«Настаўніца прымушае нас даядаць». Як харчуюцца школьнікі ў Берасці?


Берасцейская школьніца на ўмовах ананімнасці распавяла belsat.eu, як кормяць у школьнай сталоўцы адной са школаў гораду. Дзяўчынка зрабіла фота, хоць настаўнікі і не дазвалялі гэтага.

Дзецям у малодшых класах, якія вучацца ў другую змену, даюць абед з разліку 1 рубель 20 капеек на вучня.

Раней у гэтай школе бацькі даплачвалі за харчаванне, але апошнія два гады кіраўніцтва навучальнай установы забараняла гэта рабіць. Дзеці мусілі задаволіцца сціплымі абедамі ад дзяржавы.

З дапамогаю вілэльца дзяўчынка дэманструе памер порцыі.

«Часцей за ўсё ў на абед у нас катлета, каша або бульба, радзей – макарона. Часта даюць запяканку або амлет. Садавіну ці гародніну даюць вельмі рэдка, у чыстым выглядзе іх амаль не бывае, хіба што іх можна знайсці ў кампоце. Прапаноўваюць квашаную капусту, але яна пахне кіслым, таму ў школе яе амаль ніхто не есць», – кажа дзяўчынка.

Да бульбы з катлетаю бывае яшчэ хлеб, але не гэтым разам.

Школьніца распавядае, што настаўніца ўгаворвае есці, нават калі ежа зусім не смакуе.

«Ежа часта бывае нясмачная і халодная. Калі даюць амлет ці запяканку, порцыі выглядаюць вельмі маленькімі, пад’есці імі немагчыма. Большасці майго класу такая ежа не падабаецца, таму дзеці не даядаюць нават гэтых невялікіх порцыяў. Калі мы хочам занесці ежу назад, настаўніца прымушае нас даядаць і кажа, што дзяржава марнуе на нас грошы, а мы гэтую ежу выкідаем», – працягвае вучаніца.

Традыцыйна школьны абед. Да запяканкі з тварагу дадалі «бутэрброд».

Паводле дзяўчынкі, не ўсё добра і са станам сталовых прыбораў.

Звычайна гэтак выглядаюць відэльцы ў сталовай.

«Выдаюць іржавыя і брудныя відэльцы, прапаноўваюць імі есці. Я стараюся замяніць іх на чыстыя, але іх знайсці вельмі складана. Мама хадзіла да школьнай медсястры з нагоды чысціні відэльцаў, але тая сказала, што не варта хвалявацца, відэльцы прапальваюць і мыюць. Маўляў, яны чыстыя – проста так выглядаюць. Яшчэ непрыемна, што ўсю ежу звальваюць у адну талерку, і ў выніку змешваецца гарачае з халодным, салодкае з салёным. Пры гэтым на пачатку года настаўнікі мне забаранялі фатаграфаваць ежу, але напрыканцы года яны разняволіліся, і мне ўдалося зрабіць некалькі здымкаў», – дзеліцца ўражаннямі школьніца.

Часам да абеду дадаюць салодкае. Праўда, мармелад кідаюць у адную талерку з гарошкам ды амлетам. Салодкае прапітваецца марынадам і становіцца салёным
А ці сталі б вы такое есці?

Так
Не
Бясплатна і воцат салодкі
Created with Survey Builder

Паводле афіцыйных крыніцаў, штогод на школьнае харчаванне з бюджэту выдаткоўваецца каля 130 мільёнаў рублёў. Ва ўстановах сярэдняй адукацыі харчаваннем забяспечваюць каля 1 мільёна навучэнцаў, прыкладна палова з іх харчуецца за кошт бюджэту.

Летась кантрольныя органы праверылі 18 юрыдычных асобаў і ўпраўленняў, якія арганізоўваюць харчаванне школьнікаў. У 14 з іх кантралёры выявілі парушэнні санітарных нормаў, а таксама няякасную прадукцыю. У некаторых школах дзецям не дакладалі мяса і хавалі яго, каб скрасці.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў