Наскевіч: пры падрыхтоўцы салюту 3 ліпеня зарады абразалі і расейцы, і беларускія вайскоўцы


Старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч у праграме «Гутарка ў прэзідэнта» на «Беларусь-1» распавёў дэталі расследавання па справе аб выбуху падчас салюту на Дзень Незалежнасці, калі загінула жанчына і атрымалі траўмы 10 асобаў.

Паводле Наскевіча, зарады для салюту, набытыя ў расейскай кампаніі, не пасавалі пад марціры, таму прадстаўнікі пастаўшчыка, а таксама беларускія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы салюту, абрэзалі зарады і качалі іх па цвёрдай паверхні, пры тым, што маніпуляцыі з прафесійным піратэхнічным вырабам забароненыя.

Раней Наскевіч таксама адзначаў, што частка вырабаў былі пратэрмінаваныя

Следства дакладна высветліла, што самі зарады перад тым, як былі апушчаныя ў марціры, падвяргаліся механічнаму ўздзеянню, якое не прадугледжана тэхнічнай дакументацыяй, менавіта таму гэтыя дзеянні прывялі да выбуху.

Эксперты яшчэ працягваюць разбірацца ў прычыне здарэння, дадаў Наскевіч. Акрамя таго, будзе праведзены следчы эксперымент. Следчыя таксама высвятляць, чаму Мінабароны набывала прадукцыю менавіта расейскага пастаўшчыка – кампаніі «Пиро-Росс».

Абвінавачванне ў тым, што адбылося 3 ліпеня, цяпер выстаўлена двум грамадзянам Расеі – працаўнікам фірмы, яны знаходзяцца ў СІЗА. Яшчэ двое беларусаў фігуруюць як падазраваныя.

КА belsat.eu

Стужка навінаў