Наста Рыбка распавяла, каму перадала запіс перамоваў пра ўмяшанне ў выбары ЗША


Наста Рыбка. Фота - Інстаграм, nastya_rybka.ru

Працаўніца службы эскорт-паслугаў, грамадзянка Беларусі Анастасія Вашукевіч (Наста Рыбка) заявіла, што перадала расейскаму алігарху Алегу Дзерыпаску аўдыё і відэа размовы, на якой той нібыта абмяркоўваў умяшанне Расеі ў амерыканскія выбары.

Пра гэта яна распавяла карэспандэнту Associated Press на судзе ў Тайландзе.

Рыбка заявіла, што абяцала алігарху больш нічога не казаць па гэтай тэме і не публікаваць ніякія дадзеныя, за што Дзерыпаска паабяцаў жанчыне «сёе-тое». «Калі ён зробіць гэта, то тады не будзе праблемаў, але, калі не…», – дадала яна з усмешкай і паціснула плячыма.

Наста Рыбка пры гэтым не ўдакладніла, ці захаваліся ў яе копіі запісу размоваў.

Нагадаем, Наста Вашукевіч з Бабруйску стала шырока вядомай пасля таго як 8 лютага Аляксей Навальны апублікаваў расследаванне аб сувязях алігарха Алега Дзерыпаскі з віцэ-прэм’ерам Сяргеем Прыходзькам. Паводле Навальнага, яны адпачывалі на яхце алігарха ў Нарвегіі разам з супрацоўніцай «індустрыі эскортных паслуг» пад псеўданімам Насця Рыбка. Адпачынак цалкам аплочваў алігарх, што можна лічыць хабарам Сяргею Прыходзьку. На яхце алігарх і віцэ-прэм’ер у тым ліку абмяркоўвалі свае амерыканскія кантакты – пра гэта стала вядома з інстаграму бабруйчанкі.

26 лютага дзесяцёх замежнікаў (у тым ліку Насту Рыбку), якія праводзілі незаконныя секс-трэнінгі, затрымалі ў Пхат-тхае. Арганізатарам курсаў з’яўляецца Аляксандр Кірылаў з Віцебску (больш вядомы як Алекс Леслі). Іх абвінавацілі ў змове для здзяйснення злачынства і прадастаўленні паслугаў сексуальнага характару ў складзе злачыннай групы.

Пасля затрымання Наста Рыбка паспела выкласці у сваім Інстаграме запіс, дзе звярнулася да СМІ ЗША: яна паабяцала распавесці пра сувязі расейскіх дэпутатаў з кіраўніком перадвыбарчага штабу Трампа Полам Манафортам і самім Доналдам Трампам. «Я вельмі шмат ведаю. Калі вы знойдзеце мяне ў тайскай турме яшчэ жывою, то я з задавальненнем з вамі пагутару», – заявіла Рыбка.

ІІ, belsat.eu, паводле AP

Глядзі таксама
Каментары