«Нашы пайшлі Польшчу вызваляць… ад палякаў»


Гісторыкі дзесяцігоддзямі спрачаюцца пра падзеі 1939 г. А што кажуць сведкі? Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук сабраў пад адною вокладкаю 106 размоваў з жыхарамі Заходняй Беларусі, якія памятаюць «першыя саветы» 1939–1941 гг.

«За першымі саветамі. Польска-беларускае памежжа 1939-1941 гг. Ва ўспамінах жыхароў Беларусі».
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

У Горадні прайшла прэзентацыя зборніка вусных успамінаў «За першымі саветамі. Польска-беларускае памежжа 1939-1941 гг. Ва ўспамінах жыхароў Беларусі». Рэцэнзент выдання, прафесар Алесь Краўцэвіч, назваў зборнік унікальнай крыніцай, якая патрабуе аналізу і крытычнага падыходу.

У кнізе няма ідэалогіі, аўтарскіх ацэнак, адно ўспаміны жывых людзей-сведкаў. Распавядае Алесь Смалянчук.

«Мужчына – гатовая «контра» для органаў»

Калі я толькі пачынаў займацца вуснай гісторыяй напрыканцы 1990-ых, то часта сутыкаўся са страхам. Людзі баяліся, калі разумелі, што не проста дзеляцца ўспамінамі, а іх запісваюць. Зараз гэтага практычна не бывае. Адмаўляюцца размаўляць вельмі рэдка. Цікава, што найчасцей адмоўчваюцца мужчыны. Жанчыны пачуваюцца неяк лягчэй і вальней. Тлумачэнне насамрэч вельмі простае: калі ў вёсцы некага забіралі, то найчасцей мужчыну. Мужчына – гэта гатовая ці патэнцыйная «контра» для органаў.

Алесь Краўцэвіч і Алесь Смалянчук.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

«Бацькі не дзяліліся з дзецьмі, але дзеці лавілі думкі»

Памяць – гэта не калі нешта паклалі ў сейф 80 год таму і зачынілі. Памяць – гэта працэс. Калі сутыкаемся з ацэнкай падзеяў, то гэта не толькі думка, скажам, Алены Новік, якой у 1939-ым было 12 год, але і ацэнка яе бацькоў, якіх ужо няма. Хай бацькі не дзяліліся з дзецьмі, але дзеці лавілі думкі і ўлічвалі. Гэта калектыўная памяць. Я далёкі ад думкі, што ў кнізе апісаная нейкая аб’ектыўная гістарычная праўда. У кнізе сабраная памяць пакалення.

Алесь Смалянчук.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

«Адшліфаваная памяць для школьнікаў»

Неяк я пайшоў запісваць размову з ветэранам. Ягоная памяць была адшліфаваная і сфармаваная для аповедаў школьнікам. Ведаеце, я спрабаваў яго збіваць, правакаваць, пераводзіць размову, але ў мяне нічога не атрымалася. Ён паўтараў толькі тое, што пераказваў школьнікам на сустрэчах дзясяткі год. З нашай кнігай усё па-іншаму. Няма дзяцей, якім трэба распавядаць пра перамогу. Нам цікавае жыццё чалавека.

Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

«Ты што, анямела, Маня? Я ж твой брат!»

Ёсць розніца ва ўспамінах тых, хто жыў пры самай польска-савецкай мяжы, і тых, хто жыў далей: у ваколіцах Наваградка ці Горадні. Тыя, хто жыў далей, спачатку цешыліся ў 1939-ым: «Нашы ідуць, свае, да лепшага нешта зменіцца!» У памежных вёсках ніякай радасці не было. Што такое тагачасная мяжа? Людзі косяць сена, напрыклад, а побач калючы дрот. Бачаць адно аднаго, спрабуюць перагаворвацца. З польскага боку нехта крычыць сваякам, а тыя не адказваюць: «Ты што, анямела, Маня? Я ж твой брат!» А тыя, у БССР, нават адказаць баяцца, бо арыштуюць за кантакт з польскімі шпіёнамі».

Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

«Польскія газеты пісалі пра ГУЛАГ, а людзі не верылі»

На тых, хто жыў далей ад мяжы, дзейнічала савецкая прапаганда. Польскія газеты пісалі пра ГУЛАГ, пра Сталіна, пра голад. А людзі не верылі: «Не можа быць Расея такая бедная! Сталін – вялікі чалавек!» Гэта зразумела, бо беларусы ў тагачаснай Польшчы не адчувалі сябе грамадзянамі першага гатунку. Ацверазенне прыйшло ў 1939-ым, калі пачалі паўставаць пытанні. Чаму забіваюць і не нясуць адказнасці? Чаму вывозяць? Чаму начальнікамі становяцца тыя, каго вёска не паважае і не шануе?.. Але было позна.

Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Год пачатку вайны – тэст на заходніка ці ўсходніка

Пытаюцца, чаму няма ўспамінаў з боку БССР. А таму, што па той бок людзі нічога не заўважалі і не адчувалі. Кажуць: «Былі ў нас вайскоўцы, а пасля пайшлі ўсе…» У нас нават такі тэст быў, каб даведацца, дзе чалавек нарадзіўся. Пытаемся: «Калі пачалася вайна?» Калі з Усходняй Беларусі чалавек, то скажа, што ў 1941-ым. Калі з Захаду – то ў 1939-ым. Сустрэлі пад Горадняй у Сапоцкіне дзядулю, а ён кажа: «У 41-ым пачалася!» Пытаемся, скуль ён. «З Магілёва!» Усё ясна… Гэта вельмі выразны падзел.

Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

«Нашы пайшлі Польшчу вызваляць… ад палякаў»

Аднойчы задалі пытанне ўсходніку пра падзеі 1939-га году, маўляў, што тады адбылося. Кажа: «Нашы пайшлі Польшчу вызваляць!» Пытаемся: ад каго? Той задумаўся і кажа: «Ад палякаў…» І сам смяецца.

Больш за 20 успамінаў у кнізе належаць этнічным палякам. Зразумела, ніякай радасці ў іх не было, што ідуць саветы. Разумелі, што руйнуецца дзяржава, свет, усё! Адзін дзядуля цікава сказаў: «Палякі нас 20 год паланізавалі, але нічога не атрымалася. Саветы нас паланізавалі за адзін месяц!» Да чаго гэта? Пры саветах людзі адчулі, што польская дзяржава была каштоўнасцю ды жылося там не так і дрэнна.

Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Якія саветы лепшыя?

Неяк запытаўся, якія Саветы лепшыя: першыя, што былі ў 1939-м, ці другія, у 44-м? Чалавек кажа: «Першыя». Чаму? Бо хутка адышлі…

Сёння гісторык можа працаваць у архіве, пісаць пра ўзʼяднанне з пункту гледжання сучаснай дзяржавы. А для звычайных людзей, што перажылі XX ст., дзяржава не ёсць звышкаштоўнасцю. Для іх галоўнае – чалавечае жыццё. Таму менавіта вусная гісторыя вельмі добра прачышчае мазгі.

Алесь Кіркевіч, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў