Сяргей Філімонаў Настальгія для пакалення MTV. Рэцэнзія на стужку «Геміні»

аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

Рэжысёр Энг Лі – не проста кітаец са свабоднай выспы Тайвань. Гэта ў літаральным сэнсе майстар на ўсе рукі. Ён паспяхова экранізаваў брытанскую класіку Джэйн Остэн «Розум і пачуцці», праславіў кітайскую экзотыку «Крочыць тыгр, хаваецца цмок» на ўвесь свет… Затым выступіў са скандальнай «Гарбатай гарой», якая вывела каханне мужчыны да мужчыны на ўсеагульны агляд. Так, ён не змог перадаць атмасферу легендарнага гіпі-фестывалю ў фільме «Ўудстак», але дзіўным чынам вярнуў сябе ў цэнтр увагі расповедам пра падарожжа хлопчыка скрозь акіян у «Жыцці Пі». Ужо толькі таму новая праца Энга Лі вартая зацікаўлення.

Адмоўныя водгукі, якія можна пачуць: «Які прымітыўны і тупы баявічок!», «Якія простыя дыялогі!», «Якая заезджаная гісторыя!», «Старыя фільмы Чака Норыса ці дзядулі экшн жанру Чарлі Бронсана болей змястоўныя і арыгінальныя!». Так скажуць знатакі карункавай рэжысуры і тонкіх акторскіх работ артхаўснага кіно. «Столькі грошай, бюджэт амаль у 140 млн $, выкінулі на вецер!».

…Не будзем забываць пра тое, што артхаўс – гэта не заўсёды сімвал якасці, лепш успомнім пра тое, што прастата таксама бывае прыкметай геніяльнасці. Вельмі круты агент Гэнры Броган (Ўіл Сміт) пры выхадзе на пенсію вымушаны змагацца не за яе памер, а за сваё жыццё. Падобныя сюжэты мы бачылі шмат разоў. Пафасныя рэплікі на тэму абавязковай перамогі дабра, шчаслівыя фіналы, светлыя прынцыповыя героі, якія змагаюцца і нават гінуць у барацьбе са злом, шматлікім нагналі аскому. Ды і падваенне асобы, хай, нават, на арыгінал і клон, таксама не сюрпрыз.

Энг Лі і Ўіл Сміт на прэм’еры. Фота Alex J. Berliner/ABImages

Клон і выглядае інакш, трохі штучна. Аўтары занадта захапіліся стварэннем лічбавай версіі Ўіла Сміта і здымкамі ў фармаце 120 кадраў у секунду. Можа, таму забыліся на ўсё астатняе? Нават антыгерой у выкананні Клайва Оўэна выглядае занадта манатонна і раздражнёна. Праўда, далёка не ўсё так дрэнна, як пішуць аматары заняткаў псіхааналізам. І нават зусім не дрэнна!

У выпадку з «Геміні» СТАНОЎЧЫ ВОДГУК мае права на існаванне! Не слухайце хэйтэраў! Новы фармат здымкаў дае гледачу адчуванне рэпартажнасці пагоняў, экшн сцэнак, адчуванне ўдзелу ў перастрэлках, сутычках або крушэнні. Часам ты бачыш сябе як бы ў эпіцэнтры выбуху! І гэта не пустая пахвала, а рэальнае адрозненне карцінкі на экране, ад усяго бачанага раней. Думаю, аматары «чыстага», ня замаруджанага спец-эфектамі відовішча, будуць задаволеныя. Праўда, каб ацаніць тэхнічныя перавагі фільма, спатрэбіцца пазбягаць кінатэатраў з не лепшым 3-D абсталяваннем або цьмяным праектарам!

Кадр з фільму

У ліку відавочных плюсаў «Геміні» – гэта ўдзел Мэры Элізабэт Ўінстед. Яна таксама спец агент. Робіцца як бы напарніцай героя Ўіла Сміта. Гэта не проста сімпатычная дзяўчына з наяўнасцю акторскага таленты і харызмы, яна валодае ўсходнімі адзінаборствамі. Ніякіх меладраматычных адступаў у фільме няма. Але гэта – рэдкі выпадак, калі пра адсутнасць меладрамы ў баевіку можна сказаць «на жаль»…

Ніхто не адмяняў справядлівасці старажытных словаў «Вока за вока!» або «Зуб за зуб». Можа быць, яны і павінны дамінаваць у нескладаных экшн-фільмах? Чаму прадукт першага ўзроўню асацыяцый абавязкова слабы? Або зараз няма моды на шчырыя пачуцці?

Я не ўпэўнены, што новая праца Энга Лі стане новым касавым блокбастарам. Яна занадта нагадвае баевікі часоў масавага захаплення музычным тэлеканалам MTV. Ці фільмы-журавіны, якія сцвярджалі быццам Расея ўдзельнічае ў забароненых эксперыментах.

Аднак, я не саромеюся паставіць фільму «Геміні» ацэнку 6 з 10.

За спецыфічны драйв, незвычайнасць здымкаў, і прастату маральных пасылаў.

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары