«Настаў час вучыцца чытаць роднае смецце». Цытаты з кнігі SloMo Максіма Жбанкова, якая яшчэ не выйшла


«Удыхні пыльнае паветра і пачынай спяваць!» – як паглядзець на беларускую культуру і рэчаіснасць з іншага боку, дзеліцца думкамі культуролаг, кінакрытык і журналіст Максім Жбанкоў.

На фестывалі «Прадмова» у Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні людна і гаманліва. Гарадзенцы разбіраюць беларускія кнігі, як піражкі. У цэнтры залы з перарывамі на балдзёжную музыку агучвае свой інтэлектуальны стэнд-ап Максім Жбанкоў. Сама атмасфера спрыяе размовам пра беларускую культуру. І тут выступоўца раіць звяртацца… да смецця.

Мы вырашылі не інтэрпрэтаваць словы аўтара, а даць чытачам магчымасць самастойна прачытаць некалькі ўрыўкаў з новай кнігі Максім Жбанкова «SloMo. Хатняя крытыка культурнага дызайну», якой пакуль яшчэ няма ў друку.

Фестываль «Прадмова» у Цэнтры гарадскога жыцця, Горадня

«Што такое белкульт і як з гэтым жыць»

Хопіць плакаць. Смешна стагнаць аб тым, што навокал суцэльны трэш і краіна жыве, не прыходзячы ў свядомасць, чытаць няма чаго, глядзець надакучыла. Такі погляд наіўнага спажыўца, вечнай ахвяры культуріндустрыі. Яму заўсёды ўсе павінны – ніхто ніколі не расплаціўся. Па вельмі простай прычыне: рэгулярны плач нікому ня важны, нікога не кранае і ніяк не цягне на камерцыйную прапанову.

***

Галоўная праблема – у працяглым рэжыме чакання. Мы не жывем, а ўсхвалявана рыхтуемся да чужога спектаклю. Чакаем новага Акудовіча, атрымліваем новага Марціновіча. І ўздыхаем «Эх, ня той!». Марым пра новага Вольскага, атрымліваем Макса Каржа. І чакаем далей. На гэтых – «сапраўдных».

Сэнс віртуальных ідэалаў у вечнай прэтэнзіі да рэальнасці. Штосьці не так з культурай! Вечна нешта не так з культурай! Але можа, на самой справе, нешта не так з нашым падыходам да культуры?

***

Катастрафічнасць перажывання роднага культурнага асяроддзя (і, адпаведна, вострая смага культурнай эміграцыі) лёгка здымаецца, калі зірнуць на сітуацыю інакш. Можна ўсё жыццё мучыцца, што жывеш на смеццевай звалцы. І фактычна самому ўпісацца ў шэраг смеццевых аб’ектаў. А можна скласці з адкідаў цыкл інсталяцыяў. Каб абазначыць як наяўны сыравінны рэсурс, так і асабісты да яго падыход.

Фестываль «Прадмова» у Цэнтры гарадскога жыцця, Горадня

***

Колькі можна марыць пра беларускіх Жыжэкаў? Куды больш патрэбны беларускі Уорхал. Майстар гульні на смеццевых баках культуры.

***

Іншымі словамі, грэбліва адмахваючыся ад роднай шызы, мы губляем адзіную магчымасць сябе зразумець. І атрымліваем квазібеларускі ліст у стылі «Партызан-фільму» Курэйчыка.

***

Ці трэба здзіўляцца, што ў так званых крэатыўных беларускіх суполках поўна ментальных масквічоў, варшавякаў, нямала ментальных берлінцаў. Але востра не хапае ментальных беларусаў. Я кажу не пра мову. Гаворка ідзе пра вектар культурнай прапіскі. Настаў час вучыцца чытаць роднае смецце.

Максім Жбанкоў выступае са стэнд-апам «Што такое Белкульт і як з гэтым жыць»

***

Тэрмін «смецце» у дадзеным кантэксце пазбаўлены негатыўнай афарбоўкі. Я толькі канстатую факт адчужанасці значнай часткі інтэлектуалаў ад культурных працэсаў, якія маюць месца ў краіне. Смецце – тое, што вычарпала сваю наяўную спажывецкую каштоўнасць. Але гэта не пазбаўляе яго культурнай значнасці. На мой погляд, нармальны спосаб жыць у белкульце – не змагацца з ім, а крэатыўна асвойваць. Пераўтвараць лакальныя анамаліі ў працоўны ракурс.

***

Што перашкаджае любіць роднае смецце? Комплекс троечніка. Шкалярская любоў да канонаў. Ладзячы выставу мясцовага поп-арту выстаўляем не фігуру Аляксандра Саладухі ў парадным мундзіры, а пазалочаны бюсцік Эндзі Уорхала. Не комікс па матывах «Бураціна», а выразкі з польскіх часопісаў. Не групавы здымак АМАПу ў бікіні з бліскаўкамі, а размаляваныя прынты дыснэеўскіх мульцікаў. Любім чужое. І гуляем, адпаведна, таксама з чужым.

Такі аўтар сапраўды памёр. Дакладней – яшчэ не нарадзіўся.

***

Як быць з мовай? Гэта не проста лінгвістыка. Гэта пэўны стан мыслення. Дагэтуль на ўсіх паверхах культуры працуе моўная інерцыя часоў культур-каланіялізму. З аднаго боку – руліць «великий и могучий», нібыта натуральная мова нібыта большасці тутэйшых. З другога – шчыруе адчайная партызанка на карысць беларушчыны ў яе радыкальным варыянце. Нармальнага арганічнага шматмоўя амаль не чутна. З большага пануе сарамлівая (ці агрэсіўная) расейскасць, альбо дэманстратыўная беларускасць. Мы не камунікуем. Мы змагаемся за мову.

***

Візіянеры скончыліся. Прарокі ў эміграцыі. Пакутнікі вісяць па галерэях. Разумнікі завісаюць у Фэйсбуку. Знамёны напракат. Ідэі навылет. Удыхні пыльнае паветра і пачынай спяваць.

На дадзены момант Максім Жбанкоў шукае сродкі на выданне кнігі. Падтрымаць выданне ў хуткім часе стане магчымым на адной з краўдфандынгавых платформаў.

Hавiны
«Ленін – гэта брокалі!» У Менску адкрыўся фестываль нефільтраванага кіно
2019.03.16 13:41

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

 

Стужка навінаў