісіі запісала відэазварот, у якім распавяла пра тое, як лічылі галасы на ейным участку.

Дар’я Мама выкладае хімію ў менскай гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання. На гэтых выбарах яна была сябрам участковай камісіі і не падпісала выніковы пратакол.

«Мы ўсе спадзяваліся, што выбары новага прэзідэнта, падлік галасоў пройдуць паводле Выбарчага кодэксу. Выявілася, што пайшло нешта не так», – сказала настаўніца ў адмысловым відэазвароце.

Паводле яе, пры падліку галасоў у асноўны дзень галасавання ў ейнай стопцы за Святлану Ціханоўскую было 382 галасы. Яшчэ 206 галасоў было ў ейнага калегі побач. Агулам за Ціханоўскую толькі ў дзвюх стосах было 588 галасоў.

«Калі ўсе бюлетэні былі сабраныя, падводзіўся агульны вынік, усёй камісіі і прысутным назіральнікам агучылі вынік паводле колькасці галасоў, каля 450 галасоў было аддадзена за Ціханоўскую. Што ніяк не сыходзіцца з лічбамі 382 + 206», – падкрэсліла Дар’я Мама.

Пра назіранне на гэтым участку напісаў у Facebook і Андрэй Адамовіч, сын якога вучыцца ў 23-й гімназіі.

«Я зайшоў на наступны дзень [пасля выбараў. – Рэд. Belsat.eu] прыкладна а 10-й гадзіне. Пратакола не было. Я пачаў сварыцца з вахцёркай. Выйшла жанчына. Аказалася Вандзяева Аксана Савельеўна (старшыня камісіі). Пагаўкаліся з ёй. Я патрабаваў вынікаў пратаколу, яна адмаўляла даць. Сказала, што не помніць. Удалося высветліць нібыта «прыблізныя лічбы». Каля 500 за Лу, «200-300 галасоў за Ціханоўскую». Тое, што ўночы было немагчыма падысці азнаёміцца з пратаколам – «вашыя праблемы» і выклікала на мяне міліцыю. Я зваліў. Назіральнікі кажуць, што пратаколу не было. Святло ў гімназіі было выключана. Прыехаў АМАП, разагнаў тых, хто чакаў пратаколу і камісіі эвакуявалі», – распавёў Адамовіч.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў