«Настальгія па талакоўскіх часах». Як гамельчукі сёння захоўваюць традыцыю Змітраўкі


Праваслаўныя беларусы ў суботу правялі Змітраўку (Змітраўскую суботу). У гэты дзень або напярэдадні ў вёсках прынята было гатаваць вячэру, а таксама «клікаць да стала» памерлых продкаў і ўзгадваць іх.

Жыхары гарадоў ужо часткова страцілі гэтыя традыцыі, але некаторыя ўсё ж памятаюць пра яе. Гэтак у Гомлі сябры праваслаўнага братэрства і проста неабыякавыя людзі сабраліся ў Бацькоўскую суботу, каб добраўпарадкаваць Навабеліцкія могілкі. Яны прыходзяць сюды штогод, пачынаючы з 1991 года.

Актывісты прыбіраюць лісце на Навабеліцкіх могілках у Гомлі, 28 кастрычніка 2017

Грамадская актывістка Алена Ведзь распавядае:

«Беларусы – адна з нешматлікіх нацый, якія захоўваюць архаічную традыцыю шанавання продкаў. Іх прынята ўшаноўваць на Радуніцу і на Дзяды. Звычайна раней збіралася сям’я, накрывалася вячэра ад трох да дзевяці страваў, гаспадар дома пералічваў продкаў, якім пакідалі стравы на ноч, заклікаючы памерлых далучыцца да вячэры. Калісьці з «Талакой» у 90-я гады мы пачыналі традыцыю прыборак на Дзяды. І сёння, настальгуючы па былых талакоўскіх часах, я вырашыла далучыцца да гэтага добраўпарадкавання, бо мы мусім памятаць і шанаваць нашых блізкіх».

Пасля прыборкі – супольнае чытанне малітвы. 28 кастрычніка 2017

Падчас прыборкі сябры царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай Епархіі правялі таксама паніхіду, дзе прыгадалі рэпрэсаваных савецкай уладай манахаў і святароў. Напрыклад, на Навабеліцкіх могілках знайшлі свой апошні прытулак святары, якія працягвалі служыць у часы сталінскіх рэпрэсій.

29 кастрычніка ў актавай залі Абласной бібліятэкі імя Леніна ў Гомлі адбудзецца вечар памяці ахвяраў Вялікага тэрору, на якім можна будзе паслухаць жывыя гісторыі царкоўных і простых людзей, забітых на Гомельшчыне падчас сталінскіх рэпрэсій.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў