«Нашым гран-пры стане пачатак рэформаў у арміі». Інтэрв'ю актывіста руху #учёбаважнее


Аляксей Лазараў, 21-гадовы інжынер-праграміст, зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу для вылучэння кандыдатам у дэпутаты ў 105-ай Старавіленскай акрузе Менску. Ён актывіст руху супраць скарачэння адтэрміновак ад войску і адзін з двух самых маладых удзельнікаў парламенцкай кампаніі. У інтэрв’ю Belsat.eu Аляксей распавёў, навошта ён бярэ ўдзел у выбарах, якія мэты ставіць #учёбаважнее і чаму моладзь нічога не ведае пра апазіцыю.

Аляксей Лазараў скончыў факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогіяў БДУ. Амаль тры гады працуе інжынерам-праграмістам у кампаніях Парку высокіх тэхналогіяў. Грамадска-палітычным жыццём у Беларусі зацікавіўся толькі сёлета, пасля прыняцця закону аб скарачэнні адтэрміновак ад войску.

«Больш карысна мець ракеты, чым хлопцаў з аўтаматамі»

– Гэты закон нічога добрага нашай краіне не нясе. Больш за тое, гэты закон непасрэдна ўдарыў па мне і па маім сябрам. Мы ж хацелі паступаць у магістратуру, але не атрымалася, бо выйшаў закон аб адтэрміноўках.

Аляксей Лазараў.
Фота: Belsat.eu

– Як ты далучыўся да руху?

– Убачыў пост у сацсетках і перайшоў у тэлеграм-канал protestby, дзе пачыналі збірацца незадаволеныя законам. Там не было кагосьці галоўнага, мы працавалі на прынцыпах дэцэнтралізацыі. Кожны рабіў нешта сваё. Хтосьці разлепліваў лістоўкі, хтосьці займаўся сацсеткамі, хтосьці выходзіў на пікеты. Вядома, што ў нас у Беларусі пікеты не бясплатныя. Каб пастаяць 30 хвілінаў з плакатам або сцяжком, трэба заплаціць 200 рублёў. Мы ўсім чатам скідваліся, аплочвалі пікеты.

Пікеты можна праводзіць толькі ў дазволеных месцах. Ну, напрыклад, у Кіеўскім скверы, дзе ніхто не ходзіць. А выглядала гэта так: выйшаў наш актывіст Антон з плакатам, вакол яго – журналісты ў радыусе 30 метраў, а мінакі нас проста абыходзяць міма. Усе маўчаць, ходзіць міліцыя ў цывільным і па форме, цябе здымаюць на камеру. Даволі страшна (усміхаецца). Вось мы і падумалі, што было б някепска выкарыстаць выбары ў Палату прадстаўнікоў для прасоўвання ідэяў нашага руху.

– Дык табе прапанавалі пайсці на выбары ад #учёбаважнее?

– Не зусім. Быў заклік: давайце рэгістравацца кандыдатамі. Я нікому нічога не казаў, проста зарэгістраваўся. А потым паведаміў пра гэта ў чаце. Агулам не менш за 6 чалавек зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы ад #учёбаважнее.

– Што перш за ўсё цябе матывуе на змаганне супраць закону аб скарачэнні адтэрміновак? Немагчымасць скончыць адукацыю? Або жупелам з’яўляецца сама армія, дзе жаўнеры гінуць праз дзедаўшчыну?

– Мяне ўсё гэта матывуе. Плюс закон аб адтэрміноўках наўпрост уплывае на будучыню краіны. Калі мы набіраем у армію магістрантаў, то яны не будуць прыносіць даходы ў бюджэт краіны ў выглядзе падаткаў. А менш грошаў – слабейшая армія, бо меней магчымасцяў набыць узбраенне. Да таго ж перспектыва службы ў сённяшнім нерэфармаваным войску падштурхоўвае моладзь эміграваць: людзі проста баяцца аддаць 1-1,5 гады жыцця невядома на што. Шмат хто з маіх знаёмых так і робіць: яны маглі б застацца ў Беларусі, але з’язджаюць, бо не хочуць ісці ў армію.

Ілюстратыўнае фота. Васілій Малчанаў / Belsat.eu

– Але ты ведаешь і рыторыку ўладаў. Людзей у войску не хапае, а геапалітычная сітуацыя няпростая. У суседняй краіне наагул ідзе вайна. Ты дапускаеш, што Беларусь можа стаць ахвярай вонкавай агрэсіі?

– Яшчэ год таму я б сказаў, што ў нас абсалютна спакойна. Але цяпер вось ідуць навіны пра інтэграцыю з Расеяй… Хто ведае да чаго гэта прывядзе! Але праблема ў тым, што для абароны нашага суверэнітэту не факт, што спатрэбіцца армія. Можа адбыцца так, што проста будуць падпісаныя нейкія дамовы і мы самі, нібыта добраахвотна, далучымся да суседняй краіны.

У любым выпадку, моцная армія – гэта не колькасць жаўнераў. Моцнай армію робіць моцная эканоміка. Больш карысна мець ракеты, чым хлопцаў з аўтаматамі.

Вось кажуць, што ў арміі займаюцца тым, што фарбуюць траву. Можа траву і не фарбуюць, але мае аднакласнікі па школе служылі і распавядаюць: калі першыя шэсць месяцаў ты сапраўды яшчэ авалодваеш вайсковай спецыяльнасцю, то потым проста халтурыш і плюеш у столь. Гэта бескарысна для краіны – лепш бы гэтыя людзі працавалі. Лепш бы яны адслужылі паўгода, атрымалі спецыяльнасць, а потым раз у некалькі гадоў ездзілі на зборы. У любым выпадку рашэнне будзе прымаць дзяржава. Але мы спадзяемся падштурхнуць да правільных думак.

Пра цяжкасці ўдзелу ў выбарах

– Як праходзіць твая выбарчая кампанія?

– Складана. У маёй ініцыятыўнай групе 10 чалавек – мае сябры і знаёмыя. Безумоўна, мы вельмі мала людзей набралі, паспяшаліся. Адчуваецца, што людзей не хапае.

Аляксей Лазараў (злева) падчас збору подпісаў. Фота прадстаўлена Аляксеем

– Дзе вы збіраеце подпісы? І ці прыходзілася сутыкацца з супрацьдзеяннем?

– Першы пікет мы правялі ля ўваходу ў інтэрнаце Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту. Сабралі за некалькі гадзінаў 30 подпісаў. А 16 верасня вырашылі абыходзіць блокі інтэрнату. Ісці наўпрост да студэнтаў прасцей: яны ведаюць пра праблему і спачуваюць. У МДЛУ, здаецца, больш дзяўчат, але і яны супраць гэтага закону: ім жа трэба будзе чакаць сваіх хлопцаў з арміі. Але нас у інтэрнат не пусцілі, хаця мы нічога не парушалі такім чынам. Стораж дазволіў толькі ў фае збіраць. Мы за пару гадзінаў сабралі 40 подпісаў – гэта някепскі вынік.

Але потым прыйшла загадчыца і сказала нам, што гэта незаконна. Спрабавала забраць паперы з подпісамі. Мы паказалі спіс забароненых месцаў і патлумачылі, што інтэрнату ў спісе няма, мы ўсе робім па законе. Але яна ўсё роўна папрасіла сысці, бо сказала, што ў яе могуць быць праблемы.

Наагул у нас у акрузе не шмат студэнцкіх інтэрнатаў. Таму мы вырашылі ў далейшым усё ж зрабіць стаўку на стацыянарныя пікеты.

– Колькі ўсяго подпісаў вы сабралі?

– Пакуль 80 подпісаў за два дня працы. Нават калі не атрымаецца сабраць тысячу [столькі подпісаў трэба для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты. – Belsat.eu], то мы пакажам людзям, што існуе такая праблема.

Hавiны
«Я – самая паслядоўная прыхільніца байкоту». Рэпартаж з пікету Ірыны Халіп
2019.09.10 09:35

«Цяпер моладзь сядзіць у сацсетках, на YouTube і пра партыі там нічога няма»

– Калі ты вырашыў вылучаць сваю кандыдатуру, ці не было думкі пайсці на выбары ад нейкай апазіцыйнай структуры? У іх ёсць і досвед, і людзі.

– Справа ў тым, што мы не лічым рух нейкай палітычнай апазіцыяй. У нас ёсць канкрэтны закон, супраць якога мы выступаем, і ўсё. Моладзь наагул мала цікавіцца палітыкай у Беларусі. Калі мы будзем стаяць пад сцягам нейкай партыі, да нас ніхто не падыдзе. А так мы кажам канкрэтна пра наш рух і гэта мне падаецца больш эфектыўным шляхам.

Цяпер моладзь сядзіць у сацсетках, на YouTube і пра партыі там нічога няма. Напрыклад, асабіста я сярод партыяў ведаю толькі АГП. Чаму #учёбаважнее хутка набірала паслядоўнікаў? Бо мы запускалі рэкламу ў сацсетках. Сацсеткі гэта вельмі круты механізм, бо ўлады не разумеюць гэтыя інструменты і таму прайграюць у стасунках з моладдзю.

Аляксей Лазараў.
Фота: Belsat.eu

– Які вынік сваёй грамадскай дзейнасці ты лічыў бы поспехам?

– Мэта руху – скасаваць закон або дамагчыся яго карэктавання. Але нашым гран-пры стане пачатак рэформаў у арміі. Мы не заклікаем да кантрактнага войску, мы разумеем што гэта цяжка. Мы проста хочам распачаць рэформы.

Дарэчы, пэўныя вынікі ў нас ужо ёсць. Сёлета тым, хто паступаў у магістратуру да 10 жніўня, далі адтэрміноўку. Мінабароны пачала выпускаць ролікі аб службе па кантракце, прычым рэклама зроблена якасна. Я спадзяюся што гэта ўсё ж рэакцыя на нашу працу.

– Ці плануеце вы праводзіць масавыя вулічныя акцыі супраць закону аб скарачэнні адтэрміновак?

– Ад самага пачатку мы разлічвалі, што праз гэтыя пікеты мы ў выніку выйдзем на мірны масавы санкцыянаваны мітынг. Думаю, гэта будзе мець рэзананс. Але калі не атрымаецца, мы ўсе роўна здавацца не збіраемся. Тым больш, што ў наступным годзе будуць прэзідэнцкія выбары і ў нас будзе яшчэ адзін шанец паказаць сябе.

Аляксей Лазараў.
Фота: Belsat.eu

– Цяпер гучаць заклікі рыхтаваць масавыя акцыі пратэсты ў абарону незалежнасці, паколькі існуе пагроза паглынання Беларусі Расеяй. Ці падтрымаеш ты такія акцыі?

– Натуральна. Я вельмі хачу, каб Беларусь засталася незалежнай. Якім бы не быў у нас урад, але мы надта доўга і складана змагаліся за незалежнасць, таму яе трэба абараняць.

– Як ставяцца да тваёй грамадскай дзейнасці сваякі?

– Бацькі падтрымліваюць маю грамадзянскую пазіцыю, але кажуць, што ў гэтай краіне нічога не змяніць, таму раяць эміграваць. Мне, як праграмісту, гэта дастаткова проста зрабіць. Але я не спяшаюся. Я лічу, што калі ў нас ёсць шанец нешта змяніць, то чаму б гэта не зрабіць? Мне пакуль 21 год. З’ехаць я яшчэ паспею.

Hавiны
«Гэта дзіўнавата». Як Марыя Васілевіч удзельнічае ў парламенцкай кампаніі
2019.09.12 10:30

Ігар Ільяш belsat.eu

 

Стужка навінаў