«Нашчадкі» Уга Чавэса прайгралі выбары ў Венесуэле


Упершыню за 17 гадоў кіруючая партыя таталітарнага рэжыму сацыялістаў саступіла дэмакратыі. Нікаляс Мадура прызнаў паражэнне.

Ягоная партыя атрымала 46 мандатаў, у той час як апазіцыйны Блок дэмакратычнага адзінства на чале з Энрыке Капрылесам здабыла 99 месцаў.

53-гадовага Нікаляса Мадура, які называе сябе «нашчадкам» Чавэса, крытыкуюць з усіх бакоў. Галоўная прычына ў глыбокім эканамічным крызісе. Чвэрць насельніцтва жыве за рысай галечы, сурʼёзна вырасла злачыннасць і колькасць самагубстваў, па якіх Венесуэла займае другое месца ў свеце пасля Гандурасу. Паводле аналітыкаў, інфляцыя сёлета дасягне мінімум 85%. Да таго ж Венесуэла моцна залежыць ад нафтагазавага экспарту. За два дні да выбараў кошт венесуэльскага чорнага золата ўпаў да самай нізкай адзнакі за апошнія сем гадоў.

Новы парламент пачне працу на пачатку наступнага года.

Мадура як і ягоны папярэднік цесна сябруе з Лукашэнкам. Венесуэльскі лідар быў у Беларусі з афіцыйным візітам у ліпені 2013 года. Кіраўнік нашай краіны лятаў у Венесуэлу на пахаванне Уга Чавэса два гады таму.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў