«Нашыя пытанні рэдагавала нейкая жанчына». У менскім каледжы сустрэліся з дэпутаткамі напярэдадні Дня Канстытуцыі


Навучэнцаў Менскага каледжу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кедышкі запрасілі на гутарку з дзвюма дэпутаткамі Менгарсавету, каб задаць ім пытанні і даведацца больш пра іхную працу. Як распавёў belsat.eu адзін з прысутных студэнтаў, перш як перадаць паперы з пытаннямі дэпутаткам, змест цэнзуравалі.

Сустрэча адбылася 7 сакавіка з ініцыятывы суполкі БРСМ пры каледжы і была прысвечаная 25-годдзю прыняцця Канстытуцыі Беларусі. Запрошаныя дэпутаткі – Аксана Бясько і Вольга Смірнова – меліся адказваць на пытанні студэнтаў не толькі наконт іхнай працы, а і распавесці пра «эканоміку і фінансы» Савецкага раёну. «Размова атрымалася сур’ёзнай і жывою», – напісана ў справаздачы на сайце каледжа.

Фота з сайту каледжа ptk-dpi.minsk.edu.by

Адзін з навучэнцаў паведаміў belsat.eu (называць свае імя ён не пажадаў), што на сустрэчу паклікалі, у асноўным, актывістаў БРСМ і тых, хто бярэ ўдзел у жыцці каледжу па-за заняткамі.

«Пакуль дэпутаткі пілі гарбату з цукеркамі, нам раздалі паперкі, каб напісаць пытанні. Перад тым, як перадаць іх, нейкая жанчына, якую я бачыў упершыню, рэдагавала нашыя пытанні. Некаторыя мяняла месцамі, а мае – наагул адхіліла. Бацькі мне казалі, што раней малады спецыяліст мог атрымаць цягам некалькіх гадоў уласную кватэру, а цяпер гэта скасавалі. Я хацеў пацікавіцца ў дэпутатак, якія жыллёвыя ільготы прадугледжаныя для маладых спецыялістаў і што можна ў гэтым плане палепшыць. Аднак пытанне забаранілі», – кажа малады чалавек.

Звязацца з кіраўніцтвам каледжу, каб даведацца, хто і на якіх падставах цэнзураваў пытанні студэнтаў, у нас пакуль не атрымалася.

Наш суразмоўца таксама дадаў, што за наведванне сустрэчы з дэпутаткамі студэнтам паабяцалі вольны дзень.

«Трэба было прыйсці туды – і ўвесь дзень больш не рабіць нічога».

Дарэчы, у БРСМ ён уступіў яшчэ ў школе: «Абяцалі нейкія зніжкі, але дзе і на што – не памятаю, ніколі імі не даводзілася карыстацца. дый рабіць асабліва нічога не прасілі ў БРСМ», – прыгадвае студэнт.

Што канкрэтна распавядалі пра Канстытуцыю дэпутаткі – яму прыгадаць складана. Імпрэза мала зацікавіла маладзёнаў – «нічога асаблівага», кажа хлопец.

«Дзяўчынкі пыталіся, якія ў дэпутатак хобі. Адна сказала, што чытае кніжкі, другая – любіць працаваць у агародзе».

Пасля гутаркі перад госцямі выступілі студэнты, якія займаюцца ў гуртку народнага танцу.

Хто гэтыя дэпутаткі?

44-гадовая Аксана Бясько прайшла ў Менскі гарадскі савет па выніках леташніх мясцовых выбараў. У 2016 годзе яна была кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, аднак не набрала неабходнай колькасці галасоў. Адначасова Бясько займае пасаду дырэктаркі Менскага фінансава-эканамічнага каледжа БДЭУ,з’яўляецца сябрам праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, якая мала чым адрозніваецца, напрыклад, ад «Белай Русі». Лозунгам перадвыбарчай праграмы Бясько былі словы «Інвестыцыі ў моладзь – інвестыцыі ў будучыню». Акрамя таго, яна абяцала паклапаціцца пра маладых спецыялістаў. Прыцягнення якіх інвестыцыяў ёй ужо ўдалося дамагчыся – невядома.

Аксана Бясько, фота “Минск-Новости”

Дэпутатка мае ўласную суполку «Укантакце», дзе справаздачыцца аб праведзеных мерапрыемствах: то яна інспектуе інтэрнаты, то ладзіць сустрэчу сваіх падначаленых з міністрам адукацыі Карпенкам, то наведвае разам з міліцыянтамі «сацыяльна небяспечные сем’і» або ўскладае кветкі да помніка Леніну разам з камуністамі. У лютым у інтэрв’ю агенцтву «Минск-Новости» на пытанне, якія наказы грамадзянаў (а іх падчас выбараў паступіла ажно 120!) у яе атрымалася выканаць, Бясько казала, што ўключыла ў праграму капітальнага рамонту некалькі адрасоў у Савецкім раёне і забяспечыла новыя лаўкі ля пад’езду аднаго з дамоў. «Астатнія наказы трымаю на кантролі», – сцвярджала яна.

Вольга Смірнова – дырэктарка Гімназіі №6, балатавалася па Мірашнічэнкаўскай акрузе, прычым перамагла на мясцовых выбарах ужо ў другі раз. Летась яна таксама стала намесніцай старшыні Менгарсавета. Як тады адзначалі ў сваім матэрыяле Naviny.by, з папярэдняга склікання ў новае перакачавалі цэлых 22 дэпутаты; апазіцыянераў або проста іншадумцаў прадказальна не прапусцілі. У гэтым сэнсе Менскі гарадскі савет атрымаўся абсалютна «стэрыльным». Смірнова менш актыўная, чым Бясько – справаздачы пра выкананую працу ў інтэрнэце цяжка знайсці.

***

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – асноўны закон, які мае найвышэйшую юрыдычную сілу і рэгулюе прынцыпы грамадскіх дачыненняў. Была прынятая Вярхоўным саветам 15 сакавіка 1994 года, аднак потым неаднаразова (у 1995, 1996 і 2004 гадах) змененая праз рэферэндумы, ініцыяваныя Лукашэнкам і прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і несправядлівымі. Нягледзячы на той факт, што, паводле артыкула 3 Канстытуцыі, адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў Беларусі з’яўляецца народ, Лукашэнка праз змены ў дакумент значна пашырыў свае паўнамоцтвы. Сярод іншага, ён атрымаў права абірацца на неабмежаваную колькасць тэрмінаў і рабіць ключавыя кадравыя прызначэнні ў міністэрствах, Генпракуратуры і судах.

КА belsat.eu

Стужка навінаў